За мяжу Беларусі цяпер можна толькі з дазволам ад дзяржавы


Татальны кантроль. Не толькі за тымі, хто застаўся ў Беларусі, але і за тымі, хто з розных прычынаў вырашыў пакінуць радзіму. Савет Міністраў вызначыў, як можна будзе выехаць за мяжу, пасля таго як увесну ўвёў закон, што забараняў частцы грамадства пакідаць радзіму. Цяпер неабходна сабраць стос дакументаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Для чаго гэта робіцца? Таму што беларус хоча, магчыма, на доўгі час ці назаўсёды парваць свае афіцыйныя і адміністрацыйныя стасункі з дзяржавай. А дзяржава правярае, ці не застаўся ён ёй вінны што-небудзь. Падаткі ці службу ў войску. У дадзеным выпадку аднаму чалавеку нешта трэба ад дзяржавы, дзяржаве трэба ад грамадзяніна, і яны вырашаюць гэтае пытанне паміж сабой», – кажа юрыст НАУ Арцём Праскаловіч.

Для атрымання дазволу на выезд чалавек, які дасягнуў паўналецця, асабіста падае заяву і неабходныя дакументы ў аддзел грамадзянства і міграцыі. Пералік неабходных дакументаў складаецца з:

  • анкета;
  • пашпарт або ID-картка;
  • фатаграфія 40×50 мм;
  • пасведчанне аб нараджэнні;
  • пасведчанне аб шлюбе і нараджэнні дзіцяці ў выпадку, калі яны ёсць.

Далей на працягу трох дзён работнік Дэпартаменту грамадзянства і міграцыі накіроўвае запыты ў адпаведныя органы, якім даецца 20 дзён для вынясення рашэння. Адпаведныя ўстановы мусяць праверыць наступныя звесткі:

  • аб выкананні падатковых абавязацельстваў;
  • аб звестках кампенсацыі расходаў, выдаткаваных дзяржавай на ўтрыманне дзяцей;
  • аб выкананні аліментных абавязацельстваў;
  • аб спыненні дзейнасці індывідуальнага прадпрымальніка;
  • аб наяўнасці згоды вайсковага камісарыята, для грамадзянаў ва ўзросце да 27 гадоў.

Паводле віцэ-прэзідэнткі Даследчага цэнтру «GLOBSEC» Алены Кудзько, у той форме, у якой закон прыняты цяпер, ён не ўводзіць нейкай радыкальна новай сістэмы. Пастанова скіраваная на абмежаваную колькасць грамадзянаў, якія хочуць афіцыйна атрымаць статус нерэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Але пры гэтым цалкам верагодна, што гэты закон можа быць скіраваны найперш на кантроль людзей, якія патэнцыйна могуць быць вайскова абавязанымі. Пад пільнай жа ўвагай будуць дзяржслужбоўцы і тыя, хто мае доступ да дзяржаўнай таямніцы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларуская мяжа.
Фота: rgazeta.by

«Усе ж дзяржава баіцца, што, магчыма, наступіць сітуацыя, калі трэба будзе мабілізаваць людзей. І ў гэтым выпадку будуць лепшыя магчымасці іх адсочваць і іх знайсці. І ў прынцыпе гэтыя базы дадзеных спрашчаюць жыццё як і падатковых, так і ваенкаматаў. Але таксама і спецслужбаў, якім будзе прасцей ведаць, хто дзе ёсць і як каго трэба адсочваць», – кажа Алена Кудзько.

На завяршэнне працэдуры ў пашпарт павінны паставіць пазнаку аб афармленні выезду для пастаяннага пражывання. Або забарону на выезд за межы Беларусі. Аднак сам выезд за межы нашай краіны рэгламентуецца галоўным законам – Канстытуцыяй – і законам «Аб парадку выезду за мяжу». А там ужо ў першым артыкуле чорным па белым запісана: грамадзянін Рэспублікі Беларусь не можа быць пазбаўлены права на выезд з Рэспублікі Беларусь.

«Парушэнне Канстытуцыі мы ўжо назіралі больш ярка, калі ў сувязі з ковідам урад Беларусі забараніў выязджаць за мяжу нібыта ў мэтах нераспаўсюджавання. І пакінуў магчымасць гэта рабіць толькі ў асобных выпадках, толькі для вучобы, працы і там невялікім пераліку прычынаў», – кажа Арцём Праскаловіч.

У дадзеным жа выпадку, паводле Арцёма Праскаловіча, пастанова 798 Канстытуцыю не парушае. Гаворка ідзе менавіта пра тых людзей, якія ў будучыні хочуць адмовіцца ад грамадзянства Рэспублікі Беларусь і цяпер жадаюць скасаваць у нашай краіне рэгістрацыю. Больш за тое…

«Я не бачыла ў законе нейкую адказнасць за непадачу заяўкі на такі дазвол. То бок людзі могуць выехаць і цяпер і пражываць за мяжой пастаянна і без дазволу», – кажа Алена Кудзько.

Але калі грамадзяніну Беларусі неабходна адмовіцца ад рэгістрацыі, усе вышэйназваныя працэдуры давядзецца праходзіць у абавязковым парадку. У пастанове адзначаецца, што падраздзяленне грамадзянства і міграцыі павінна будзе паведамляць грамадзяніну аб прынятым рашэнні на працягу трох дзён пасля яго прыняцця.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»