Дзявяты кінафестываль «Bulbamovie» стартуе ў Варшаве


«Ёсць вялікі шанец, што гэта будзе сапраўды найбольшая кінападзея беларуская ў свеце», – гэтак дзявяты кінафестываль «Bulbamovie» акрэслівае ягоны стваральнік і арганізатар Януш Гаўрылюк. Традыцыйна за тры дні пакажуць некалькі дзясяткаў дакументальных ды ігравых фільмаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Адкрываецца імпрэза дакументальнаю стужкай Якуба Станкевіча «Развітанне».

«Гэта прадукцыя “Белсату”. Здаецца, адзін з апошніх фільмаў, які быў зроблены яшчэ ў Беларусі. Таму я, напрыклад, вельмі раю паглядзець гэты фільм кожнаму беларусу, таму што я думаю, што кожны ў ім адчуе кавалак сваёй гісторыі», – кажа Януш Гаўрылюк.

Яшчэ адна прэзентацыя «Белсату» на фестывалі – два эпізоды серыялу «Працэсы». Летась на «Bulbamovie» паказвалі эпізод «Ператрымка», дзе затрыманых пратэстоўцаў змясцілі ў службовай кватэры амапаўца, бо месцы для адбыцця пакарання ў турмах скончыліся.

«Шмат якія сітуацыі, што ў Беларусі дагэтуль адбываюцца, неадрэфлексаваныя, прынамсі не адрэфлексаваныя з розных бакоў. Мы спрабуем зрабіць такое ў абсурдысцкім рэчышчы, мне падаецца, гэта такая тэрапія для нас – асобаў, якія з’ехалі з Беларусі і не маюць магчымасці вярнуцца», – кажа Міхась Зуй, сцэнарыст і шоуранэр серыялу «Працэсы», а таксама сцэнарыст і актор фільму «Чын-чыны праляцелі зязюляй», які таксама пракажуць на фестывалі.

Пераможца леташняга фестывалю Юрый Сямашка прэзентуе сёлета новую стужку, з яе пачнецца першы блок агляду маладога беларускага кіно ў суботу.

«Мой топ-1 – гэта Юрый Сямашка і ягоны фільм “Кроў і караоке”. Яго папярэдні фільм “Смеццевая галава”, які перамог на “Bulbamovie”, мне вельмі спадабаўся. Яго папярэднія мультфільмы – проста маленькія шэдэўры, і, мне падаецца, гэта цудоўны рэжысёр масавы, якога я ўсім рэкамендую паглядзець», – кажа рэжысёр, шоуранэр серыялу «Працэсы» Андрэй Кашперскі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Дыскусія з удзелам Андрэя Кашперскага і Міхаіла Зуя пасля паказу фільму «Ператрымка» ў кінатэатры «Iluzjon» у рамках фестывалю беларускага кіно «Bulbamovie». Варшава, Польшча. 19 лістапада 2022 года.
Фота: Зоркастая / Белсат

Першы фестываль беларускіх фільмаў «Bulbamovie» прайшоў у Варшаве ў 2011-м. Калі на Менскім міжнародным кінафестывалі «Лістапад» з’явіўся нацыянальны конкурс, «Bulbamovie» абвесціў пра завяршэнне працы. Але ў 2021-м новым арганізатарам «Лістападу» зрабілася дзяржаўная кінастудыя «Беларусьфільм».

«Адным з першых рашэнняў было зняць беларускі конкурс з беларускага кінафестывалю. Таму калі я пачуў пра гэта ў навінах, падумаў, што трэба вяртацца з нашым фестывалем, які таксама ствараў гісторыю беларускага кіно», – кажа Януш Гаўрылюк.

Апроч паказу фільмаў, падчас фестывалю адбудуцца прэзентацыя Беларускай незалежнай кінаакадэміі, сустрэчы з творцамі, выступы музыкаў. Калі вы ў Варшаве, наведайце кінатэатр «Iluzjon» па адрасе вуліца Нарбута, 50А.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»