Праз расейскія пагрозы пшаніца расце ў цане


Чарговая начная атака расейцаў па ўкраінскіх гарадах. Ізноў моцныя разбурэнні на поўдні краіны.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У Адэсе зноўку пацярпеў порт. Моцны пажар таксама адбыўся ў цэнтры гораду. Адзін з будынкаў часткова зруйнаваны. На момант падрыхтоўкі матэрыялу вядома, што загінула адна асоба, восем – параненыя.

У Мікалаеве пасля трапляння ракетаў ды беспілотнікаў пашкоджаныя пяць будынкаў ды гаражы, пацярпелі прынамсі 19 асобаў. Двое загінулых.

«Я прачнуўся ад таго, што мяне проста пачало засыпаць тынкоўкай. Цешча напужалася і пачала крычаць, ці жывы я», – успамінае Аляксандр.

«Заваліла дзверы і хлопцы расчышчалі дарогу, падавалі нам рукі», – дзеліцца Аліна, у чый дом трапіла расейская ракета.

Агулам па Адэсе і Мікалаеве расейцы выпусцілі дзевятнаццаць дронаў-камікадзэ ды столькі ж крылатых ракетаў. Сярод апошніх – сем ракетаў «Онікс» і пяць «Іскандэраў» з акупаванага Крыму. Чатыры ракеты Х-22 з самалётаў у акваторыі Чорнага мора, тры ракеты «Калібр» з субмарыны ў Чорным моры. ЗСУ знішчылі два «Калібры», тры «Іскандэры» і трынаццаць дронаў.

«Мы маем найбольшую па плошчы краіну на еўрапейскім кантыненце – Украіну. Нам патрэбная вялізная колькасць сістэм СПА, каб надзейна кантраляваць усё неба над ёй. Таксама важны фактар, які мог бы нам дапамагчы ўзмацніць сістэму СПА – гэта наяўнасць хаця б сотні знішчальнікаў F-16», – разважае вайсковы аглядальнік Уладзіслаў Селязнёў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прэс-канферэнцыя па пытанню адпраўкі першага судна з зернем з Украіны у Басфор. Адэса, Украіна. 29 ліпеня 2022 года.
Фота: Сельхуда / Белсат

На меркаванне палітолага Пятра Алэшчука, абстрэламі партовай інфраструктуры Украіны Расея хоча дамагчыся для сябе новых прэферэнцыяў у збожжавай угодзе:

«Ім, відавочна, патрэбны аміякаправод, нейкія долі ў экспарце збожжа. Ну, і напэўна, яны разлічваюць на зняцце прынамсі частковага блакавання SWIFT для расейскіх банкаў. Вось такія ўмовы яны вылучылі і гандлююцца ў сваёй звыклай тэрарыстычнай манеры».

Падвышаючы стаўкі, Міністэрства абароны Расеі ў сераду заявіла пра магчымасць абстрэлу караблёў, у тым ліку цывільных, якія кіруюцца ва ўкраінскія парты. Пасля гэткіх заяваў кошты на пшаніцу пайшлі ўверх. Адрэагавалі і еўрапейскія палітыкі.

«Сотням тысячаў людзей, калі не сказаць мільёнам, тэрмінова патрэбнае збожжа з Украіны. Вось чаму мы працуем з усімі міжнароднымі партнёрамі, каб гарантаваць, што збожжа ва Украіне не згніе ў бункерах бліжэйшымі тыднямі», – кажа міністарка замежных справаў Нямеччыны Аналена Бэрбак.

Свой адказ на пагрозы расейцаў падрыхтавала і Міністэрства абароны Украіны:

«З 00:00 21 ліпеня 2023 года ўсе караблі, якія ідуць у акваторыі Чорнага мора ў кірунку марскіх партоў Расейскай Федэрацыі, могуць разглядацца Украінай як перавознікі грузаў ваеннага прызначэння з усімі адпаведнымі рызыкамі».

«Тут незразумела якім чынам будзе дзейнічаць Расейская Федэрацыя, таму што Украіна мае рэсурсы, – разважае Уладзіслаў Селязнёў. – Яна мае супрацькарабельныя ракеты тыпу “Няптун” і “Гарпун”, ударныя дроны-камікадзэ. У тую гульню, якую задумала Расейская Федэрацыя, можна гуляць удваіх».

Расея выйшла са збожжавай угоды ў панядзелак, і з таго часу вядзе атакі на парты на поўдні Украіны. Зрэшты, церпяць і іншыя гарады. Так, на ўсходзе, у Сумах, адзін з дронаў трапіў у дзіцячы лагер. Да таго ж расейцы абстралялі паселішчы ў Чарнігаўскай ды Харкаўскай вобласцях. Загінуў мірны жыхар.

Ян Федаровіч, «Белсат»