Дзень дзяржаўнага сцяга адсвяткавалі ва Украіне


Урачыстае ўзняцце сцяга і хвіліна маўчання. Гэтак ва ўкраінскай сталіцы прайшла галоўная імпрэза да Дня дзяржаўнага сцяга. Удзел у ёй узяў прэзідэнт Уладзімір Зяленскі, паабяцаўшы ўзняць нацыянальны сцяг Украіны на акупаваных Расеяй украінскіх тэрыторыях.

«Жоўта-блакітны сцяг Украіны зноў будзе лунаць там, дзе ён павінен быць паводле права – ува ўсіх часова акупаваных гарадах і сёлах Украіны. Будзе лунаць назаўжды. У Мэлітопалі над плошчай Перамогі, дзе не можа быць сцяга тых, хто зазнае паразу ў гэтай вайне. У Херсоне на плошчы Свабоды – там не можа быць сцяга тых, хто не ведае, што такое свабода. Там будзе жоўта-блакітны», – заявіў Зяленскі.

Сімвалы жоўта-блакітнага колеру ў гісторыі Украіны налічваюць стагоддзі. А дата 23 жніўня звязаная з 1991 годам, калі пасля паражэння путчыстаў у Маскве група народных дэпутатаў унесла жоўта-блакітны сцяг у будынак Вярхоўнай Рады. 24 жніўня Украіна абвесціла аб сваёй незалежнасці ад Савецкага Саюзу.

«Я памятаю такія часы, калі пра Дзень украінскага сцяга ніхто не ведаў. Хаця ён за дзень да Дня Незалежнасці. Яго не тое, каб асабліва не святкавалі, проста не былі паінфармаваныя пра ўведзенае свята. На сённяшні дзень мы ва ўмовах вайны і ўся сімволіка, уся нашая незалежнасць і тое, як мы за яе змагаемся, атрымлівае вялізны адсотак падтрымання», – успамінае дырэктар украінскай сацыялагічнай групы «Рэйтынг» Аляксей Антыповіч.

Да 2004 года Дзень дзяржаўнага сцяга Украіны святкаваўся толькі ў Кіеве. А напрыканцы тэрміну прэзідэнцтва Леаніда Кучмы свята пачалі адзначаць ува ўсёй краіне. Так было і сёння.

Расея «павіншавала» Украіну новымі абстрэламі і ўдарамі. Раніца для ўкраінцаў пачалася ўжо традыцыйна з сігналаў паветранай трывогі. У сваю чаргу амерыканская выведка папярэдзіла, што расейцы бліжэйшымі днямі рыхтуюць магутны ракетны ўдар па дзяржаўных і цывільных аб’ектах ва Украіне, і заклікала сваіх грамадзянаў неадкладна пакінуць краіну.

Украінцы ж напоўненыя надзеяй і верай у перамогу. Здымачная група «Белсату» пераканалася ў гэтым на вуліцах Адэсы. Мы спыталі гараджанаў, што для іх значыць сённяшняе свята:

«Украінскі сцяг для мяне самы прыгожы і ён нам самы бліжэйшы. Бо Украіна для нас – самая блізкая радзіма».

«Мы з Херсону і там усюды расейскія сцягі і гэта проста жах. Таму мы вельмі рады, калі бачым тут нашыя сцягі, сцягі УПА, сцягі Украіны. Мы вельмі гэтаму рады. Для нас гэта як мёд на душу».

Краіны свету віншуюць сёння Украіну, упрыгожваючы ў колеры яе сцяга свае гарадскія славутасці. У Берліне – гэта Брандэнбурґская брама, у Лос-Анджэлесе – будынак мэрыі, у Таронта – Сі-Эн Таўэр, у Парыжы – Эйфэлева вежа… Спіс вельмі вялікі. Аднак Беларусі ў ім няма.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»