Гадавіна Плошчы-2010. Узгадваем гэтыя падзеі


13 гадоў таму, 19-га снежня 2010-га года дзясяткі тысяч асобаў выйшлі на вуліцы Менску. На той час гэта была адна з найбольш масавых акцыяў пратэсту ў Беларусі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Тады ўдзельнічалі ў гэтай акцыі 50-70- тыс чалавек. Было сапраўды шмат людзей, была запоўненая спачатку плошча Кастрычніцкая, потым – праспект Незалежнасці і плошча Незалежнасці», – узгадвае ўдзельніца падзеяў, галоўная рэдактарка сайту «Хартыя’97» Наталля Радзіна.

Пратэст разгарэўся па выніках прэзідэнцкіх выбараў, удзел у якіх узялі дзесяцёра, сярод іх – Андрэй Саннікаў, Мікола Статкевіч, Уладзімір Някляеў, Рыгор Кастусёў. Аднак, паводле Цэнтральнай выбарчай камісіі, абсалютную большасць набраў Лукашэнка – каля 80-ці адсоткаў галасоў. Такім лічбам людзі не паверылі ды адгукнуліся на заклік апазіцыйных кандыдатаў. Што праўда, розныя дэмакратычныя сілы ўкладалі розныя спадзевы на акцыю пратэсту.

«Хтосьці верыў, што рэжым Лукашэнкі можа хутка абрынуцца, калі выйдзе масава вялікая колькасць людзей. Хтосьці заклікаў людзей на Плошчу дзеля таго, каб яны маглі выказаць свой пратэст супраць татальнай фальсіфікацыі выбараў, якая тады адбывалася. Я асабіста бачыў, што людзі, на жаль, у Беларусі масава не гатовыя бараніць свой выбар на той час, але я лічыў, што пратэст мусіць адбыцца, таму што грамадзяне не галасавалі за Аляксандра Лукашэнку», – кажа экс-кандыдат на прэзідэнцтва ў 2010 годзе ад Беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў Віталь Рымашэўскі.

Яшчэ да закрыцця выбарчых участкаў на калону Уладзіміра Някляева, які тады ўзначальваў кампанію «Гавары праўду», напалі людзі ў чорнай форме. Самога Някляева моцна збілі, а пазней забралі ў СІЗА КДБ проста з лякарні.

Зачыстка пратэсту на плошчы Незалежнасці пачалася пасля правакацыі, калі некалькі невядомых асобаў пачалі біць шкло дзвярах Дому ўраду. Тады арыштавалі больш за 600 чалавек, у тым ліку сямёх кандыдатаў на прэзідэнцтва і дзясятак журналістаў.

Зачыстка плошчы Незалежнасці. Менск, Беларусь. 19 снежня 2010 года.
Фота: Аляксандр Саенка

«Білі па целе, білі па галаве, і праз некалькі гадзінаў арыштавалі ўжо ў рэдакцыі. Канешне ніякай медычнай дапамогі я не атрымала. Мне было дрэнна ўжо ў камеры СІЗА КДБ, дзе я знаходзілася. Выклікалі нават хуткую, але было забаронена мяне везці ў лякарню», – узгадвае Наталля Радзіна.

Улады завялі больш за паўсотні крымінальных справаў аб масавых закалотах. Найбольшы тэрмін атрымаў Мікалай Статкевіч, на волю ён выйшаў толькі ў 2015-м. Падзеі 2010-га сталі і моцным ударам па дачыненнях Беларусі з Захадам. Толькі пасля таго, як вызвалілі ўсіх палітвязняў, заходнія краіны пачалі адмяняць уведзеныя супраць афіцыйнага Менску санкцыі.

«Гэтая акцыя выявіла адсутнасць даверу і ўнутры апазіцыйных сілаў, і паміж уладай ды апазіцыяй. Паказала, што ніякіх правілаў у гэтай сферы быць не можа», – кажа доктар палітычных навук, дырэктар інстытуту «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч.

Дамагчыся ж адмены вынікаў выбараў ці прымусіць Лукашэнку сысці праз пратэст у 2010 годзе не ўдалося, бо, як зазначае Андрэй Казакевіч, у апазіцыі і не было такой задачы:

«Палітыкі якія яе ініцыявалі хацелі мабілізаваць сваіх прыхільнікаў, магчыма, для будучых кампаніяў. Была размова пра выбары 2012 і той, хто прадэманструе сілу на Плошчы, будзе лідарам нефармальным ці фармальным апазіцыі».

Цяпер жа чакаць пратэстаў у самой Беларусі – складана праз высокі ўзровень рэпрэсіяў. Дый пасля падзеяў 2020-га года змены ў краіне моцна залежаць ад вонкавых чыннікаў.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»