Чэкісты працягваюць онлайн-запалохванні беларусаў


Запалохванне ў онлайне тых, каго беларускія чэкісты не могуць дастаць ужывую. Гэтак, цяпер непрыхільнікаў рэжыму бравыя кадэбэшнікі адшукалі сярод студэнтаў Вольнага беларускага ўніверсітэту. Ці дасягаюць такія метады чэкістаў іхных мэтаў?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Чэкісты надумалі адзначыць сваё прафесійнае свята спецаперацыяй. Напярэдадні, увечары дзевятнаццатага снежня, супрацоўнік КДБ падлучыўся да онлайн-заняткаў Вольнага беларускага ўніверсітэту і запалохваў прысутных. Інцыдэнт пацвердзілі працаўнікі ўстановы.

«Як і ў любой ZOOM-сустрэчы, мы не рабілі закрытага ZOOM-ўэбінару, бо вітаюцца дыскусіі, адкрытыя пытанні і актыўны ўдзел студэнтаў. Таксама была дазволеная трансляцыя экрана ўдзельнікамі, бо часам былі заданні, звязаныя з прэзентацыяй сваіх прац і даследаванняў. У мэтах бяспекі ВБУ прапануе выкарыстоўваць нікі замест імёнаў, што гэта стварае дадатковую праблему верыфікацыі ўдзельнікаў», – распавядае ўдзельнік онлайн-заняткаў Вольнага беларускага ўніверсітэту Віталь Каратыш.

Магчыма, і гэтае далучэнне чэкіста да адкрытай ZOOM-сустрэчы пададуць у чарговым прапагандысцкім фільме як поспех лукашэнкаўскіх спецслужбаў. Тым болей што нязваным госцем на семінары Вольнага ўніверсітэту стаў намеснік начальніка Следчага ўпраўлення КДБ Канстанцін Бычак. Васямнаццатага лістапада ён ужо рабіў такі перформанс. Спецслужбы праз падман дэмакратычнага актывіста Алега Аксёнава падлучыліся да семінару на тэму інфармацыйнае бяспекі.

Наўрад ці падлучэнне да онлайн-канферэнцыяў можна назваць працай для абароны дзяржаўнае бяспекі, што ёсць непасрэдным прафесійным абавязкам спадара Бычака. Яны маюць хутчэй іншую мэту.

Паводле прадстаўніка «BELPOL» Андрэя Астаповіча, для КДБ усе аб’яднанні за мяжой беларусаў, якія ўдзельнічаюць у палітычнай сферы, культурнай ці любой іншай – гэта небяспека.

«Таму што яны разумеюць: як толькі ў іх адбудзецца такі ж віток гісторыі на 20 год – усе людзі, якія абʼяднаныя, адразу выйдуць супраць іх».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Чалавек за камп’ютарам.
Фота: pixabay.com

На ўчорашнім семінары Бычак заявіў, што ўсе прысутныя «пад кантролем». Сілавікам варта памятаць, што і іхныя звесткі – не сакрэтныя. Так, дзякуючы аб’яднаню былых сілавікоў «BELPOL», мы можам трохі расказаць пра кадэбэшніка-зорку ОНТ. Канстанцін нарадзіўся ў 1985 годзе ў мястэчку Гарадок на Віцебшчыне. Жанаты, мае дваіх дзяцей.

Прапісаны ў сталіцы на вуліцы Казіміраўскай, канкрэтны адрас з нумарам кватэры – таксама не сакрэт. Высокі чыноўнік камітэту быў за мяжою толькі тройчы. З бацькамі ва Украіне, больш як дзесяць гадоў таму, і ў 2019-м – у Расеі ды Грузіі.

Цікавы выпадак: Канстанцін Бычак быў пацярпелым у крымінальнай справе: у 2012 годзе ў яго таямніча скралі ажно чатырыста тысяч беларускіх рублёў.

«Кожны кіраўнік у пагонах ужо прывык да такіх гучных заяваў ці ледзь не кожны раз тэрарыста нейкага небяспечнага злавіць – усё гэта трэба абавязкова ў медыйнае поле, тады табе будуць ісці дадатковыя прэміі, зоркі», – кажа Андрэй Астаповіч.

Важны момант: Вольны беларускі ўніверсітэт не прызнаны экстрэмісцкім фармаваннем. Таму, нават з рэжымнага гледзішча, учорашнія заслугі Бычака выглядаюць сумнеўна.

Дамініка Кунцэвіч, «Белсат»