Смяротны прысуд агучылі забойцу сына


Абвінавачанага ў катаванні і забойстве дзіцяці Аляксандра Таратуту асудзілі на расстрэл. Ягоную жонку Анастасію пакаралі 25-цю гадамі калоніі строгага рэжыму.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Уся сістэма накіраваная не на выпраўленне, а на варварскае разуменне справядлівасці. Маленькі хлопчык страціў жыццё ў выніку гэтага злачынства, а цяпер і ягонага бацьку, вінаватага, таксама пазбавяць жыцця», – каментуе прысуд праваабаронца «Human Rights Impact» Раман Кісляк.

Справу сужэнцаў разглядаў Менскі абласны суд. Паводле матэрыялаў справы, у студзені Анастасія і Аляксандр Таратуты да смерці збілі аднаго з чацвярых сваіх дзяцей. Непасрэдна перад смерцю трохгадоваму хлопчыку нанеслі 9 удараў, большасць – у галаву. Але здзекавацца з дзіцяці пачалі з ягонага нараджэння.

«Бацькі шляхам яўна недастатковага харчавання для нармальнага развіцця дзіцяці даводзілі яго да нямогласці. Яны фіксавалі ягоныя ручкі і ножкі вопраткай і спальнай бялізнай, абмяжоўваючы магчымасць свабоднага руху канцавінаў дзіцяці. Сямёну не забяспечылі належнага спальнага месца, і дзіця было змушанае спаць на падлозе ў кухні, часам абсалютна голае», – пералічвае здзекі над дзіцём дзяржаўная абвінаваўца Таццяна Гракун.

Падчас суда высветлілася, што малога Сямёна са шматлікімі траўмамі пасля збіцця яшчэ ва ўзросце васьмі месяцаў прывозілі ў рэанімацыю. А пазалетась дзяцей з сям’і ўжо забіралі, але пара здолела вярнуць іх. Паводле сведкаў, суседзі неаднаразова звярталіся ў міліцыю і ў іншыя службы, каб паведаміць, што ў кватэры здзекуюцца з дзіцяці. За выкананне правоў і свабодаў чалавека, у тым ліку права на жыццё, адказнасць нясе дзяржава, нагадвае Раман Кісляк:

«Вядома, дзяржава мае адказваць, і канкрэтныя органы, службовыя асобы маюць адказаць за нячуласць, нерэагаванне ці недастатковую рэакцыю на сітуацыю ў сямʼі».

Паводле міністра працы і сацыяльнай абароны Ірыны Касцевіч, у краіне 10 тысячаў семʼяў, у якіх дзеці жывуць у сацыяльна небяспечным стане, у 60 % з іх бацькі – пʼяніцы. Што мае рабіць дзяржава, каб перадухіліць трагедыі ў такіх семʼях?

Абвінавачаныя Аляксандр і Анастасія Таратуты ў судзе. Скрыншот з відэа: mlynby/ Telegram

«Мы сёння кажам пра ўзаемадзеянне. У нас апроч органаў апекі ёсць людзі, якія кантралююць, як жыве сямʼя. Ну, напрыклад, ёсць педыятры, лекары, медсёстры, якія наведваюць. Калі яны бачаць, што там за дзіцем неналежны дагляд, канечне, яны павінныя праінфармаваць органы апекі», – тлумачыла падчас нашага тэлефанавання на прамую лінію старшыня Савету Рэспублікі Наталля Качанава.

Гучыць прыгожа, але на практыцы, як бачым, працуе далёка не заўсёды. Затое праз дзяцей пасля 2020-га года лукашэнкаўскія ўлады пачалі ціснуць на грамадскіх актывістаў, незалежных журналістаў і палітыкаў. Да прыкладу, у былой журналісткі Ларысы Шчыраковай пасля ейнага арышту дзіця забралі ў прытулак у той жа дзень проста са школы. Пагражалі забраць дзяцей і з сямʼі былога палітвязня Віталя Жука, калі ён быў у калоніі.

«З аднаго боку, моцны псіхалагічны ціск на мяне, бо я разумеў, што ў тых умовах, дзе знаходжуся, я абсалютна нічога не магу зрабіць. І натуральна, можаце ўявіць, як было маёй жонцы, якая разумела, які ціск ствараецца і якая пагроза, што могуць забраць дзяцей», – кажа Віталь Жук.

Дзяржабвінаваўца ў справе аб забойстве трохгадовага Сямёна Таццяна Гракун паведаміла, што пасля трагедыі завялі яшчэ адну крымінальную справу. Нагодаю для яе стала бяздзейнасць адпаведных службаў, якія не перадухілілі трагедыю.

«Крымінальная справа ў дачыненні службовых асобаў, у абавязкі якіх уваходзіла праца для прафілактыкі сямейнай неўладкаванасці, была раней вылучаная ў асобную вытворчасць і цяпер расследуецца Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь», – патлумачыла Таццяна Гракун.

Пакуль не вядома, хто фігуранты гэтай справы і якія захады адносна іх прынялі. Судовае ж паседжанне ў справе пра пазбаўленне Аляксандра і Анастасіі Таратутаў бацькоўскіх правоў мае адбыцца 26-га кастрычніка.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»