Каму дазволяць праводзіць культурна-відовішчныя імпрэзы?


Ніякіх больш вечарын і канцэртаў. У Беларусі скончыўся тэрмін падачы дакументаў у рэестр арганізатараў масавых культурна-відовішчных мерапрыемстваў. Кампаніі ды прадпрымальнікі, якія не трапілі ў адноўлены спіс, працаваць не могуць.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Безумоўна, гэта спроба ўзяць пад татальны кантроль усю сферу арганізацыі масавых мерапрыемстваў. Гэта татальная зачыстка прамоўтэраў, якія хочуць захаваць сябе ў прафесіі, а значыць, маюць нейкую патэнцыйную пагрозу для ідэолагаў», – паведаміў кіраўнік Беларускай рады культуры Сяргей Будкін.

Месяц таму Савет Міністраў абавязаў арганізатараў масавых падзеяў прайсці перарэгістрацыю, падаўшы дакументы згодна з новымі патрабаваннямі. Сярод іх: досвед працы на рынку забаваў не меншы за тры гады, а таксама выпіска аб правапарушэннях кіраўніка кампаніі або ІП. І такія крытэры – невыпадковасць. Такім чынам, мяркуе Сяргей Будкін, улады намагаюцца выключыць непажаданых для іх арганізатараў.

«Гэта стала справай дзяржаўнай важнасці. Таму што зроблена праца над памылкамі. Зразумела, што гэта крэатыўная сфера івентараў, прамоўтараў, арганізатараў была даволі актыўнай падчас пратэстаў 2020-га», – дадаў Сяргей Будкін.

Агульны пералік арганізатараў у спісе складаецца з сямісот трыццаці сямі пунктаў. Аднак з улікам «выключаных», імпрэзы цяпер могуць арганізоўваць каля шасцісот шасцідзесяці прадпрымальнікаў і кампаніяў. Сярод іх – фронтмэн гурта «Дразды» Віталь Карпанаў, спявак Аляксандр Саладуха, бізнесовец Аляксандр Машэнскі ды Віктар Лукашэнка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Канцэрт «Я, мы помним!». 5 траўня 2023 года, Жодзіна.
Фота: belta.by

«Нармальных арганізатараў не засталося, а тыя, хто ёсць, не могуць рабіць нічога праз жорсткія крытэры адбору», – заявіў культурніцкі менеджар, DJ Papa Bo Selektah Аляксандр Багданаў.

Раней права арганізоўваць мерапрыемствы планавалі забраць у індывідуальных прадпрымальнікаў, якіх у рэестры – каля трох соцень. Пакуль такую норму не прынялі.

«Гэты рэестр робіць немагчымым развіццё незалежнай сцэны, канцэртаў, артыстаў, працу арганізатараў і індывідуальных прадпрымальнікаў», – дадаў Аляксандр Багданаў.

Афішы ж сталічных канцэртаў выглядаюць цяпер так: сімфанічныя «кавэры» сусветных гітоў, расейскія поп- і шансон-выканаўцы, малавядомыя мясцовыя музыкі.

Андрэй Сульжыц, «Белсат»