Лукашэнка рыхтуецца да новай вайны


Усіх пад ружжо. Мілітарызацыя ў Беларусі набывае новыя формы. Новы законапраект, калі будзе прыняты, павялічыць штрафы і пакаранні для тых, хто не явіўся на заклік ваенкамату. А цывільных людзей у «добраахвотным» парадку будуць запісваць на капанне акопаў – на працы абароннага характару. Разам з тым прапагандысты Лукашэнкі зноўку пагражаюць суседзям ядравай зброяй, і кажуць, што ў Беларусь ужо дастаўленыя спецбоепрыпасы для бамбавікоў Су-24М.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У Беларусі мабілізуюць усё, нават эканоміку паставяць на ваенныя рэйкі. Аляксандр Лукашэнка напісаў, ягоны Савет міністраў перадаў, а Палата прадстаўнікоў прыняла на разгляд законапраект «Аб зменах законаў у пытаннях нацыянальнай бяспекі». Сярод іншага, там прадугледжанае накапленне матэрыяльных каштоўнасцяў у дзяржаўным мабілізацыйным рэзерве, як у вайну. Таксама будучы закон прадугледжвае, што павестка перастае быць папяровым выклікам – дастаткова адпраўленай SMS ад ваенкамату ці КДБ, каб забраць чалавека «ў боты», у казарму. І грамадзяне самі мусяць паведамляць у ваенкамат пра змену нумару.

«Дыктатура – гэта заўсёды крэпасць у аблозе, дзе штучна ствараюцца ворагі звонку і знутры. І каб бараніцца, трэба ўзмацняць усе ваенныя прыгатаванні», – тлумачыць логіку мілітарызацыі палітычны аглядальнік радыё «Свабода» Валер Карбалевіч.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускае войска. Фота – Віктар Драчоў/ТАСС

Таксама, калі закон прымуць, грамадзян змогуць прыцягваць да працаў абарончага характару – нібыта добраахвотна, з захаваннем месца працы і сярэдняга заробку – за кошт бюджэту. Законапраект вялікі, але агульны яго сэнс – падрыхтоўка да вайны.

«Менш чым за 24 гадзіны мы сабралі магутную групоўку», – кажа старшыня Асацыяцыі спецназу МУС «Честь» Дзмітрый Паўлічэнка, падазраваны ў камандаванні «эскадронамі смерці» Лукашэнкі.

«650 падрыхтаваных, высока матываваных добраахвотнікаў па любым тэлефанаванні гатовыя прыбыць у любую кропку Беларусі, узброіцца», – пераконвае камандуючы ўнутранымі войскамі Лукашэнкі Мікалай Карпянкоў.

А так ідзе праверка ветэранаў міліцэйскага спецназу, якія некалькі дзён вучыліся менавіта баявым дзеянням пад кіраўніцтвам Савету бяспекі Лукашэнкі. Гэта толькі частка вучэнняў і праверак, якія не спыняюцца ў Беларусі ад пачатку 2022-га года і ўварвання Расеі ва Украіну.

«Нам любым коштам неабходна захаваць суверэнітэт і незалежнасць нашых дзяржаваў. Дамагчыся гэтага можна толькі каардынацыяй замежнай палітыкі і павышэннем абароннага патэнцыялу вайсковай арганізацыі дзяржавы», – заявіў у сераду міністр абароны Лукашэнкі Віктар Хрэнін.

Напярэдадні ў Маскве прайшла сумесная Калегія міністэрстваў абароны Расеі і Беларусі, дзе Шайгу і Хрэнін падпісалі план сумеснай працы на наступны год.

«Асобна хацелася б падзякаваць вам, паважаны Сяргей Кужугетавіч, за рашэнне аб перадачы ў склад Узброеных сілаў РБ сучасных узораў узбраенняў і вайсковай тэхнікі», – казаў Віктар Хрэнін.

«Сучасная зброя ў разуменні Расеі цяпер даволі расцягнутае азначэнне. Бо, як бачым, танк Т-62М для іх таксама з’яўляецца сучасным баявым танкам у арміі», – нагадвае Аляксандр Каваленка з украінскай групы «Інфармацыйны супраціў».

Афіцыйна няясна, за што Хрэнін хваліць Шайгу. Неафіцыйна – прапагандысцкі рэсурс Лукашэнкі пад назвай «Невальфовіч» паведаміў, што ў Беларусь прыбылі спецбоепрыпасы з ядравымі боегалоўкамі не толькі для ракетных комплексаў «Іскандэр» і штурмавікоў Су-25, але і тактычныя ядравыя бомбы для бамбавікоў Су-24М. Праўда, іх у Беларусі на ўзбраенні няма ўжо 11 гадоў, гэта музейны экспанат.

«Мы можам казаць, што расейцы маглі перакінуць свае Су-24 на тэрыторыю Беларусі і ўзброіць іх гэтай ядравай зброяй», – мяркуе вайсковы аглядальнік «Белсату» Зміцер Міцкевіч.

Дагэтуль няма вартага даверу афіцыйнага пацверджання, што тактычная ядравая зброя ўжо ў Беларусі, у тым ліку і ад выведкі ЗША.

«Я быў бы вельмі здзіўлены, калі б Расея была здольная перамясціць тактычную ядравую зброю і ўсе рэчы, якіх гэтая зброя патрабуе, кудысьці ў Беларусь», – тлумачыць «Белсату» былы камандуючы арміяй ЗША ў Еўропе Бэн Годжэз.

Але Лукашэнку патрэбна ўвесь час пагражаць то ядравай зброяй, то баевікамі Вагнэра, каб баяўся і Захад, і самі беларусы, мяркуе Аляксандр Каваленка:

«Лукашэнка пастаянна выстаўляе сябе, як лідар, у якога ёсць або зброя, якую трэба баяцца, або рэсурс на тэрыторыі Беларусі, які ён стрымлівае, і Еўропа мусіць быць яму за гэта ўдзячная. Але цяпер мы бачым, што шэрагі “Вагнэра” парадзелі».

Праўда, ядравая зброя як інструмент пагрозаў б’е па руках і таму, хто яго трымае.

«Гэта яшчэ адзін чыннік, які моцна абцяжарвае любыя спробы нармалізацыі адносінаў з суседзямі на Захадзе і на Поўначы, і ўвогуле адносінаў з Захадам», – тлумачыць палітычны аглядальнік радыё «Свабода» Валер Карбалевіч.

Дый схаваць яе цяжка. Амерыканскае выданне «The Wall Street Journal» прааналізавала здымкі са спадарожніка і матэрыялы лукашэнкаўскай прэсы і прыйшла да высновы, што калі тактычная ядравая зброя ўжо ў Беларусі, яна можа быць на адной з пляцовак у Асіповіцкім раёне Магілёўскай вобласці.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»