Расея верне ва Украіну 11 дзяцей


16-гадовы хлопец, бацькі якога загінулі падчас эвакуацыі з Луганскай вобласці, нарэшце апынецца побач са сваякамі. Раней яго, як і шматлікіх іншых украінскіх дзяцей, прымусова дэпартавалі ў Расею з акупаваных тэрыторыяў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Падлетак прыбыў у Менск у складзе групы з 11 дзяцей. Сёння праз тэрыторыю Беларусі яны адпраўляюцца на паўночны захад Украіны.

Паводле звестак ініцыятывы «Дзеці вайны», за час поўнамаштабнага ўварвання з падкантрольных Расеі тэрыторыяў прымусова вывезлі амаль 20 тысяч дзяцей.

Пакуль украінскаму боку ўдалося вярнуць толькі 388 з іх. Частку з іх вярнулі праз Беларусь.

«Лукашэнка рэальна адчувае пагрозу прыцягнення да адказнасці за ваенныя злачынствы, звязаныя з незаконным перамяшчэннем украінскіх дзяцей праз тэрыторыю Беларусі. Дзеля таго, каб нівеляваць гэтыя пагрозы, ён сёння хоча прадставіць сябе як асоба-міратворац, якая дапамагае вяртанню ўкраінскіх дзяцей», – зазначае лідар НАУ Павел Латушка.

Пры гэтым сам Лукашэнка асабіста спрыяў незаконнай дэпартацыі непаўналетніх украінцаў.

Дзеці з акупаваных тэрыторыяў Украіны на чыгуначным вакзале ў Менску. 25 красавіка 2023 года.
Фота: Алексей Талай / vk.com

Паводле звестак Аддзелу правоў чалавека Ейлаўскага ўніверсітэту, менавіта ён ухваліў удзел беларускіх арганізацыяў у транспартаванні дзяцей не толькі ў Расею, але і ў Беларусь.

Гэтак, з пачатку вайны ў нашую краіну незаконна вывезлі не менш за 2442 грамадзяніны Украіны ў веку ад 6 да 17 гадоў.

Ейлаўскія даследнікі знайшлі 13 месцаў, у якіх утрымлівалі дзяцей. Тут яны падлягалі так званаму перавучванню. Ім прывівалі прарасейскія патрыятычныя ідэі, некаторых абавязалі прайсці вайсковую падрыхтоўку на базе беларускіх унутраных войскаў.

Ключавую ролю ў дэпартацыі дзяцей у Беларусь адыгрывае паралімпіец Аляксей Талай. Пры ўдзеле ягонага фонду ахвяраў вывозілі з 17 гарадоў Украіны.

«Той факт, што з іншага боку Беларусь разглядаецца як калідор для вяртання не толькі дзяцей, але і сем’яў украінскіх, таксама паказвае, што Беларусь застаецца такой шэрай зонай, якую можна выкарыстоўваць у два бакі: як на дапамогу Украіне, так і супраць яе», – адзначае палітолаг Павел Усаў.

Летась у сакавіку Крымінальны суд у Гаазе абвінаваціў прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна і ўпаўнаважаную ў правах дзіцяці Марыю Львову-Бялову ў вывазе ўкраінскіх дзяцей і выдаў ордары на іхны арышт. Пры гэтым беларусаў, якія маюць дачыненне да гэтай жа справы, пакуль да адказнасці прыцягнуць не спрабавалі.

Кацярына Гардзеева, «Белсат»