У Беларусі знікаюць жыццёва важныя лекі


У беларускіх аптэках праблемы з некаторымі лекамі. Ужо месяц хворыя на рак малочнай залозы не могуць знайсці прэпарат, які перадухіляе рэцыдыў хваробы і істотна павялічвае шанцы на выздараўленне.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Пра анкалагічную хваробу вядомая журналістка Кацярына Пытлева даведалася летась. У той час яна ўжо пакінула Беларусь з прычыны пераследу і жыла ў Літве. І гэта, напэўна, было для яе лёсавызначальным.

«У мяне яшчэ працягваецца рэабілітацыя, але вось зараз я ў рэмісіі і лічу, што я здаровая і справілася з трэцяй стадыяй шмат у чым дзякуючы таму, што былі неабходныя медыкаменты і адмыслоўцы. На жаль, у Беларусі, наколькі мне вядома зараз гэтага няма», – кажа журналістка.

Хворыя на рак, якія цяпер у Беларусі, не маюць сталага доступу да неабходных лекаў. Таблетка пад назваю «Тамаксіфен-Эбеве» невялікая, але яна ратуе шмат жыццяў. Беларуская дзяржава абавязалася забяспечваць тых, хто мае патрэбу ў такіх леках, бясплатна, але апошнім часам іх немагчыма знайсці ў аптэках, нават калі захочаш купіць.

Мы дазваніліся ў некалькі беларускіх аптэк і большай частцы з іх «Тамаксіфен-Эбеве» альбо не было, альбо ён ужо быў адкладзены для іншага пакупніка. Калі чакаць наступных паступленняў, большасць аптэкараў не ведае.

«Тамаксіфен-Эбеве» прызначаюць для лячэння найбольш распаўсюджанага тыпу раку – малочнай залозы. Гэта прэпарат для гарманальнай тэрапіі – менш агрэсіўнай у параўнанні з хімічнай, і яго можна прымаць доўга.

Аптеки в Минске, аптека
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жанчына пакупае лекі ў аптэцы ў Менску, Беларусь. 24 лістапада 2021 года.
Фота: ПБ / Белсат

Як распавяла анколаг Надзея Пятроўская, якая працуе ў Чэхіі ў шпіталі Чэскага Крумлава, прэпарат эфектыўны і як залаты стандарт працуе лепш за ўсё.

Паводле доктаркі, эфектыўных заменнікаў «Тамаксіфену» няма. У жанчын, якія прымаюць гэты прэпарат, рэцыдыў наступае ўдвая радзей. А імавернасць памерці ад раку малочнай залозы цягам наступных 15 гадоў пасля пачатку прыёму прэпарату змяншаецца на траціну. Аднак вельмі важна прымаць «Тамаксіфен» без перапынку.

«Лячэнне прэпаратам тамаксіфен можа быць на працягу пяці-дзесяці гадоў. Безумоўна, калі лячэнне перарываецца па якіх-небудзь прычынах эфектыўнасць яго змяншаецца», – кажа Надзея Пятроўская.

Цягам кастрычніка адшукаць гэты прэпарат у беларускіх аптэках было практычна немагчыма. Толькі напярэдадні ўвечары ён нарэшце з’явіўся зноў. Але толькі ў 58 аптэках. А ў Беларусі іх больш чым 3500. Так што адзіная парада ад доктаркі – прасіць рэцэпты на большую колькасць лекаў і, калі ўдасца, купляць з запасам.

Дамініка Кунцэвіч, «Белсат»