Нікол Пашыньян: Азербайджан рыхтуе напад на Арменію


Азербайджан рыхтуе напад на Арменію! Пра гэта заявіў прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашыньян у эксклюзіўным інтэрвʼю тэлеканалу «France 24». Гэтую заяву ён зрабіў праз некалькі дзён пасля сустрэчы ў Нямеччыне з прэзідэнтам Азербайджану Ільхамам Аліевым. Тады Пашыньян называў сустрэчу «канструктыўнаю».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«У адрозненне ад Арменіі Азербайджан адмаўляецца прызнаваць межы 91-га года. Азербайджан, такім чынам, рыхтуе сілавыя дзеянні. Адмаўляецца ад заключэння мірнай дамовы менавіта на гэтай аснове. Па-другое, называе Арменію “заходнім Азербайджанам”, Ерэван называе “старажытным Азербайджанскім горадам” і гэтак далей», – кажа палітычны аглядальнік Рубэн Мэграбʼян.

Разам з гэтым Пашыньян патлумачыў, чаму прыпыніў свой удзел у вайсковым блоку АДКБ:

«Рэакцыя АДКБ, дзе дамінуе Масква, не адпавядала рэальнасці ў адносінах да Арменіі, у прыватнасці ў 2021-2022 гадах, і відавочна, гэта не магло застацца не заўважаным з боку Арменіі. Сёння на практыцы мы фактычна замарозілі наш удзел у гэтай арганізацыі. Што будзе заўтра – пабачым».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашыньян. Ерэван, Арменія. 27 траўня 2021 года.
Фота: primeminister.am

Раней у інтэрвʼю газеце «The Daily Telegraph» Пашыньян дапусціў, што Арменія «можа пераасэнсаваць» сваё сяброўства ў АДКБ. У 2023 годзе краіна двойчы праігнаравала вучэнні блоку і Менскі саміт у лістападзе.

«Гэта цалкам лагічны крок. Толькі тут пытанне ў тым, ці трэба было гэта настолькі адкрыта дэклараваць. Таму што можна было насамрэч гэта ўсё рабіць, не робячы нейкіх гучных заяваў. Ну, вось не прымаем удзелу ў мерапрыемствах. Ну, не атрымліваецца ў нас. Там нідзе не напісана, што хтосьці абавязаны штосьці рабіць на сто адсоткаў», – кажа журналіст «Белсату» Зміцер Міцкевіч.

Але ці можа Арменія наўпрост выйсці з гэтай арганізацыі?

«Гэта працэс з некалькіх этапаў. А не ў адзін момант. Гэта значыць гэта не так што ў 9 гадзін заўтра раніцай мы ўсё прырываем, абрываем і ўсё такое. Але мы ідзем да гэтага, бо не можам не ісці. Таму што тут стаіць пытанне існавання Арменіі», – тлумачыць Рубэн Мэграбʼян.

Інтэрвʼю Пашыньяна на «France 24» выйшла акурат у той момант, калі ў Ерэван прыляцеў з візітам міністр абароны Францыі Сэбаст’ен Лекарню.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»