Дзень, калі варта адмовіцца ад аўтамабіля


«Беражыце энергію» – пад такім дэвізам сёлета ў краінах Еўропы прайшоў Дзень без аўтамабіля. Далучылася да акцыі і Беларусь. Паводле Мінпрыроды, гэта дазволіла знізіць вугляродныя выкіды па ўсёй краіне амаль на 200 тонаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

На метро, роварам, а лепей – пешшу. У Дзень без аўтамабіля мільёны людзей адмовіліся ад асабістага транспарту, каб зрабіць планету крыху чысцейшаю.

Гэтая акцыя – кульмінацыя Еўрапейскага тыдня мабільнасці. У рамках яго грамадзянаў заклікаюць карыстацца экалагічнымі відамі транспарту, каб зменшыць колькасць шкодных выкідаў у паветра. Такім чынам міжнародная супольнасць прыцягвае ўвагу грамадства да праблемаў навакольнага асяроддзя.

«Такія мерапрыемствы вельмі важныя. Хутчэй, не для экалогіі ў першую чаргу, а для людзей, каб нагадаць, што ёсць простыя крокі для таго, каб экалагічная сітуацыя паляпшалася. Калі нават адзін дзень не карыстацца, гэта паляпшае сітуацыю, паляпшае паветра», – кажа менеджарка «Зялёнага тэлефона» Паліна Бурко.

Беларусь далучылася да Еўрапейскага тыдня мабільнасці ў 2008 годзе. На сённяшні дзень у ініцыятыве ўдзельнічаюць 84 гарады. Сёлета ў Менску, Наваполацку і Віцебску прайшлі роварныя забегі. У сталіцы раздавалі садавіну за карыстанне мабільным транспартам.

Але самым прыемным бонусам, напэўна, стаў бясплатны праезд на метро, у трамваях і аўтобусах. Для гэтага дастаткова было мець пры сабе пасведчанне кіроўцы і тэхпашпарт на аўтамабіль. Таксама дзеялі зніжкі на электратранспарт каршэрынгавых кампаніяў.

«Важна ў Беларусі рана ці позна падыходзіць да таго, што горад наўпрост супрацоўнічае з пракатнымі фірмамі. Больш за тое, ён можа дафінансоўваць гэтыя фірмы, пакрываць частку расходаў, каб арэнда ровараў каштавала меней, як і грамадскі транспарт. Каб ім карысталася больш людзей», – мяркуе блогер-урбаніст Данііл Аленьеў.

Пры гэтым далёка не ўсе беларусы гатовыя перасесці з аўтамабіля на ровар. Нават на адзін дзень. Паводле вынікаў апытання ў сацыяльных сетках «Белсату», каля 33 адсоткаў рэспандэнтаў не хочуць пазбаўляць сябе камфорту, што дае асабісты транспарт.

Амаль чвэрць апытаных адзначылі, што ўжо даўно пераселі на ровар. 16 адсоткаў беларусаў мяркуюць, што для гэтага не створаная адмысловая інфраструктура.

«Вельмі часта філасофія чыноўнікаў постсавецкіх, што роварная сцежка – гэта штосьці з’ездзіць у парку пакатацца. Не. Роварная інфраструктура здымае нагрузку з дарог… Неабходна, каб роварная інфраструктура закладалася і ў планы, і ў праекты, у развіццё гораду на такім жа ўзроўні, як і аўтамабільная», – дадае Аленьеў.

Канец веласцежкі ў раёне скрыжавання праспекта Незалежнасці і вуліцы Казлова. Менск, Беларусь. 1 траўня 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Самаю вялікаю праблемаю для раварыстаў, паводле спецыяліста Менскага роварнага таварыства Максіма Пучынскага, ёсць вялікая колькасць падземных пераходаў. З увагі на іх, асабліва ў сталіцы, аматары мабільнага транспарту вымушаныя планаваць маршруты з абʼездамі. Існуюць і іншыя праблемы.

«Роварныя сцежкі могуць пачынацца з ніадкуль у нікуды. На прыпынках яны перарываюцца, хоць гэта якраз месца перасячэння пешаходаў і раварыстаў (ну, ці тых, хто чакае транспарту). І якраз там трэба пазначаць шляхі, дзе рухаюцца раварысты, дзе стаяць людзі. Але, на жаль, пакуль гэтая праблема ў нас не развязаныя ніяк», – распавядае адмысловец у развіцці экспертнага руху Менскага роварнага таварыства Максім Пучынскі.

Паводле сталічнага камітэту прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, 80 адсоткаў шкодных выкідаў у паветра прыпадае на аўтамабілі – а іх у Беларусі налічваецца больш за тры мільёны. А таму нават аднадзённая адмова ад гэтага сродку транспарту можа значна палепшыць экалагічную сітуацыю ў горадзе.

Наста Печанькова, «Белсат»