Бунт вагнэраўцаў: суседзі рыхтуюцца да кровапраліцця ў Беларусі


Чакаем не толькі замаху на Яўгенія Прыгожына, але і магчымых баявых дзеянняў. Бо крызіс і пагрозы міжнароднай бяспецы, звязаныя з бунтам і дэградацыяй расейскай дзяржаўнасці, яшчэ не скончыліся. Так нашыя далёкія і блізкія суседзі выказваюцца наконт пераезду Прыгожына ў Менск. Дзяржавы свету заклікаюць сваіх грамадзянаў тэрмінова пакінуць Беларусь і Расею. А краіны NATO дадаткова ўзмацняюць межы.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Крэмль дэманструе жывога Пуціна і жывога міністра абароны Шайгу – упершыню пасля пачатку бунту Прыгожына. Ды заклікае яднацца вакол Пуціна – вуснамі кіраўніка ўраду. Але вінаваты ў крызісе зноўку хтосьці іншы.

«Супраць нас скіраваная, як адзначыў прэзідэнт, практычна ўся вайсковая, эканамічная, інфармацыйная машына Захаду», – заявіў на паседжанні ўраду РФ Міхаіл Мішусцін.

А Захад рыхтуецца да таго, як расейскі крызіс працягнецца ў Беларусі. Кіраўнік польскага ўраду і міністр абароны адмыслова праінспектавалі войскі ў Беластоку.

«Як мы пабачылі, Лукашэнка з Пуціным могуць дзейнічаць вельмі дзіўна», – падкрэсліў прэм’ер-міністр Польшчы Матэўш Маравецкі, выступаючы перад жаўнерамі.

Узмацненне ўсходніх межаў – гэта супольная пазіцыя саюзнікаў, не толькі Польшчы.

«Падзеі гэтых выходных – гэта ўнутраная справа Расеі, але гэта яшчэ адна дэманстрацыя вялікай стратэгічнай памылкі Уладзіміра Пуціна – незаконнай анексіі Крыму і вайны супраць Украіны», – падсумаваў генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг.

Гэтую заяву Стольтэнбэрг зрабіў у Вільні, куды прыехаў на вучэнні па разгортванні натаўскай тактычнай групы да ўзроўню брыгады.

«Нямеччына гатовая размясціць у Літве баяздольную брыгаду на пастаяннай аснове», – заявіў у панядзелак у Вільні міністр абароны Нямеччыны Борыс Пісторыюс.

Брыгада – гэта да 5 тысячаў вайскоўцаў. NATO узмацняе свой усходні фланг у адказ на магчымае зʼяўленне ў Беларусі незаконнага ўзброенага фармавання пад кіраўніцтвам Яўгенія Прыгожына. Бо зусім хутка – саміт кіраўнікоў Альянсу ў Вільні, і літоўцы рыхтуюцца да магчымых правакацыяў.

«Дадатковым фактарам рызыкі можа стаць стварэнне групы Вагнэра ў Беларусі. Мы мусім зрабіць так, каб агрэсар нават не думаў перасекчы межы NATO і спраўдзіць эфектыўнасць пятага артыкулу Альянсу», – заявіў Гітанас Наўседа, прэзідэнт Літвы.

Яўген Прыгожын. Скрыншот з відэа: concordgroup_official / Telegram

Ваенны пераварот Прыгожына не ўдаўся, але ён змяніў увесь палітычны ландшафт у самой Расеі.

«Расейскія ваенныя няўдачы ва Украіне ўсё больш адгукаюцца ў самой Расеі ды пачынаюць ствараць там нестабільнасць, няўпэўненасць і раскол», – мяркуе Найджэл ГулдДэйвіз, былы амбасадар Вялікай Брытаніі ў Беларусі.

«Пачвара, якую Пуцін стварыў – “Вагнэр”, – цяпер кусае яго самога і дзейнічае супраць свайго стваральніка. Палітычная сістэма ў Расеі паказала сваю крохкасць, а вайсковая сіла трэснула», – падкрэсліў Жузэп Бурэль, кіраўнік замежнай дыпламатыі Еўразвязу.

Прэзідэнт Эдгар Рынкевіч заклікаў грамадзянаў і неграмадзянаў Латвіі пакінуць Беларусь і Расею, бо ў выпадку чаго эвакуяваць іх будзе цяжка. Ізраіль наўпрост забараніў сваім вайскоўцам наведваць Расею і Беларусь ажно да спецдазволу. Прычына – палітычная і ваенная нестабільнасць.

«Хачу звярнуцца да ўсіх аўстралійцаў, якія засталіся ў Расеі. Калі гэта бяспечна, то мы раім адтуль выехаць», – заклікала міністарка замежных справаў Аўстраліі Пэні Ўонг.

Хто цяпер у бяспецы, дык гэта прэзідэнт Экватарыяльнай Гвінеі. Паводле прэс-службы Лукашэнкі, Тэадора Абʼянг мусіў завітаць з візітам ажно на 2 дні, учора і сёння. Але візіт не адбыўся, а згадкі пра яго дзяржаўная прапаганда старанна выдаляе.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»