Лукашэнка наведаў вучэнні каля Ашмянаў


А цяпер цыркавы нумар. Шпіц і Лукашэнка. Было б смешна. Аднак ягоны візіт на літоўскую мяжу замяніўся ў пагрозы суседзям ды пошукі ворагаў. Але і гэта недакладна. Бо разам з грозьбамі Лукашэнка ўвесь час падкрэсліваў жаданне міру. Які шлях абярэ? Ды наколькі ягоная армія гатовая да баявых дзеянняў?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Лукашэнка – з візітам у вайскоўцаў каля Ашмянаў, дзе яму прадэманстравалі правяранне баявой гатовасці. І рашучасць даць адказ на любы выклік. Такі падыход Лукашэнка, вядома, ухваліў.

«Гэта проста новая палітыка рэжыму. Палітыка запалохвання беларусаў і мілітарызацыі краіны. Ён будзе кожны час, штораз паказваць, што Беларусь – на парозе вайны, што Беларусь можа заўтра як краіна ўступіць у вайну», – зазначае  старэйшы даследнік Фінскага інстытуту міжнародных стасункаў Рыгор Ніжнікаў.

Такую рыторыку і нагнятанне сітуацыі цалкам падтрымліваюць ягоныя камандуючыя. Гэтак, адказны за паўночна-заходні кірунак Аляксандр Навуменка заявіў, што ўсяго за 15 кіламетраў ад мяжы на палігоне Пабрадзе сканцэнтраваныя тры батальёны Нямеччыны і танкавы батальён ЗША. Такі прырост вайскоўцаў – у межах вучэнняў NATO.

Але з боку заходніх суседзяў правакацыі наўрад ці магчымыя. Адпаведнага адказу можна чакаць толькі ў выпадку эскалацыі ад беларускіх вайскоўцаў.

«Гэта адразу дэстабілізацыя ўнутры краіны, і яго ніхто не кінецца абараняць. Па-другое, гэта таксама для Расеі кепскія навіны, таму што ў іх няма проста столькі сілаў, каб адкрываць нейкі дадатковы фронт і перакідваць сілы на тэрыторыю Беларусі. У іх нават няма сілаў, каб на тэрыторыі краіны ўсё нармальна абараніць», – зазначае ваенны аналітык «Белсату» Зміцер Міцкевіч.

І як бы ні намагалася запэўніць Лукашэнку вайсковае камандаванне, што здолеюць стрымаць, як што, калектыўны Захад, беларуская армія саступае той жа Польшчы ў колькасці ў некалькі разоў.

Аляксандр Лукашэнка са шпіцам прымае даклады беларускіх генералаў аб боегатовасці беларускіх войскаў.
Фота: скрыншот з відэа / Пул первого

І не ўдасца скампенсаваць перавагаю перад краінамі Балтыі, дзе жаўнераў налічваецца да некалькіх дзясяткаў тысячаў. А як дадаць колькасць вайсковай тэхнікі, у тым ліку наземнай і паветранай, то і тут Беларусь прайграе.

Гэткія паказнікі можна патлумачыць і выдаткамі на войска. Нашая краіна сярод заходніх суседзяў мае самы малы бюджэт – 900 мільёнаў долараў.

У Латвіі і Эстоніі ён складае больш за мільярд. Літва выдаткоўвае больш за 2 мільярды. А Польшча – ажно 38 мільярдаў долараў.

«У краінаў Балтыі арміі прафесійныя. Абсталяванне там іншага ўзроўню, і гэта краіны NATO, якія ўсё ж такі маюць дзейнічаць супольна. І таму мы не можам казаць, што яны будуць неяк ізаляваныя ці выключаныя з агульнага кантэксту», – зазначае Зміцер Міцкевіч.

А вось Лукашэнку, падобна, бараніць няма каму, дый сам не гатовы да адкрытага канфлікту.

«Яго цікавіць статус-кво. І гэты статус-кво ён не будзе парушаць. А вось калі мы кажам пра заявы, то так. У прынцыпе ягонае бразганне зброяй, усе ягоныя напады рытарычныя на Польшчу ці Літву, ці NATO, ці Захад проста паўтараюць наратывы Масквы», – зазначае Рыгор Ніжнікаў.

І тым не менш правяранні працягваюцца. Гэтак, на Берасцейшчыне да прызыву рыхтуюцца больш як 1000 ваеннаабавязаных.

Аляксандр Дзегцяроў, «Белсат»