Колькасць ІТ-спецыялістаў у Беларусі скарачаецца


Колькасць спецыялістаў працягвае змяншацца, доля ў ВУП падае з кожным годам. Такія паказнікі дэманструе ІТ-галіна – некалі драйвер беларускай эканомікі. Што адбываецца з працаўнікамі былога ІТ-лідэра Беларусі – кампаніі «ЕРАМ» – і куды з’язжаюць айцішнікі?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

6000 за 2 гады. Столькі працаўнікоў скараціла буйная ІТ-кампанія  толькі ў беларускім офісе. Да 2022 г ён быў самы вялікі – у ім працавалі больш за 10000 адмыслоўцаў.

Вядома, гэткія скарачэнні ў галіне адбіваюцца на эканоміцы краіны. Тры гады запар фіксуецца змяншэнне долі ў ВУП. Калі ў 2021 г унёсак складаў 6,5 %, то летась не дасягнуў і 4,5 %.

«Гэта сектар, які перажывае дэпрэсію, ну, і зразумела, чым яна выкліканая: амаль чвэрць беларускіх праграмістаў зʼехала за мяжу і працуе ўжо на эканомікі іншых краінаў», – зазначае прадпрымальнік, блогер Аляксандр Кныровіч.

Сітуацыя з кампаніяй «ЕРАМ» адлюстроўвае стан ІТ-сектару як у Беларусі, гэтак і ў свеце. Цяпер назіраецца спад попыту на ІТ-паслугі. Што прымушае кампаніі значна скарачаць штат ува ўсіх краінах.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Парк высокіх тэхналогіяў. Менск, Беларусь.
Фота: БелТА / belta.by

Гэтак, «ЕРАМ», акрамя беларускага офісу, давялося амаль на 1500 зменшыць штат ва Украіне. Хоць і нязначна, але закранулі скарачэнні польскі офіс кампаніі ды некаторыя іншыя. А вось колькасць працаўнікоў «ЕРАМ» у Індыі вырасла амаль на 1200 чалавек. За найбліжэйшыя некалькі гадоў, паводле кіраўніка кампаніі Аркадзя Добкіна, каманду ў Індыі павялічаць удвая.

«Яны маюць некалькі тысяч распрацоўнікаў. На кожнага павінны плаціць некалькі тысяч падаткаў і могуць гэта заашчадзіць у Індыі. Гэта сотні тысячаў, а то і мільёны за год», – тлумачыць доктар філасофіі, чалец беларускай суполкі распрацоўнікаў гульняў Яраслаў Кот.

Змяняецца і трэнд апошніх трох гадоў. Калі беларускія ІТ-кампаніі рэлакаваліся ў Літву. Летась літоўскія палітыкі выказваліся за абмежаванне беларусаў у правах нароўні з расейцамі на заканадаўчым узроўні. Што сталася прычынай адʼезду праграмістаў. У Польшчы сітуацыя адваротная. Напярэдадні стала вядома, што ІТ-кампаніі намераныя звярнуцца да ўраду з просьбаю спрасціць правілы найму замежных працаўнікоў.

«Ува ўсіх гэтых краінах цяпер умовы для працы лепшыя, чым у Беларусі. І ў першую чаргу гэта меншы ўзровень падаткаў для ІТ-спецыялістаў», – зазначае Аляксандр Кныровіч.

Колькасць беларускіх ІТ-спецыялістаў за мяжою падлічыць складана. Толькі з вясны 2022 г да кастрычніка 2023 г па падліках парталу «Devby.io» Беларусь пакінулі больш за 22000 праграмістаў. І перадумоваў для паляпшэння сітуацыі пакуль няма. Гэтак, сёння ГУБАЗіК затрымаў як мінімум чацвярых работнікаў прадстаўніцтва «LG» ў Беларусі. Іх прымусілі запісаць гэтак званае пакаяннае відэа.

Аляксандр Дзегцяроў, «Белсат»