Спякота ў свеце працягваецца


«Надвор’е ў рэспубліцы будзе вызначаць няўстойлівая прахалодная паветраная маса, што паступае з Заходняй Еўропы», – паведамляе «Белгідрамет». Небяспечных метэаралагічных зʼяваў у Беларусі заўтра не чакаецца, прагназуюцца дажджы, месцамі навальніцы. У Заходнюю ж Еўропу з поўдня ідзе хваля спякоты.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Цяперашні тэмпературны рэкорд у Еўропе зафіксавалі ўсяго два гады таму. На Сіцыліі было 48 градусаў цяпла. Сёлета гэты паказнік можа быць перавышаны праз зʼяву ў Сахары, якую метэаролагі назвалі цеплавым выбухам.

«Штогод мы назіраем перанос цёплага паветра ў паўднёвую частку Еўропы. Бывае дзве, тры, нават чатыры хвалі гарачыні цягам лета. Пераважна яны прыходзяць з Паўночнай Афрыкі, дзе змены клімату адыгрываюць і будуць надалей адыгрываць вялікую ролю ў колькасці гэтых хваляў, што мы адчуваем», – кажа метэаролаг з Грэцыі Яніс Каліянас.

Незвычайна гарачае надворʼе захоўваецца ў Грэцыі, Італіі, Іспаніі ды Партугаліі. Улады папярэджваюць грамадзянаў пра магчымыя пажары і збоі ў транспартавай ды энергетычнай інфраструктурах праз змены ў надворʼі.

«Вядома, мы занепакоеныя. Асабліва тут, у Мадрыдзе, дзе тэмпература вышэй за 40 градусаў. Ад гэтага найбольш пакутуюць асобы сталага веку».

«Куды дзявацца ад такой спякоты? Наступствы страшныя для нашай скуры, для нашага здароўя ў цэлым і для ўсяго астатняга», – кажуць жыхары Мадрыду.

Паводле прагнозаў, хваля цяпла будзе распаўсюджвацца ўсё далей на поўнач і ўсход, дасягнуўшы ў выніку Бельгіі, Нідэрландаў, Нямеччыны і Вялікай Брытаніі. Экстрэмальная гарачыня захоўваецца ў Паўночнай Амерыцы, у Кітаі ды Японіі. Надзвычайна высокія тэмпературы могуць захавацца і пад канец года. Паспрыяе гэтаму Эль Ніннё – натуральнае пацяпленне Атлантычнага акіяну, што адбываецца кожныя некалькі гадоў.

«Мы насамрэч толькі ў пачатку гэтага працэсу, таму Эль Ніннё яшчэ не так моцна паўплываў, як мы таго чакаем у другой палове года. Мы назіраем высокія тэмпературы ў паўночнай Атлантыцы, не зважаючы на тое, што зʼява Эль Ніннё яшчэ не пачалася», – кажа кіраўнік Сусветнай праграмы даследавання клімату Майкл Спэраў.

Узровень марскога лёду ў Антарктыцы сёлета рэкордна нізкі, а тэмпература вады ў акіяне беспрэцэдэнтна высокая. Мора ля Флорыды прагрэлася больш як на 32 градусы, адзначаюць адмыслоўцы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Падлеткі купаюцца ў фантане каля Палацу спорту. Менск, Беларусь. 19 жніўня 2022 года.
Фота: Белсат

«Каля 40 адсоткаў марской вады на планеце цяпер надзвычайна цёплая. Гэта вельмі сурʼёзна для жывых арганізмаў, што жывуць у акіяне. Да прыкладу, вакол Флорыды каралавыя рыфы вельмі ўразлівыя да такой спякоты. Калі вада застанецца гарачаю, каралы загінуць. І не толькі каралы, але і тыя віды, што ад іх залежаць, а гэта каля чвэрці марскіх відаў», – тлумачыць дырэктарка Кліматычнай камунікацыі Сьюзан Джой Гэсал.

На фоне экстрэмальнага надворʼя Злучаныя Штаты і Кітай аднавілі перамовы пра клімат. На гэтыя дзве краіны прыпадае каля 40 адсоткаў выкідаў ува ўсім свеце.

«Кітай і Злучаныя Штаты – дзве самыя магутныя эканомікі ў свеце. Мы таксама дзве найбуйнейшыя крыніцы парніковых газаў. Таму настойліва неабходна, каб дзве нашыя краіны абʼядналіся, працавалі і дэманстравалі астатняму свету, як мы можам супрацоўнічаць і тэрмінова развязваць гэтую праблему», – заявіў падчас сустрэчы ў Кітаі адмысловы пасланнік прэзідэнта ЗША наконт клімату Джон Керы.

Змены клімату, у тым ліку з антрапагенных прычынаў, відаць не толькі ў павелічэнні перыядаў моцнай спякоты, кажуць навукоўцы. Паказваюць на іх і іншыя экстрэмальныя ўмовы надворʼя: моцныя залевы, ураганы і тарнада, што робяцца ўсё больш частымі. Гэтак, непагадзь абрынулася на Паўднёвую Карэю, Індыю ды Кітай.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»