Суд у Каларада забараніў кандыдата Трампа


Каларада супраць Доналда Трампа. Вярхоўны суд штату забараніў экс-кіраўніку краіны і аднаму з прэтэндэнтаў на кандыдата ў прэзідэнты ад Рэспубліканскай партыі ўдзельнічаць у прэзідэнцкай гонцы. А значыць, імя Трампа не будзе ў бюлетэнях менавіта ў Каларада. Сам экс-прэзідэнт адрэагаваў: «Нядзіўна, што круцель Джо Байдэн і шалёныя ўльтралевыя адчайна спрабуюць спыніць нас любымі неабходнымі сродкамі. Яны гатовыя як заўгодна парушаць Канстытуцыю ЗША, каб выйграць гэтыя выбары. Джо Байдэн – пагроза дэмакратыі. Яны выкарыстоўваюць праваахоўныя органы для ўмяшання ў выбары, бо мы моцна абыходзім іх».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У сваім выраку Вярхоўны суд Каларада абапіраўся на чатырнаццатую папраўку ў Канстытуцыі ЗША. Яна забараняе займаць дзяржаўныя пасады асобам, якія ўдзельнічалі ў мяцяжы, але выкарыстоўваецца рэдка. У выпадку з Трампам гаворка ідзе пра штурм Капітолію ягонымі прыхільнікамі, незадаволенымі вынікамі папярэдніх выбараў, у студзені 2021 года. Хаця яшчэ ў лістападзе акруговы суд Дэнвэру ў Каларада стаў на бок экс-прэзідэнта.

«Там суддзі палічылі, што частка 3-я 14-й папраўкі Канстытуцыі, якая як раз і забараняе займаць пасады людзям, якія ўдзельнічалі ў мяцяжы, што яе нельга прымяняць да прэзідэнта ЗША – то бок да людзей, якія займалі гэты пост або хочуць яго заняць. А Вярхоўны суд гэтае рашэнне аспрэчыў», – патлумачыў палітолаг, аўтар тэлеграм-каналу «One Big Union» Ян Весялоў.

Акрамя Каларада, такія пазовы супраць Трампа разглядалі суды ў Мінэсоце, Мічыгане і Нью-Гэмпшыры, але не ўхвалілі іх. А вось у Нью-Джэрзі, Каліфорніі ды некаторых іншых штатах наконт удзелу экс-прэзідэнта ў выбарах яшчэ не вызначыліся.

«Амерыканскае права – гэта прэцэдэнтнае права. Адпаведна, усе іншыя штаты, у выпадку, калі такая ж група актывістаў будзе звяртацца ў суд з патрабаваннем зняць Трампа з перадвыбарчых бюлетэняў, то тады ўжо суд нават першай інстанцыі будзе глядзець на прэцэдэнт у штаце Каларада», – адзначыла палітолаг-амерыканістка Аляксандра Філіпенка.

Такое развіццё падзеяў ужо небяспечнае для Доналда Трампа. Калі ягоную кандыдатуру скасуюць у вялікай колькасці штатаў, то ён проста не зможа атрымаць неабходных для перамогі двухсот сямідзесяці галасоў выбарнікаў штатаў. У ЗША галасы электарату перадаюцца адмысловай калегіі выбарнікаў, што розніцца памерамі ў залежнасці ад штату. Так, у Каларада – дзесяць выбарнікаў, якія перадаюць волю жыхароў штату на федэральны выбарчы ўзровень.

Турэмны фотаздымак Дональда Трампа.
Фота: Дональд Трамп/Х

Але на гэты момант і вырак Вярхоўнага суда Каларада можна абскардзіць – ён набудзе моц толькі налета чацвёртага студзеня. У штабе Трампа ўжо заявілі, што неўзабаве пададуць апеляцыю ў Вярхоўны суд ЗША.

«Калі каманда Трампа пакіне ўсё, як ёсць, і Трамп перамагае на рэспубліканскіх праймерыз, то сапраўды яго прозвішча не з’явіцца ў бюлетэню на ўсеагульных выбарах. Але гэта не значыць, што ён не атрымае неабходных 270 галасоў для перамогі», – дадала Аляксандра Філіпенка.

Урэшце, усё залежыць ад колькасці штатаў, што далучацца да такой забароны. Праймерыз Рэспубліканскай партыі ў штаце Каларада маюць адбыцца налета пятага сакавіка. Галоўнай суперніцаю Трампа на ролю адзінага кандыдата цяпер лічыцца былая сталая прадстаўніца ЗША пры ААН Нікі Гэйлі. Яна займае другую пазіцыю паводле папулярнасці сярод рэспубліканцаў пасля экс-прэзідэнта.

«Я зважаю на тое, што мы пабачылі ў Каларада, і я не думаю, што Доналду Трампу трэба быць прэзідэнтам. Я думаю, што прэзідэнтам мушу стаць я. На маю думку, гэта будзе добра для краіны. Але я буду біцца з ім сумленна і справядліва. Нам не патрэбныя суддзі, якія гэтак пастанаўляюць. Нам трэба, каб гэтак пастанаўлялі выбарнікі», – заявіла Нікі Гэйлі.

Выбары прэзідэнта ЗША пройдуць пятага лістапада. Яны стануць шасцідзясятымі ў гісторыі краіны.

Ірына Юр’ева, «Белсат»