«Крывавыя пасярэднікі». Як беларускі бізнес дапамагаў Расеі нішчыць Украіну


Зіма 2024-га. Кіеўская вобласць. Украінскія ваяры палююць на расейскія дроны. Сярод дронаў, якія выкарыстоўвае Расея для нападу на тэрыторыю Украіны, ёсць не толькі распаўсюджаныя іранскія «Шагэды», але таксама ўласна расейскія БПЛА – «Фарпост-Р» і «Орион». Іх аскепкі неаднаразова былі выяўленыя пасля атак па ўкраінскіх гарадах.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Як высветлілі расследавальнікі з праекту «Бюро», кампаніі з беларускімі каранямі дапамагалі абыходзіць санкцыі і пастаўлялі ў Расею кампаненты, якія пазней выкарыстоўваліся ў карэктавальных авіябомбах – КАБ-20. З іх дапамогаю згаданыя дроны расейскай вытворчасці нішчылі вайсковыя і цывільныя цэлі ва Украіне.

«Да Беларусі ўведзена ў 11 разоў меней санкцыяў чым да Расеі, – кажа праўнік НАУ Міхаіл Кірылюк. – Нашая прапанова амаль з першых дзён вайны: санкцыі павінны быць гарманізаваныя, бо ў Беларусі з Расеяй мяжы няма. Ёсць адзіная эканамічная прастора. Калі вы робіце санкцыі на Расею і не робіце на Беларусь, то гэта не мае ніякага эканамічнага сэнсу».

Згодна з расследаваннем, адным з галоўных дастаўцам кампанентаў для КАБ-20 была польская лагістычная фірма «Inter-Trans», падкантрольная нямецкай «BMA Spedition». Яна пастаўляла падсанкцыйную прадукцыю расейскай кампаніі «Ostek», а тая выконвала замовы пуцінскага ВПК. Пасля таго як ЕЗ і ЗША забаранілі дастаўляць у Расею абсталяванне для выпуску паўправаднікоў і мікрасхемаў, «Inter-Trans» і «BMA Spedition» трапілі ў чорны спіс, а іх беларускі ўладальнік Яўген Касцюк перадаў свае долі ва ўстаўным фондзе жонцы і дачцэ.

Расейская авіябомба «КАБ-20»
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Расейская авіябомба КАБ-20.
Фота: Nickel nitride / Wikimedia, CC0

«Сектаральным санкцыям павінна аддавацца перавага ў параўнанні з персанальнымі. Бо што такое персанальныя санкцыі? Нельга гандляваць з Івановым, Пятровым, Сідаравым. І мы бачым нават у гэтым артыкуле, што гэтыя абмежаванні вельмі лёгка абыходзяць», – разважае Міхаіл Кірылюк.

Прынамсі яшчэ летась імпарт электронных кампанентаў для расейскіх дронаў паводле напрацаванай схемы працягваўся праз фірму «Тэфіда» у Менску і створаную ў Казахстане пасля пачатку вайны фірму «КБР-Тэхналогіі». Апошняя наўпрост звязаная з Вольгаю Хетых – дачкой Яўгена Касцюка і сённяшняй ключавой уладальніцай «BMA Spedition».

«Груз першапачаткова заяўляецца для паставак у Казахстан, але туды не даязджае, бо ў Беларусі яго перанакіроўваюць у Расею. Чаму ўдзельнічае ў гэтай схеме казахская кампанія? Бо Казахстан не знаходзіцца пад санкцыямі, і мытня прапускае такія грузы», – тлумачыць журналіст «Бюро» Алесь Ярашэвіч.

Застаецца пытанне ўцягнутасці рэжыму Лукашэнкі ў схемы пастаўкі кампанентаў для расейскага ВПК. І ці з уласнай ініцыятывы ў схеме дзеяў Яўген Касцюк. Ён, дарэчы, пэўны час працаваў у кампаніі «БелМагістральАўтаТранс» – буйным гульцу на айчынным лагістычным рынку.

«Я бачу, што тырчаць вушы беларускага рэжыму ва ўсёй гэтай гісторыі, бо ён моцна звязаны з Расеяй, – разважае Алесь Ярашэвіч. – У Беларусі эканоміка, гаспадарка моцна кантралююцца дзяржавай. Гэтыя схемы па абыходу санкцый не могуць проста так прайсці праз беларускую мытню незаўважанымі».

Згодна з мытнымі звесткамі, летась Расея ўвезла праз Беларусь тавараў падвойнага прызначэння з высокаю рызыкаю выкарыстання ў вайсковай прамысловасці больш як на 27 мільёнаў долараў.

Ян Федаровіч, «Белсат»