Лукашэнка прызначыў дату выбараў у парламент


Так званыя парламенцкія выбары ў Беларусі прызначаныя на 25-га лютага 2024-га года. Адпаведны ўказ 20-га лістапада падпісаў Аляксандр Лукашэнка. У той жа дзень пра свой намер узяць удзел у гэтай выбарчай кампаніі ў якасці кандыдата заявіў экс-старшыня зліквідаванай беларускай партыі «Зялёныя» Дзмітрый Кучук.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Калі ў краіне няма сумленных свабодных выбараў, нашыя галасы ніхто не лічыць, калі ў суседніх краінах ідзе вайна, з 15 палітычных партыяў ліквідавана 11, а за палітычную дзейнасць можна трапіць у турму, я прыняў рашэнне ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі. Я не маю ілюзіяў, што атрымаю дэпутацкі мандат, але мне важна стаць голасам тых беларусаў, хто знаходзіцца ўнутры краіны, хто гатовы падтрымліваць незалежных кандыдатаў», – кажа Дзмітрый Кучук.

Праз 20 гадзінаў пасля публікацыі гэтага відэа допіс Кучука набраў усяго 20 падабаек.

«Я размаўляў з Змітром і магу паўтарыць публічна, у адкрытай інфармацыйнай прасторы, што гэта спроба прайсці праз… паміж Сцылай і Харыбдай. Гэта ўдзел у такім, скажам, лахатроне імя Ярмошынай і Карпянкова», – распавядае дырэктар цэнтру «Еўрапейскі дыялог», дарадца Святланы Ціханоўскай у канстытуцыйнай рэформе Анатоль Лябедзька.

За гэткім смелым крокам – у сённяшняй Беларусі нават падобнае выказванне вельмі небяспечнае, – цалкам магчыма, стаіць шчырае жаданне паўплываць на сітуацыю ў краіне. Неаднаразовы ўдзельнік выбарчых кампаніяў у лукашэнкаўскай Беларусі бачыць і іншы варыянт.

«Гэта выкарыстанне прапаганды Лукашэнкі. Бо я чакаю тады сюжэты на тэму: глядзіце, што там хлусяць гэтыя беглыя, кажуць у нас няма выбараў. Як у нас няма выбараў? Глядзіце, у нас прымае ўдзел цэлы былы лідар палітычнай партыі, якая была зарэгістраваная. Глядзіце, за яго спінай яшчэ там і Чэрачэнь!», – кажа Лябедзька.

Дом ураду. Менск, Беларусь. 22 красавіка 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

Пакуль гэта адзіны апазіцыйны дзеяч, які абвесціў пра намер браць удзел у парламенцкіх выбарах. Магчыма, згадае свае амбіцыі экс-дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая? Тэлефануем ёй.

– Паважаны «Белсат», я з выданнямі, якія абслугоўваюць рускую кліентуру не маю зносіны. І адкуль у вас гэты нумар тэлефона?

– А чаму рускую кліентуру?

– Крэатуру, а не кліентуру.

– Крэатуру, прашу прабачэння. Чаму вы так лічыце?

– Ну таму што ўспамінайце. Калі вы сочыце за палітычнымі падзеямі, якія адбываліся ў Беларусі з 2020 года… Я заўсёды казала пра гэта. Да пабачэння!

Электаральныя кампаніі ў нашай краіне заўсёды прызнаваліся заходнімі краінамі як несумленныя. Аднак гэтыя выбары могуць стаць першымі непрызнанымі загадзя.

«Гэта будуць не выбары. Гэта не будзе парламент. Проста, на жаль, у нас усё яшчэ няма нейкіх слоў, каб неяк назваць тое, што будзе адбывацца. Таму тут пытанне аб нейкіх прызнаннях нават і не стаіць. Бо слова “выбары” значыць: свабода слова, свабода партыяў, свабодныя дыскусіі, без палітычных вязняў і да таго падобнае. Гэтыя ўмовы добра вядомыя», – кажа дэпутат Еўрапарламенту ад Літвы, экс-прэм’ер Літоўскай Рэспублікі Андрус Кубілюс.

«Мы не прызнаем гэты заалагічны сад і глядзім на ўсё, як гаворыцца, з вялікай дозай гумару, таму што інакш я растлумачыць так званыя выбары не магу», – заявіў дэпутат Еўрапарламенту ад Літвы Пятрас Аўштравічус.

Альтэрнатыва Палаце прадстаўнікоў існуе ў выгнанні – Каардынацыйная рада, што складаецца з прадстаўнікоў розных апазіцыйных ініцыятываў за мяжою. Яны меліся абвесіць пра ўласныя выбары яшчэ 8-га лістапада. Перанеслі на месяц. Чаму?

«У нас ёсць розныя канцэпцыі, якія прадугледжваюць розныя працэдуры. Некаторыя, напрыклад, прапаноўваюць, каб абіраліся ўсе, некаторыя – каб толькі частка. І пакуль можна сказаць, што за выбары мы прагаласавалі, а колькі чалавекі, як яны будуць адбывацца, таму што ўва ўсіх розныя канцэпцыі… Вось ідзе абмеркаванне», – тлумачыць дэлегат Каардынацыйнай рады Беларусі ад фракцыя «Моладзевы наступ» Яўген Каравулаў.

Даведацца падрабязнасці ў спікера Каардынацыйнай рады ці ягоных намеснікаў цягам дня мы не здолелі. Дасюль невядома, якім чынам будзе адбывацца вылучэнне кандыдатаў і ўласна галасаванне.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»