Чаго чакаць ад выбараў?


На месцы ў парламенце прэтэндуюць сілавікі, праўладныя актывісты і медыйныя асобы, датычныя да прапаганды, адзначаюць праваабаронцы. А рыхтуюцца да выбараў, што маюць адбыцца ў лютым, ва ўмовах небывалых рэпрэсіяў. Каго прапануюць беларусам у якасці народных абраннікаў? І хто будзе лічыць галасы? Навошта ўвогуле рэжым Лукашэнкі праводзіць выбары, вынікі якіх, імаверна, загадзя вядомыя?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

На дэпутацтва ў Палату прадстаўнікоў вылучаецца шэраг вядомых праўладных дзеячаў, паведамляе ініцыятыва «Праваабаронцы за свабодныя выбары». Напрыклад, кіраўнік Беларускага Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў (фігурант шэрагу скандалаў), дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Вадзім Гігін, палітычны аглядальнік Аляксандр Шпакоўскі. Усе пералічаныя асобы актыўна выступаюць у дзяржаўных медыях.

«Ідэальны дэпутат для лукашэнкаўцаў – гэта дэпутат з праверанай палітычнай лаяльнасцю. Той, хто ў складаны момант ужо паказаў сваю гатовасць быць лаяльным рэжыму. Адпаведна гэта складана паказаць невядомым людзям на маленькіх пасадах, то туды трапляюць ужо вядомыя сістэме людзі», – кажа Вадзім Мажэйка, рэдактар «Беларускага штогодніка».

Незалежнаму вылучэнцу – былому кіраўніку зліквідаванай партыі «Зялёныя» Дзмітрыю Кучуку – у рэгістрацыі кандыдатам на парламенцкіх выбарах адмовілі. Фармальная падстава – памылка друку ў пададзеных дакументах.

Не трапілі непраўладныя прадстаўнікі і ў выбарчыя камісіі, адзначаюць праваабаронцы. З лаяльных рэжыму структураў у правядзенні выбараў бяруць удзел БРСМ, «Белая Русь», Саюз жанчын, Аб’яднанне ветэранаў, Фонд міру і Федэрацыя прафсаюзаў. Доля палітычных партыяў, якія папярэдне прайшлі праз фільтр перарэгістрацыі, у складзе камісіяў нязначная. Прозвішчаў чальцоў не публікуюць. Маўляў, каб унікнуць цкавання і пагрозаў. Пра небяспеку падчас выбараў гавораць і лукашэнкаўскія спецслужбы. Улады, падобна, асцерагаюцца і апанентаў у краіне. Іх Лукашэнка згадваў, напрыклад, у сакавіку, каментуючы дыверсію ў Мачулішчах. І пагражаў вычысціць іх з грамадства.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: krupki.by

Улады баяцца паўтору пратэстаў 2020-га, мяркуе палітычны аглядальнік, аўтар праграмы «Двубой» Віталь Цыганкоў. Імпульсам для іх сталіся акурат выбары.

«Баяцца ўласнага ценю, з аднаго боку. З іншага – трошкі адпусці, дай нагоду людзям паверыць, што рэпрэсіі аслаблі і нешта можа змяніцца, – і людзі могуць ізноў выпрастацца, выйсці на пратэсты і гэтак далей», – мяркуе Віталь Цыганкоў.

Калі выбары ўспрымаюцца ўладамі як патэнцыйна небяспечная для іх сітуацыя, то чаму ад іх правядзення не адмаўляюцца?

«Яны хочуць, каб у іх было ўсё як у людзей. Каб ніхто ім не дакараў, што яны нібыта не слухаюць народу. Яны праводзяць выбары, рэферэндумы, яны робяць імітацыю дэмакратычных структураў, імітацыю ўдзелу свайго насельніцтва ў палітычных працэсах», – кажа Цыганкоў.

«Сутнасць сістэмы адная і тая ж. Тыя ж самыя ўзгодненыя спісы, тыя самыя фальсіфікацыі і татальныя падробкі. Гэта глабальна не зменіцца», – мяркуе Вадзім Мажэйка.

Ці варта браць удзел у выбарах у такіх умовах? У дэмакратычных сілаў адзінага адказу няма. Гэтак, Святлана Ціханоўская прапаноўвала байкот. А ініцыятыва «Сумленныя людзі» – прыйсці і прагаласаваць супраць усіх, каб рэжым не дамогся ад грамадзянаў пасіўнасці.

Валянцін Васіленка, «Белсат»