Што адбываецца з кліматам і надвор'ем у Беларусі?


Пякельная гарачыня і арктычныя халады, ураганы, трапічныя залевы, засухі і нават тарнада. Апошнімі гадамі ў Беларусі адбываюцца прыродныя зʼявы, уласцівыя перадусім для экзатычных краінаў. Беларускі гідраметэацэнтр раз-пораз папярэджвае пра неспрыяльнае надворʼе.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«У самыя цяжкія гады колькасць папярэджанняў дасягае 150-170, – распавяла начальніца службы гідраметэаралагічных прагнозаў Белгідраметэацэнтру Таццяна Чатырка. – Апраўданасць папярэджанняў аб неспрыяльных метэаралагічных зʼявах загадзя, да трох содняў, за апошнія 5 гадоў знаходзілася ў межах 95-98%».

Пра асабліва небяспечныя прыродныя зʼявы беларускія сіноптыкі папярэджваюць ад 2 да 8 разоў на год. Прычына кліматычных праяваў, раней неўласцівых для Беларусі, – глабальнае пацяпленне. Паводле шматгадовых назіранняў, у нашай краіне за 10 гадоў у сярэднім цяплее на 0,4 ° С. Найбольш гэта адчуваецца ў студзені, лютым і сакавіку. Працэс практычна бесперапынны – адзначыла намесніца начальніка Белгідраметэацэнтру Святлана Кузьміч.

«У апошняе дзесяцігоддзе з сярэдняй тэмпературай 8,1° С аказалася цяплей любога з папярэдніх. А сярэдняя тэмпература паветра апошніх пяці гадоў склала 8,3 ° С. Гэта вышэй за кліматычную норму на 1,1 ° С».

Праз гэта снегу ў Беларусі выпадае меней. І сыходзіць ён увесну раней. І калі ў адной частцы краіны змагаюцца з паводкаю, у іншай – сутыкаюцца з пажарамі ў экасістэмах. Першыя лясныя пажары сёлета ўспыхнулі ўжо ў пачатку сакавіка. Міністэрства лясной гаспадаркі і ратаўнікі сярод найбольш частых прычынаў называюць падпалы.

Змена надворʼя моцна ўплывае на сельскую гаспадарку. Паводле начальніцы службы гідралогіі і гідраметэаралогіі Белгідраметэацэнтру Кацярыны Істомінай, змяншаюцца плошчы ільну, умовы для бульбаводства ў нас таксама пагаршаюцца. Затое цяпер ужо вырошчваюць культуры, якіх гадоў 20 таму не маглі нават уявіць на нашых палях: той жа сланечнік, вінаград, бахчавыя.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Дар’я Краўчук на ўборцы кавуноў у Аляксандра Лукашэнкі.
Фота: БелТА

Сусветная метэаралагічная арганізацыя апублікавала штогадовую Справаздачу пра стан глабальнага клімату. Аўтары дакументу сцвярджаюць, што сярэдняя тэмпература паветра на Зямлі летась дасягнула самага высокага ўзроўню за сто семдзесят чатыры гады назіранняў. Павышэнне склала 1,45 ° С. І, паводле прагнозаў, 2024 год можа быць яшчэ гарачэйшым. Прэзентуючы справаздачу, генеральная сакратарка Сусветнай метэаралагічнай арганізацыі Сэлеста Саўлё канстатавала:

«2023 год усталяваў новыя рэкорды ў кожным кліматычным паказніку. Штогадовая справаздача паказвае, што кліматычны крызіс ёсць глабальнаю праблемаю чалавецтва. І яна цесна пераплеценая з крызісам няроўнасці, ростам харчовай небяспекі, змушанай міграцыі і страты біяразнастайнасці. Гэта пагроза існаванню для ўразлівых групаў насельніцтва».

Сэлеста Саўлё дадала, што тэмпература сусветнага акіяну таксама дасягнула самага высокага ўзроўню за шэсцьдзесят пяць гадоў. Гэта выклікае асаблівую трывогу, бо такі працэс – «амаль незваротны».

Марына Яновіч, «Белсат»