Ці паедзе лаўрэатка лукашэнкаўскай прэміі на Алімпіяду-2024?


Канец снежня – час падводзіць вынікі года. Аляксандр Лукашэнка традыцыйна прысудзіў спецыяльную прэмію за спартовыя дасягненні ў 2023-ім. Сёлета ў спісе – тры лаўрэаты, адна з якіх – дзейная спартоўка Ванэса Каладзінская, вядомая дасягненнямі ў барацьбе. Яна была бронзаваю прызёркай Алімпіяды-2020, пераможцай і прызёркаю чэмпіянатаў свету і Еўропы. Ці можа прэмія з рук Лукашэнкі падставіць спартоўку на міжнароднай арэне?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Штогадовую прэмію «Беларускі спартовы алімп» атрымала сёлета прадстаўніца зборнай Беларусі па барацьбе Ванэса Каладзінская. Ва ўказе Лукашэнкі аб узнагароджанні адзначаецца, што яна інструктарка спорту найвышэйшай кваліфікацыі каманды Міністэрства ўнутраных справаў. Тым часам Каладзінская ўжо кваліфікавалася на Алімпійскія гульні-2024 у Парыжы. Аднак удзельнічаць у алімпійскім першынстве забаронена беларускім атлетам, якія маюць дачыненне да арміі ды іншых сілавых структураў.

«Як прыклад, Ванэса Каладзінская, я яе добра ведаю, яна не падпісвала праўладнага ліста, яна добрая спартоўка, да мозгу касцей. Тое, што яна мае дачыненне да сілавых структураў, нічога не значыць, бо яна там нічога не рабіла, толькі лічылася, каб зарабляць нейкія грошы», – распавёў чэмпіён свету і Еўропы па самба, вольны спартовец Сцяпан Папоў.

Адказваць за дазвол удзелу ў парыжскай Алімпіядзе беларускага ці расейскага спартоўца будзе адмысловая міжнародная камісія. Аднак пакуль ад МАКу няма ніякай інфармацыі, якім чынам яе трэба фармаваць, хто туды ўвойдзе і якім чынам будуць правяраць атлетаў.

«Каб гэта насамрэч было незалежнае, то трэба працаваць праз сілавыя структуры, каб была нейкая супольная праца, каб вынікі былі шчырымі. Калі спартовец звольніўся пасля “СВА”, то гэта залічваецца, але калі ён звольніўся месяц таму, магчыма, і неафіцыйна, то гэта не мусіць працаваць», – падкрэсліў Сцяпан Папоў.

Допуску атлета з краіны-агрэсаркі, як Беларусь ці Расея, да спаборніцтва можа паспрыяць адкрытая антываенная пазіцыя. Але што калі беларускім спартоўцам проста спусцяць зверху разнарадку? Напрыклад, загадаюць напісаць у сацыяльных сетках штосьці падобнае да «я супраць вайны»? Як на гэта можа адрэагаваць выбудаваная сістэма?

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: olympics.com

«Нават да такой з’явы, калі ўсе падпісваюць нешта для галачкі, нельга адназначна ставіцца, што гэта дрэнна. Так, безумоўна, гэта хлусня, але яна ў стане выклікаць пэўныя рухі ўнутры самой сістэмы, якая ломіць машыну прапаганды», – кажа кіраўнік міжнароднага дэпартаменту Беларускага фонду спартовай салідарнасці Анатоль Котаў.

На практыцы бальшыня беларускіх спартоўцаў прыпісаная да сілавых ведамстваў, некаторыя там маюць працоўную кніжку, яны інструктары, а таксама атрымоўваюць новыя зорачкі на пагонах. Ці можна ўвогуле ў Беларусі займацца прафесійным спортам і на гэтым зарабляць, а не толькі атрымоўваць заробак ад ведамства?

«Такая колькасць спартоўцаў, якія належаць да нейкіх сілавых структураў, – гэта савецкая спадчына. Гэта быў такі савецкі варыянт спонсарства, на каго можна павесіць спартоўцаў: ці на нейкае прадпрыемства, ці на сілавыя структуры. Павінна прыйсці нармальная клубная сістэма, дзе спорт – гэта адзін з відаў дзейнасці, на якім можна і трэба зарабляць грошы», – паведаміў Анатоль Котаў.

Прэмію «Беларускі спартовы алімп» заснавалі ў 2003-ім годзе. Сёлета, акрамя Каладзінскай, яе атрымаў загадчык кафедры роварнага, канькабежнага і коннага спорту Універсітэту фізічнай культуры Міхаіл Дваракоў. Таксама лаўрэаткаю прэміі сталася спецыяльная карэспандэнтка Ганна Эйсмант, сястра старшыні Белтэлерадыёкампаніі Івана Эйсманта, жонка якога – прэс-сакратар Лукашэнкі Наталля Эйсмант.

Паводле Міжнароднага алімпійскага камітэту, ліцэнзіі на ўдзел у летняй Алімпіядзе ў Парыжы ў нейтральным статусе на гэты момант атрымалі пяцёра беларускіх атлетаў. Пры гэтым, вядома, спартоўцы мусяць выканаць шэраг крытэраў для атрымання ліцэнзіі на ўдзел у форуме.

Павел Алейнікаў, «Белсат»