Менскае метро «загаворыць» па-расейску?


Вярнуць расейскую мову ў галасавыя абвесткі менскага метро. З такою прапановаю выступілі аўтары аднаго з прарасейскіх тэлеграм-каналаў ды расказалі, чаму: «Сёння ў метро стаўся сведкам таго, як госці з Расеі выйшлі не на той станцыі, бо не зразумелі абвесткі дыктара: «Наступны прыпынак – “Плошча Якуба Коласа”. Далей было па-англійску. Госці падумалі, што яны на гэтай станцыі, і ў выніку памылкова выйшлі на “Плошчы Перамогі”».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У іншым прарасейскім тэлеграм-канале гэтую сітуацыю з абвесткамі ў метро запатрабавалі вырашыць адназначна – цалкам перайсці на расейскую. Бо, маўляў, гэтая мова – мова большасці для Менску, а беларускую ўсім проста навязваюць.

«Такія заявы былі і раней. Проста на іх менш звярталі ўвагу. А цяпер, калі беларускіх ініцыятываў стала менш, ініцыятывы антыбеларускія больш заўважныя. Ну, людзі гэтыя, прарасейскія актывісты, адчуваюць такую нейкую беспакаранасць», – тлумачыць юрыст і праваабаронца Ігар Случак.

Абодва допісы з прарасейскіх рэсурсаў з’явіліся ў тэлеграм-канале праўладнай актывісткі Вольгі Бондаравай. Раней яна разам з іншымі прапагандыстамі выступала супраць беларускай лацінкі на ўказальніках. Прынамсі, у метро беларускую лацінскую графіку пачалі замяняць на расейскую транслітарацыю з канца верасня. Але ці пойдуць чыноўнікі насустрач прарасейскім актывістам цяпер?

«З аднаго боку, у тым рэчышчы, як сёння Беларусь развіваецца, хутчэй за ўсё, такое рашэнне будзе прынятае. Але пакуль такога загаду, сігналу зверху не было. То бок цяпер ва ўладных колах будуць вырашаць гэтае пытанне. Магчыма, нават на ўзроўні самога Лукашэнкі», – мяркуе гісторык і палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман.

Людзі выходзяць з метро «Уручча». Менск, Беларусь. 24 траўня 2022 года.
Фота: Белсат

Пры гэтым важны ўдзел кожнага, хто зацікаўлены ў захаванні, прынамсі, беларускамоўных абвестак у метро, упэўнены Ігар Случак:

«Каб вось гэтыя ініцыятывы прарасейскіх актывістаў не мелі поспеху, беларусам таксама трэба ініцыяваць, каб беларускай мовы было болей. Бо я з 2020 года бачу, што беларускай мовы становіцца больш там, дзе людзі пішуць звароты».

Апошнім часам сам Лукашэнка ды ягоныя паплечнікі ўсё часцей сталі казаць пра важнасць расейскай мовы для беларусаў. Прынамсі, старшыня гэтак званага Савету Рэспублікі Наталля Качанава на нядаўнім паседжанні Міжпарламенцкай асамблеі СНД заявіла:

«Расейская мова не чужая для беларусаў. Гэта і наш нацыянальны набытак. Беларусы за сваю шматвяковую гісторыю ўнеслі немалы ўклад у яе развіццё і ўзбагацілі яе».

Сваімі заявамі і дзеяннямі рэжым Лукашэнкі толькі падкрэслівае, што беларуская мова для іх не ёсць каштоўнасцю, мяркуе Аляксандр Фрыдман. А расейскі ўплыў толькі ўзмацняецца. Таму, на думку эксперта, беларуская мова можа паступова знікнуць з публічнае прасторы:

«Пакуль усё ідзе ў тым кірунку. Проста гэта па-рознаму ацэньваецца. Сярод дэмакратычнай супольнасці падкрэсліваецца, што гэта ідзе вельмі хутка. А з пункту гледжання прарасейскіх актывістаў усё ідзе вельмі павольна».

Але апошняе слова застаецца за Крамлём, упэўнены эксперт. Прынамсі, гэтак было і з помнікам князю Аляксандру Неўскаму, які нядаўна адкрылі ў Менску. Паводле Аляксандра Фрыдмана, гэта наўрад ці было ўласным жаданнем Лукашэнкі.

Ірына Юрʼева, «Белсат»