На Алімпіядзе ў Парыжы забаранілі гімны Беларусі і Расеі


Беларускіх і расейскіх спартоўцаў не дапусцяць да ўдзелу ў цырымоніі адкрыцця Алімпійскіх гульняў у Парыжы. Адпаведнае рашэнне прыняў Міжнародны алімпійскі камітэт. Сярод 6000 спартоўцаў з усяго свету, адабраных на будучую Алімпіяду, усяго толькі 7 беларусаў і 12 расейцаў. Яны будуць выступаць у нейтральным статусе.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Індывідуальныя нейтральныя атлеты не будуць удзельнічаць у парадзе камандаў дэлегацыяў падчас цырымоніі адкрыцця Гульняў. Але ім дадуць магчымасць адчуць гэтую падзею. Гэта такі ж сцэнар, які быў выкарыстаны для незалежных спартоўцаў з былой Югаславіі на Алімпійскіх гульнях у Барсэлоне ў 1992 годзе», – заявіў дырэктар у галіне алімпійскай салідарнасці і сувязях з НАК Джэймз МакЛаўд.

Гэтыя спартоўцы змогуць выступіць толькі ў асабістых спаборніцтвах. Удзел у камандных відах для беларусаў і расейцаў забаронены.

«Гэта даволі лагічнае рашэнне. Яно, мне здаецца, даволі ўзважанае. Ну, і даволі кампраміснае. Я б не сказаў, што гэта нейкае катастрафічнае рашэнне для тых нейтральных атлетаў, якія ўсё ж будуць браць удзел у Алімпійскіх гульнях ад Расеі і Беларусі», – мяркуе дырэктар Беларускага фонду спартовай салідарнасці Аляксандр Апейкін.

Але, судзячы з рэакцыі расейскага МЗС, у Крамлі рашэнне МАК успрынялі менавіта як катастрофу.

«Міжнародны алімпійскі камітэт стаў месцам, дзе квітнее неанацызм і расізм. Толькі гэтак можна кваліфікаваць. Сегрыгацыя людзей па нацыянальнасці, этнічным прынцыпе, адхіленне людзей толькі на аснове грамадзянскай прыналежнасці ад міжнародных спартыўных мерапрыемстваў таму лепшае сведчанне», – заявіла прадстаўніца МЗС Расеі Марыя Захарава.

Відавочна, што да агучанага рашэння МАК у Маскве рыхтаваліся даўно. Таму прыдумалі там альтэрнатыву Алімпіядзе: Сусветныя гульні сяброўства. Іх плануецца правесці ў расейскай сталіцы з 15 да 29-га верасня. Паводле Аляксандра Апейкіна, гэтыя гульні могуць скласці канкурэнцыю Алімпіядзе. Цалкам магчыма, што ў іх возьме ўдзел да 70-ці краінаў свету.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: olympics.com

«Там даволі высокія будуць прызавыя. Яны будуць фактычна роўныя алімпійскім прызавым. Можа, нават і вышэйшыя. І вы павінныя зразумець, што атлеты з Афрыкі, атлеты з Азіі, атлеты з Паўднёвай Амерыкі – яны з задавальненнем прымуць там удзел. Я разумею, што МАК перапалохаўся цяпер», – кажа Аляксандр Апейкін.

У МАК заявілі, што не разглядаюць Гульні сяброўства як канкурэнта Алімпійскім гульням. Але назвалі іх правядзенне «палітызацыяй спорту» і папярэдзілі спартоўцаў і краіны аб санкцыях за магчымы ўдзел у іх.

«На гэта давядзецца звярнуць увагу ў будучыні. Мы застаемся ў шчыльным кантакце з міжнароднымі федэрацыямі і нацыянальнымі алімпійскімі камітэтамі. Пры гэтым ёсць дакладная пазіцыя Сусветнага антыдопінгавага агенцтва ў дачыненні гэтых гульняў. Яна абвяшчае, што гэта несанкцыянаванае мерапрыемства!», – заявіў Джэймс МакЛаўд.

У сваю чаргу Лукашэнка заахвочвае беларускіх чыноўнікаў да ўдзелу ў спартовых ініцыятывах Крамля:

«Многія пачынаюць выць, што ці бачыце санкцыі і нас не пускаюць кудысьці! А куды вас не пускаюць? Вас што ў Расею не пускаюць? Гэта самая спартовая і наймацнейшая дзяржава нашай планеты».

Летнія Алімпійскія гульні ў Парыжы пройдуць з 26 ліпеня да 11-га жніўня. У выпадку перамогі там беларусаў і расейцаў іхныя медалі не будуць адлюстроўвацца ў агульным заліку. Таксама забароненая любая сімволіка Беларусі і Расеі.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»