Лукашэнка звольніў Піневіча


Аляксандр Хаджаеў стаўся новым міністрам аховы здароўя. Перад ім стаяць высокія мэты.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Ведаю, што вы чалавек пазакланавы. Хаця ў Міністэрстве аховы здароўя ў нас і сямейныя дынастыі, і так званыя кланы, і іншае, чаго толькі не хапае. Гэтага быць не павінна. Я вельмі разлічваю, што вы скончыце з гэтым», – заявіў Лукашэнка.

Адметна, што змагацца з кланавасцю будзе прызначэнец, бацька якога раней працаваў першым намеснікам міністра аховы здароўя, а таксама ў адміністрацыі Лукашэнкі.

Сам Аляксандр Хаджаеў да сённяшняга прызначэння кіраваў РНПЦ псіхіятрыі. Згодна «Белым халатам», пасля ягонага прыходу ва ўстанову ў 2021 годзе больш як пяцьдзясят працаўнікоў зазналі пераслед з палітычных матываў:

«Увесь час кіраўніцтва РНПЦ псіхіятрыі – адное суцэльнае ігнараванне думак спецыялістаў, вар’яцкія фантазіі. За апошнія гады звольнілася мноства дасведчаных загадчыкаў аддзяленняў і дактароў. Нічога добрага на пасадзе міністра ад яго чакаць не трэба. Як “гнабіў” падначаленых, так і будзе гэта рабіць. Ні чалавечнасці, ні спачування, ні сумлення».

Аляксандр Хаджаеў і Аляксандр Лукашэнка.
Фота: president.gov.by

Што да ўжо былога міністра аховы здароўя, Дзмітрыя Піневіча, ён, выглядае, ідзе ў нікуды.

«З Дзмітрыем Леанідавічам Піневічам вызначыцеся. Калі ён хоча працаваць у сістэме аховы здароўя, я пярэчыць не буду. Калі не – у нас дастаткова вакансіяў», – запэўніў Лукашэнка.

Адная з галоўных задачаў Піневіча на пасадзе міністра палягала ў развіцці праграмы імпартазамяшчэння лекаў. Але, як аказалася, у Беларусі існуе дэфіцыт.

У прыватнасці, не стае лекаў ад раку, эпілепсіі, астэапарозу, хваробы Паркінсана, адмысловых перавязачных матэрыялаў, а таксама болеспатольных сродкаў (напрыклад, марфіну).

Прадстаўнік Беларусі на сесіі выканкаму Сусветнай арганізацыі здароўя паскардзіўся на канкрэтныя фармацэўтычныя кампаніі, што не пастаўляюць сваёй прадукцыі ў Беларусь.

«Нам невядома канкрэтна пра фірмы, якія пералічваліся ў скарзе міністэрства аховы здароўя, – разважае кіраўнік Беларускага расследавальніцкага цэнтру Станіслаў Івашкевіч. – Што можна сказаць з дакладнасцю, то санкцыі і магчымыя складанасці ў разліках не ідуць ні ў якае параўнанне з тым негатыўным эфектам, які на рынак лекаў аказваюць дзяржаўнае кумаўство, манапалізацыя і карупцыя».

Іншы аспект праблемы з нястачаю лекаў у Беларусі – высокія цэны. Згодна Белстату, летась лекі падаражэлі на трынаццаць адсоткаў. Гэта ўдвая больш за гадавую інфляцыю. Беларускі расследавальніцкі цэнтр звярнуў увагу, што некаторыя лекі ў Беларусі каштуюць даражэй, чым у Расеі або ва Украіне. Прычым нашая дзяржава купляе іх гуртом даражэй, чым яны прадаюцца ўраздроб у аптэках суседніх краінаў.

«Як правіла ў Беларусі вельмі цяжка зарэгістраваць новы лекавы прэпарат, і вельмі часта рэгіструюць не прадстаўніцтва вытворцы, не самога вытворцу, а нейкую пракладку, якая атрымлівае манаполію на той ці іншы прэпарат, – кажа Станіслаў Івашкевіч. – І потым дзяржава абараняе манаполію гэтай пракладкі».

Як паведамляе БРЦ, выгаду ад гэткага стану рэчаў маюць фірмы, наўпрост звязаныя з набліжанымі да Лукашэнкі бізнесоўцамі. Напрыклад, з Паўлам Тапузідзісам.

Ян Федаровіч, «Белсат»