Беларусы выступаюць за мірныя перамовы Украіны і Расеі


Больш за палову беларусаў – за мірныя перамовы Расеі і Украіны. Пра гэта сведчаць вынікі сацыялагічнага даследавання, якое ў лістападзе правёў «Чэтам Гаўс» супольна з Цэнтрам новых ідэяў. Аўтары пастараліся не толькі высветліць стаўленне беларусаў да вайны Расеі супраць Украіны, але і дазнацца, чаму яны думаюць так ці інакш. 

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Вайну неабходна спыніць проста цяпер, і трэба шукаць кампраміс праз мірныя перамовы. Гэтак, паводле даследавання «Чэтам Гаўс», мяркуе больш за палову беларусаў.

Прычыны такой з’явы адзін з аўтараў даследавання, незалежны сацыёлаг Канстанцін Несцяровіч бачыць у наступным:

«Беларусы адчуваюць вельмі моцныя негатыўныя эмоцыі наконт ваенных дзеянняў – банальны страх, што гэтыя ваенныя дзеянні могуць перакінуцца на тэрыторыю Беларусі. Страх за сябе, за сваіх блізкіх».

Суадносіны прыхільнікаў і праціўнікаў дзеянняў Расеі практычна не змяніліся амаль за два гады вайны. Тых, хто падтрымлівае агрэсію ўсходняга суседа, – па-ранейшаму меншасць.

«Беларусы жывуць цяпер у так званай рускамоўнай прасторы, у ёй пануюць прапагандысцкія наратывы з Масквы, якія ўплываюць на значную колькасць людзей. Але колькасць тых, хто падтрымлівае вайну ў Беларусі, – значна ніжэйшая, чым у Расеі», – кажа гісторык, палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі ідуць па прашпекце Незалежнасці каля ГУМу. Менск, Беларусь.
Фота: Белсат

Нязменным застаецца і нежаданне беларусаў, каб нашае войска ўдзельнічала ў вайне Расеі супраць Украіны. Паводле Канстанціна Несцяровіча, больш за 90 адсоткаў беларусаў лічаць, што беларускае войска наўпрост не павіннае ўключацца ў вайну, бо ў беларусаў на самай справе ўстойлівае непрыняцце ваенных дзеянняў.

Да сацыялагічных апытанняў, якія цяпер ладзяцца ў Беларусі, існуе недавер: маўляў, ці не ўплывае на вынікі страх рэспандэнтаў за ўласную бяспеку?

«Падчас апытання, верагодна, не ўсе адказваюць тое, што думаюць на самай справе, выбіраюць часта варыянт “цяжка адказаць”. Або прарасейскія варыянты сацыяльна пажаданыя. Але на колькасныя вынікі даследаванняў гэта істотна не ўплывае», – тлумачыць Канстанцін Несцяровіч.

Да таго ж, паводле сацыёлага, палітыку і вайну беларусы цяпер не абмяркоўваюць не толькі з прычыны страху рэпрэсіяў. Людзі пазбягаюць магчымых канфліктаў з роднымі і знаёмымі.

Дамініка Кунцэвіч, «Белсат»