Адбылася кібератака на інтэрнэт-старонкі беларускіх незалежных праектаў


Пасля начной кібератакі на сайт фонду «BYSOL» сілавікі заявілі, што нібыта атрымалі базу звестак донараў. Кіраўнік фонду Андрэй Стрыжак цалкам зняпраўджвае гэтую інфармацыю і запэўнівае, што іхная сістэма бяспекі спраўна працуе. Хто і навошта зладзіў найбольш моцную кібератаку адразу на некалькі буйных інтэрнэт-рэсурсаў дэмакратычнай супольнасці?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Сайт фонду «BYSOL» уначы перажыў самую моцную кібератаку. Са словаў стваральніка праекту Андрэя Стрыжака, яна праводзілася на высокім тэхнічным узроўні і новымі метадамі, але была паспяхова адбітая. У той час праўладныя рэсурсы апублікавалі здымкі з нібыта звесткамі донараў фонду «BYSOL».

«Тая злепленая на каленцы эксэль-таблічка, скрын якой прад’яўляюць сілавікі, – гэтае поўнае трызненне і фантазія, якая ніякага дачынення да рэальнасці не мае. Бо нашая сістэма выглядае зусім па-іншаму, і табліцы гэтыя выглядаюць па-іншаму, і базы выглядаюць па-іншаму. Безумоўна, улады такім чынам спрабуюць запужаць нашых данатараў», – тлумачыць кіраўнік фонду «BYSOL» Андрэй Стрыжак.

Фонд «BYSOL» дапамагае рэпрэсаваным і пацярпелым ад рэжыму Лукашэнкі беларусам. Перадусім грашыма. Збірае сродкі фонд у тым ліку праз свой сайт. І гэткая атака магла нанесці толькі адную шкоду – рэпутацыйную, кажа Андрэй Стрыжак:

«Тыя даныя, якія донары пакідаюць у сістэме “BYSOL”, застаюцца ў бяспецы. Адзінае, што я кожны раз паўтараю і зараз паўтару, што для данату праз “BYSOL” не трэба выкарыстоўваць беларускіх і расейскіх картаў ды іншых плацежных механізмаў, вось якраз такія данаты пад пагрозай, бо банкі выдаюць гэтую інфармацыю следчым ды іншым сілавым структурам».

Акрамя «BYSOL», атаку зазналі «Інстаграм»-акаўнты абранай прэзідэнткі Святланы Ціханоўскай і праекту для падтрымання зняволеных беларусак «Палітвязынка». Абодва акаўнты часова закрытыя. Атакі ў «Інстаграме» адбываліся паводле аднолькавага прынцыпу:

«Была скарга, нібыта там ёсць нейкая абнажонка, хаця гэта былі відэа пра тое, як выглядае бялізна палітвязынкі, а другое – пра тое, што жанчыны ў калоніі зімой вельмі пакутуюць праз тое, што ім даводзіцца прыбіраць снег з 5:30 раніцы», – тлумачыць стваральніцы ініцыятывы «Палітвязынка» Яўгенія Доўгая.

«Інстаграм»-акаўнт «Палітвязынка» атрымаў каля двухсот скаргаў літаральна за пару хвілінаў. Стваральніца праекту Яўгенія Доўгая была вымушаная адразу ж пісаць апеляцыі на іх, каб пазбегчы блакавання. Таксама дзяўчына папрасіла неабыякавых беларусаў супрацьдзеяць кібератацы, падтрымаўшы «Палітвязынку» падпіскаю.

«Гэта ўсё ідзе з мэтай напужаць у тым ліку, бо выбары будуць у Расеі, у Беларусі. І гэта ідзе з мэтай прыціснуць. Я проста бачу, што адбываецца ўсё, каб надламаць у першую чаргу людзей», – лічыць Яўгенія Доўгая.

Атака на «Інстаграм»-старонкі ажыццяўлялася пры дапамозе ботаў, упэўнены адмыслоўца ў лічбавай бяспецы Мікалай Кванталіяні. Гэта не высокатэхналагічны метад, але таксама дзейсны.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Freepik

«Самае асноўнае, што адбываецца, калі на твой акаўнт скардзяцца карыстальнікі, што можа быць паніжэнне выдачы публікацыяў. То бок зніжаюцца ахопы і, адпаведна, калі шмат карыстальнікаў скардзяцца, то могуць заблакаваць акаўнт. Адпаведна гэта было тэставанне, ці можна пры дапамозе ботаў заблакаваць акаўнт Святланы Ціханоўскай і “Палітвязынкі”», – мяркуе Мікалай Кванталіяні.

Верагодна, сайт «BYSOL» атакавалі таксама ў тэставым рэжыме, каб у будучым нанесці большую шкоду.

«Набліжаюцца выбары, і, адпаведна, рэжыму цікава нанесці максімальную шкоду дэмакратычным арганізацыям у прыватнасці заблакаваць тое, што яшчэ не заблакаванае. Таму яны будуць намагацца ажыццяўляць DDoS-атакі, узломы сайтаў і таксама атакі на сацсеткі проста, каб панізіць ахопы беларускіх дэмакратычных сілаў», – робіць вынік эксперт у лічбавай бяспецы Мікалай Кванталіяні.

Адмыслоўца ў лічбавай бяспецы нагадвае: застаючыся ў Беларусі, нельга:

– рабіць ахвяраванні ініцыятывам, прызнаных уладамі экстрэмісцкімі;

– быць падпісанымі на рэсурсы, залучаныя ў спісы экстрэмісцкіх фармаванняў;

– заходзіць на іх без VPN;

– карыстацца «Тэлеграмам» без двухфактарнай сістэмы аўтэнтыфікацыі ці з прывязкаю да беларускага нумара.

Аліна Скрабунова, «Белсат»