У Беларусі адзначылі Дзень маці, пакуль у няволі трымаюць дзясяткі матуль


У Беларусі 14 кастрычніка адзначаюць Дзень маці. Свята заснаваў Лукашэнка адмысловым указам у 1996-ым годзе. Прапаганда ў гэтыя дні згадвае даброты і дзяржаўнае падтрыманне сем’яў, ухваляе шматдзетных і падкрэслівае важнасць маці ў жыцці кожнай асобы. Пра беларусак, якіх тая ж дзяржава абʼявіла ворагамі і кінула ў вязніцу, – ані слова.

Стах і Славамір – дзеці Паліны Шарэнды-Панасюк – не бачылі мамы больш за два гады. І не ўбачаць яшчэ сама меней год. Найгорш пераносіць расстанне меншы сын.

«Першыя некалькі месяцаў увогуле было складана, – прызнаецца бацька хлопчыка Андрэй Шарэнда. – Часта прачынаўся ўначы, падбягаў да ложка, не бачыў мамы, шукаў, пытаўся: дзе мама?»

Славаміру было 10, калі забралі маму. Ейнае ласкі ён прагне не меней за маленькага Стаха. Але хлопец трымаецца годна.

«Я, канешне, да апошняга таксама верыў, што вось ужо праз пару дзён зноў змагу пабачыць маму, размаўляць з ёй па тэлефоне, як раней. Але недзе там у сябе ўнутры я ўсё роўна разумеў, што, хутчэй за ўсё, так не будзе».

Паліну Шарэнду-Панасюк засудзілі нібыта за абразу Аляксандра Лукашэнкі і драпіну на твары міліцыянта. Пасля тэрмін падоўжылі за «непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі». У жніўні сёлета яна мелася выйсці на волю, але за тры дні да азначанай даты Паліне выставілі новае абвінавачанне: зноў «непадпарадкаванне».

«Набліжаўся дзень вызвалення Паліны, 6 жніўня, і ніякіх рухаў не было, – узгадвае муж Паліны Андрэй. Ну, і зразумела, што дзеці заўсёды чакаюць маму. І мы да гэтага дня рыхтаваліся».

За кратамі застаюцца 27 палітвязняў-маці няпоўнагадовых дзяцей, 4 з іх чакаюць выракаў, астатніх асудзілі на розныя тэрміны. Пра гэта паведамляе ініцыятыва «Палітвязынка». Паводле актывісткі Яўгеніі Доўгай, разлучаць маці з дзецьмі – гэта жорсткі маральны гвалт, асаблівая форма катавання.

«Калі жанчына патрапляе ў турму – туды ж трапляюць і ейныя дзеці. Тое, што яна ёсць мамаю, – стварае дадатковы ціск. Таму яна будзе выконваць працу. А калі адмовіцца, то ў яе не будзе, напрыклад, званкоў і размовы з дзецьмі. Або тых жа спатканняў».

Дзяржава бясконца дэкларуе падтрыманне бацькоўства як найгалоўнейшы свой прыярытэт.

І адначасова галоўнай рэдактарцы выдання «Tut.by» і маці дваіх няпоўнагадовых на той момант дзяцей Марыне Золатавай прысудзілі 12 гадоў.

Былую журналістку Белтэлерадыёкампаніі Ксенію Луцкіну пазбавілі магчымасці абняць сына Мацвея на 8 гадоў.

Кацярына Джыг, удава і маці чацвярых дзяцей, адно з якіх мае цяжкую інваліднасць, цяпер чакае суда. Паводле праваабаронцаў, ёй пагражае вялікі турэмны тэрмін.

Калі затрымлівалі шматдзетную Таццяну Пыцько, яна карміла грудзямі меншую дачку. Дзяўчынцы не было і годзіка, калі яе адправілі ў шпіталь, што замяніў прытулак.

Інтэрв’ю
«На аглядзе ў гінеколага побач стаіць канваір і глядзіць». Праз што праходзяць палітзняволеныя беларускі
2023.03.08 09:44

80 % жанчын у зняволенні атрымліваюць псіхасаматычныя парушэнні, якія ў турэмных умовах пераходзяць у хранічныя цяжкія хваробы.

«Найбольш яркі – дэпрэсіўны сіндром, – патлумачыла псіхолаг Ала Марціновіч. – З боку псіхалогіі дэпрэсія ёсць прычынаю самых разнастайных хваробаў. Можа нават развівацца анкалогія. На тле дэпрэсіі развіваюцца сардэчныя захворванні».

Лукашэнка калісь абвясціў, што з жанчынамі ён не ваюе. Але рэпрэсіі супраць беларусак толькі ўзмацняюцца з 2020-га года. Палітолаг Валерый Карбалевіч мяркуе, што прычына – цалкам зразумелая.

«На чале таго пратэсту стаялі трое жанчын: Калеснікава, Цапкала, Ціханоўская. Ён прайграў жанчыне прэзідэнцкія выбары! Ну, а цяпер ён проста помсціць усім, у тым ліку – і жанчынам».

Праваабарончы цэнтр «Вясна» прызнаў палітзняволенымі ў Беларусі 160 жанчын, яшчэ 430 асуджаныя на гэтак званую хатнюю хімію. А антываенны грамадскі рух «Саюз маці Беларусі» КДБ днямі прызнаў экстрэмісцкім.

Hавiны
У Беларусі адзначаюць Дзень маці. Як віншавалі Лукашэнка, Ціханоўская і Белстат
2023.10.14 17:09

Марына Яновіч, «Белсат»