Электаральныя цыклы Лукашэнкі працягваюцца


Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі пройдуць не пазней 20 ліпеня 2025-га года. Пра гэта паведаміў старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лукашэнкі на адмысловай сустрэчы з палітычнымі партыямі і грамадскімі аб’яднаннямі. Ігар Карпенка назваў прэзідэнцкія выбары «завяршэннем электаральнага цыклу» і даў партыйцам устаноўку, як ісці на Адзіны дзень галасавання, які адбудзецца праз тры месяцы.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Старшыня Цэнтрвыбаркаму Ігар Карпенка рыхтуецца да выбараў, амаль як камандуючы ўнутранымі войскамі Мікалай Карпянкоў. Сёння ў Нацыянальнай бібліятэцы былы першы сакратар Камуністычнай партыі Беларусі сабраў сваіх былых аднапартыйцаў і прадстаўнікоў іншых дазволеных партыяў і арганізацыяў, каб паведаміць ім: ЦВК разам з іншымі органамі дзяржавы працуе на забеспячэнне электаральнага суверэнітэту. І патлумачыў, што яны мусяць рабіць.

«Партыйная праграма мусіць быць адаптаваная і да рэальных умоваў жыццядзейнасці таго рэгіёну, калі мы кажам аб абранні дэпутатаў мясцовых саветаў», – заявіў старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лукашэнкі Ігар Карпенка.

А калі партыя ідзе ў Палату прадстаўнікоў, то мусіць адаптаваць сваё бачанне законапраектаў, падкрэсліў Карпенка. Чальцы дазволеных партыяў толькі абцасамі шчоўкнулі: будзе зроблена.

«Гэта дэманстрацыя адзінства і ўмацавання нашага адзінства», – адрапартаваў дзяржаўным СМІ старшыня партыі «Белая Русь» Алег Раманаў.

Адзіны дзень галасавання, дзе будуць выбіраць дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў, Савет Рэспублікі і мясцовыя саветы, а таксама ў так званы Ўсебеларускі народны сход пройдзе ў Беларусі 25-га лютага. Раней, за Лідзіяй Ярмошынай, рэжым прынамсі імітаваў дэмакратычныя працэсы, кажа Віталь Цыганкоў.

«Зараз няма ўжо нават імітацыі, улада не першы раз і вуснамі Лукашэнкі, і вуснамі чыноўнікаў кшталту Карпенкі гаворыць, што будзе ўсяляк умешвацца ў выбарчыя працэсы, усяляк яго забяспечваць, гарантаваць. Але гэта кажа, што яны неяк асцерагаюцца за вынікі гэтага працэсу», – мяркуе палітычны аглядальнік.

Легальнае палітычнае поле ў Беларусі больш не сцерпіць іншадумства – і гэта прызнаюць самі дзяржаўныя службоўцы.

«Адзначу, сёння на палітычным полі краіны функцыянуюць 4 партыі. У кожнай з іх свае праграмы, але адзіны курс скіраваны на падтрымку ўнутранай і замежнай палітыкі», – падкрэслівае вядоўца навінаў СТВ, дзе выйшаў рэпартаж пра Карпенку і партыйцаў.

Апазіцыйныя палітыкі згодныя, што ісці на выбары ў Палату прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі сэнсу няма – там усё схоплена. Але некаторыя маюць спадзевы на мясцовыя выбары.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Выбарчы ўчастак. Менск, Беларусь. 6 жніўня 2021 года.
Фота: Белсат

«Для многіх мясцовых актывістаў гэта хіба адзіная магчымасць публічнай дзейнасці і вырашэння або актуалізацыі сваіх мясцовых праблемаў. Што я бы не рэкамендаваў, дык гэта ўдзел у выбарчай кампаніі тым людзям, якія адкрыта ўдзельнічалі ў пратэстах, бо гэта будзе сапраўды дадатковая ўвага ўладаў», – казаў у праграме «Двубой» лідар Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі.

Больш распаўсюджаная іншая думка: лепш не ўдзельнічаць у імітацыі Адзінага дня галасавання.

«Гэта будзе Адзіны Дзень прызначэння дэпутатаў усіх узроўняў асабіста Лукашэнкам і ягонай сістэмай», – раней заяўляў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.

Старшыня ЦВК Ігар Карпенка падкрэсліў, што электаральны суверэнітэт, які ён будзе забяспечваць, акрэслены ў Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі. А там усё, што можна назваць зрывам ці дыскрэдытацыяй электаральнага працэсу, называюць унутранымі пагрозамі. Іншымі словамі, калі пабачыў і сказаў, што выбары сфальсіфікавалі, ты – пагроза нацыянальнай бяспецы.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»