Адбылася першая сустрэча вышэйшага кіраўніцтва Польшчы з беларусамі


Беларускія дэмакратычныя сілы сустрэнуцца з новым кіраўніцтвам Міністэрства юстыцыі Польшчы, каб абмеркаваць юрыдычную адказнасць Лукашэнкі за злачынствы супраць беларусаў і ўкраінцаў. Пра гэта Павел Латушка паведаміў «Белсату» ў польскім Сенаце. Там адбылася першая пасля змены ўлады Польшчы сустрэча вышэйшага кіраўніцтва дзяржавы з беларускімі грамадскімі і культурнымі дзеячамі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Мы знаходзімся ў польскім парламенце, дзе сёння дэлегацыю беларускіх дэмакратычных сілаў прымала маршалак Сенату Малгажата КідаваБлоньска. Маршалак – гэта спікер, а Сенат – гэта вышэйшая палата польскай заканадаўчай улады. Сустрэча адбылася пад знакам набліжэння Калядаў. Але гаворка пайшла пра самыя важныя тэмы, у тым ліку як дапамагчы беларускім палітвязням.

На сустрэчу запрасілі прадстаўнікоў беларускай грамадзянскай супольнасці, бо міжнародныя стасункі – гэта справа не толькі палітыкаў. Апроч Паўла Латушкі, з беларускага боку ўдзельнічалі: былы палітвязень Алег Кулеша, блогер Арцём Шапараў, чэмпіён свету ў самба Сцяпан Папоў, заслужаны артыст Беларусі Ігар Сігоў і дырэктарка Музею Вольнай Беларусі Наталля Задзяркоўская.

«Вельмі добрыя ўражанні ад сустрэчы, вельмі цёплы прыём. Добра пані маршалак валодае беларускімі пытаннямі, беларускіх палітвязняў, агулам сітуацыі ў нашай краіне. Што асабліва цікава і важна было мне, падымаліся пытанні падтрымкі беларускай культуры ў Польшчы і беларускіх дзеячаў культуры», – распавяла Наталля Задзяркоўская.

Візы і дапамога ў пераездзе для былых палітвязняў, дапамога беларускім вольным спартоўцам, прарыў інфармацыйнай блакады ў Беларусі і супрацьстаянне лукашэнкаўскай прапагандзе – перамовы доўжыліся гадзіну.

«Размова была дакладная. Пытанні падымаліся розныя. І пра палітвязняў, і пра культуру, і як жыць далей, што рабіць. І дзякуй Богу, польскі бок пайшоў насустрач», – кажа заслужаны артыст Беларусі, актор тэатральнай групы «Купалаўцы» Ігар Сігоў.

Пры гэтым няма і гаворкі пра тое, каб пагаджацца на ўмовы Лукашэнкі.

«Заклікі да вызвалення палітвязняў, што гучаць і з Польшчы, і з Еўразвязу, на жаль, застаюцца без якога-кольвек адказу з Менску», – заявіла падчас сустрэчы Малгажата Кідава-Блоньска, спікерка Сенату Польшчы XI склікання.

Новае кіраўніцтва Польшчы працягне падтрымку беларускага грамадства, кажа намеснік кіраўніцы Аб‘яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка:

«У мяне ўжо адбылася размова з новым міністрам юстыцыі Польшчы, спадаром Адамам Боднарам. Бліжэйшым часам запланаваная сустрэча ў міністэрстве юстыцыі з кіраўніцтвам, дзе мы абмяркуем пытанне адказнасці Лукашэнкі за ваенныя злачынствы, злачынствы супраць чалавечнасці. У рамках універсальнай юрысдыкцыі. Пра гэта таксама сёння казалі».

Спікер Сенату таксама ўсведамляе пагрозу знішчэння беларусаў як нацыі.

«Важна, каб усе еўрапейскія краіны ўсведамлялі, што Расея і Беларусь моцна звязаныя. І гаворка не толькі пра санкцыі, якія мусяць таксама датычыць Беларусі, каб рэжым адчуў, што братанне з Расеяй ускладняе яму жыццё», – падкрэсліла Малгажата Кідава-Блоньска.

Прэзідэнт Польшчы, які належыць да цяпер апазіцыйнай партыі «Prawo i Sprawiedliwość», таксама застаўся на прабеларускай дэмакратычнай пазіцыі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Польскія дэпутаты салідарныя з беларускім народам.
Фота: Сейм Польшчы

«Прэзідэнт Польшчы будзе арганізоўваць 9 студзеня афіцыйны прыём у гонар беларусаў, якія пражываюць у Польшчы, дэмакратычных сілаў. Там будуць прадстаўнікі і нашых дэмакратычных інстытутаў. Бліжэйшым часам адбудзецца і візіт Святланы Ціханоўскай у Варшаву. Я спадзяюся, што адбудуцца і адпаведныя сустрэчы на ўзроўні ўраду», – паведаміў Павел Латушка.

Польшча можа граць яшчэ большую ролю ў Еўразвязе ў стварэнні агульнай палітыкі адносна рэжыму Лукашэнкі, падкрэсліў ён.

Беларускія дэмакратычныя сілы падтрымлівалі і працягваюць падтрымліваць добрыя стасункі з прадстаўнікамі ўсіх галоўных палітычных партыяў Польшчы. І, дарэчы, адносна Беларусі іх пазіцыя супадае: пакуль нашая краіна не будзе свабоднай і незалежнай, то ўся Ўсходняя Еўропа не будзе бяспечнай.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»