Іван Ціхан прапануе беларусам не ехаць на Алімпіяду


У сталіцы Францыі паказалі медалі, якімі ўзнагародзяць пераможцаў і прызёраў Алімпіяды ў Парыжы. Яны важаць васямнаццаць грамаў і маюць на сабе выяву Эйфэлевай вежы. З дызайнам алімпійскіх медалёў упершыню ў гісторыі працаваў ювелір.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Былі некаторыя сапраўдныя нявыкарыстаныя фрагменты Эйфэлевай вежы 1889 года, якія замянілі падчас тэхнічных працаў… І таму моцны бок медаля Алімпіяды ў Парыжы – гэта тое, што ў яго інтэграваны фрагмент сапраўднай Эйфэлевай вежы», – кажа кіраўнік аргкамітэту Алімпіяды Тані Эстанге.

Між тым кіраўнік Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Іван Ціхан агітуе сваіх спартоўцаў не ехаць на Алімпіяду ў Парыж. Маўляў, там магчымыя розныя правакацыі.

«Кідаць там хлопцаў адных не хацелася б. Лепш, як я бачу, атрымаць станоўчы досвед сярод моцных спартоўцаў у Расеі, чым ехаць туды [на Алімпіяду], – мяркуе Іван Ціхан. – Асабістых рэкордаў ніхто не забіраў і не забярэ, іх можна працягваць усталёўваць у іншым месцы».

Сам Іван Ціхан раней быў вядомым спартоўцам – кідаў молат. Ён прымаў удзел у чатырох Алімпіядах і двойчы заваёўваў там медалі.

«Зараз у модзе такая ваяўнічая рыторыка, – кажа галоўны рэдактар «Tribuna.com» Алег Гаруновіч. – Ціхан проста адпавядае часу і дазваляе сябе гаварыць тое, што гавораць тыя, хто вышэй за яго. Модна вяртацца ў мінуўшчыну, у часы Савецкага Саюзу. Ізноў гэтае супрацьстаянне паміж захадам і ўсходам».

Проста цяпер шэсць беларускіх лёгкаатлетаў выканалі алімпійскія нарматывы. Міжнародны алімпійскі камітэт рэкамендаваў дапусціць іх да гульняў у нейтральным статусе, аднак Міжнародная федэрацыя лёгкай атлетыкі такога дазволу дагэтуль не дала.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: olympics.com

«Трошкі смешна сітуацыя выглядае, маўляў, гэта не вы нас выкінулі, гэта мы абразіліся і маем такі гонар, што самі да вас не пойдзем. Сітуацыя выглядае зусім інакш: іх там ніхто не чакае», – мяркуе кіраўнік міжнароднага дэпартаменту Фонду спартовай салідарнасці Анатоль Котаў.

Зрэшты, існуе імавернасць, што дазвол на ўдзел беларускія лёгкаатлеты ўсё ж атрымаюць летам – проста напярэдадні Алімпіяды.

«Падрыхтоўка ў такой сітуацыі напружанасці, нявызначанасці – гэта вельмі складана для атлетаў. І зразумела, калі яны і будуць выступаць, то яны будуць выступаць без тэхнічных дэлегатаў, трэнераў, масажыстаў. Цяжка будзе паказаць нейкі максімальны вынік», – разважае кіраўнік Фонду спартовай салідарнасці Аляксандр Апейкін.

Іван Ціхан таксама выказаўся наконт альтэрнатывы для Алімпійскіх гульняў. На ягоную думку, ёй могуць стаць Гульні сяброўства, якія ладзіць Расея.

«Чэмпіянат свету, Еўропы, Алімпіяда – гэта мерапрыемствы вельмі высокага ўзроўню, – даводзіць Аляксандр Апейкін. – Для кожнага атлета гэта магчымасць прадэманстраваць свой узровень, адчуць рэальнае спаборніцтва, канкурэнцыю. Ніякія гэтыя альтэрнатыўныя турніры ў бліжэйшы час не заменяць гэты ўзровень».

Да таго ж планы правядзення Гульняў сяброўства раскрытыкаваў Міжнародны алімпійскі камітэт. У перспектыве ён можа ўвесці санкцыі супраць атлетаў, якія прымуць у іх удзел. Беларускія спартоўцы пакуль няпэўныя.

«Відаць, што вагаюцца: ехаць ці не ехаць. Не ехаць – гэта нейкія не саюзныя паводзіны, – мяркуе Анатоль Котаў. – Вагаюцца, таму што лічаць магчымыя прызавыя і ўзважваюць магчымыя санкцыі за гэта».

Анатоль Котаў дадае, што ўдзел беларусаў у Гульнях сяброўства, хутчэй за ўсё, стане прадметам палітычнага торгу паміж Пуціным і Лукашэнкам. У выпадку ж допуску да Алімпіяды галоўнае – каб не Іван Ціхан, а самі атлеты вызначалі, ці варта ім ехаць.

Ян Федаровіч, «Белсат»