Еўропа ў агні: ці чакаць анамальнай спёкі ў Беларусі?


Стыхія бушуе ў Еўропе. Праз экстрэмальна высокія тэмпературы гараць лясы ў Грэцыі, Італіі, Іспаніі, Партугаліі ды Харватыі. Змагацца з агнём пажарнікам дапамагаюць валанцёры.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Мы спрабуем тушыць агонь вадою, экскаватарамі – усім, што ёсць пад рукою», – кажа жыхар Родасу Цамбікас.

Тысячы людзей пакінулі свае дамы.

«Маё жыццё спынілася. Мой рэстаран і ўсё ў ім згарэла. Акрамя таго, дом маёй мамы і мой дом у вёсцы», – кажа жыхар Родасу Дымітрыс Гаджыфотыс.

Турысты, што ўцякалі з ахопленых агнём паўднёваеўрапейскіх курортаў, з жахам успамінаюць сваю эвакуацыю:

«Людзі крычалі, плакалі, неслі немаўлятаў, малыя дзеці спрабавалі цягнуць свае чамаданы».

Напярэдадні навукоўцы з каманды «World Weather Attribution» апублікавалі даследаванне, паводле якога экстрэмальныя хвалі спёкі звязаныя са зменамі клімату, у першую чаргу пад уплывам дзейнасці чалавека.

«У мінулым, верагодна, гэтага не адбылося б ці адбывалася б раз на 50 гадоў. Але цяпер у выніку парніковых газаў і змены складу атмасферы, які ўплывае на глабальную тэмпературу паверхні, мы бачым інтэнсіўнасць гэтых падзеяў», – тлумачыць кліматолаг Каралеўскага метэаралагічнага інстытуту Нідэрландаў Ізідын Пінту.

Дзеці бавяцца ў фантане на вуліцы Пуліхава. Менск, Беларусь. 27 чэрвеня 2022 года.
Фота: Белсат

Але, на думку эколага-актывіста Сержука Герасімовіча, галоўная прычына анамальнай спёкі – так званы феномен Эль-Ніннё, абвешчаны сёлета. Гэта цёплае цячэнне, якое ўзнікае ў экватарыяльнай зоне Ціхага акіяну раз на два-сем гадоў.

«Вось гэтае Эль-Ніннё прывяло да таго, што паветраныя масы Азоўскага максімуму, фактычна паветраныя масы з Сахары, ідуць на поўнач. І таму ў нас +50 градусаў: у Іспаніі, Італіі, Грэцыі.Таму што няма ніякіх для іх перашкодаў», – адзначыў Сяржук Герасімовіч.

Беларускае лета таксама пачалося з анамальнай засухі, якой у краіне не было амаль 80 гадоў. Ліпень выдаўся ўжо больш дажджлівым, але і спякотным. І, мяркуе эксперт, беларусам трэба падрыхтавацца да тэмпературных рэкордаў:

«Таму што вось гэтыя паветраныя масы з поўдня даходзяць вельмі проста да Беларусі – праз Балканскую паўвыспу, праз Вугоршчыну. Але +50 думаю нам чакаць не трэба. Затое, на жаль, часцей будуць адбывацца смерчы, такія катаклізмы, і вогнішчы таксама думаю будуць».

А вось для поўдня Еўропы прагнозы Сусветнай метэаралагічнай арганізацыі несуцяшальныя. Паводле экспертаў, анамальная спёка ў рэгіёне Міжземнага мора захаваецца і ў жніўні.

Ірына Юр’ева, «Белсат»