Наталля Качанава: Трэба жыць паводле законаў


Сёння кіраўніца Савету Рэспублікі Наталля Качанава падчас сустрэчы з прафесарска-выкладчыцкім складам і студэнтамі Гомельскага дзяржаўнага медычнага ўніверсітэту адзначыла, што трэба жыць паводле законаў. Аб чым яшчэ гаварыла чыноўніца? Прыводзім асноўныя тэзісы.

Наталля Качанава падчас сустрэчы з прафесарска-выкладчыцкім складам і студэнтамі Гомельскага дзяржаўнага медычнага ўніверсітэту. Гомель, 16 кастрычніка 2023 года.
Фота: Совет Республики Национального собрания Республики Беларусь / Telegram

На сустрэчы Наталля Качанава паведаміла, з якой мэтай чальцы Савету Рэспублікі ездзяць у разнастайныя ўстановы: «Мы прыязджаем у калектывы, навучальныя ўстановы для таго, каб убачыць, як арганізаваны працэс працы і навучання, якія створаныя ўмовы, і, несумненна, даведацца, якія ёсць пытанні, праблемы, прапановы. Для нас гэта вельмі важна».

Наталля Качанава расказала, якою на сёння ёсць палітыка дзяржавы, і падкрэсліла, што яна «як была, так і застаецца сацыяльна арыентаванай, нацэленай толькі на чалавека». У гэтай сувязі вялікая ўвага надаецца ахове здароўя, каб яна была заўсёды на «лідарскіх пазіцыях», а «нашыя людзі атрымлівалі якасную медычную дапамогу».

Таксама старшыня Савету Рэспублікі закранула тэму законнасці ў краіне: «Важна, каб кожны грамадзянін нашай краіны разумеў, што мы павінны жыць паводле законаў, іншага не дадзена».

Падчас сустрэчы Наталля Качанава закранула тэму Вялікай Айчыннай вайны і расказала, чаму праз столькі гадоў пасля яе заканчэння ўлады Беларусі прынялі законы пра «недапушчальнасць гераізацыі нацызму». «Гэта абсалютна новыя законы. Мы разумелі, што яны павінны быць у нашай краіне», – падкрэсліла старшыня Савету Рэспублікі.

«Фашызм, – кажа Наталля Качанава, – падымае галаву! Нацызм падымае галаву! А гэта ўсё вельмі небяспечна сёння. Гэта тое, што можа прывесці да ваенных дзеянняў. Мы міралюбная краіна. Ніколі з боку Беларусі не сыходзіла і не будзе сыходзіць агрэсія. Таму што мы ведаем цану міру і чалавечага жыцця».

Гучала ў выступленні старшыні Савету Рэспублікі і тэма санкцыяў. На думку Качанавай, «нашы людзі не адчулі санкцыйнага ціску»: «Сітуацыя няпростая – калі мы жывем у санкцыях, але нашыя людзі не адчулі гэтага санкцыйнага ціску. І вы як вучыліся, так і вучыцеся. Ні адна сацыяльная праграма ў нас не згарнулася. Усе ўзятыя на сябе абавязацельствы дзяржава выконвае».

Пры гэтым Наталля Качанава сказала, што суседзі Беларусі (Польшча, Латвія, Літва і Эстонія) перакладаюць праблемы ў сваіх краінах «на кагосьці, прыдумваючы нейкую выдуманую пагрозу, якая сыходзіць ад Беларусі».

«Як бы ўрады Польшчы, Латвіі, Літвы, Эстоніі ні паводзілі сябе сёння агрэсіўна ў адносінах да Беларусі, мы ніколі не скажам дрэнных словаў у адрас народаў гэтых краінаў. Гэта людзі, яны ведаюць, як мы жывем. Мы не закрывалі межаў, яны прыязджалі і бачылі іншую карціну, чым ім падавалася. І калі ўрады гэтых краінаў зразумелі гэта, яны сказалі: туды ездзіць нельга, трэба закрыць межы, паставіць агароджы, сцягнуць узбраенне», – сказала Наталля Качанава.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў