У Швейцарыі пачаўся суд над Юрыем Гараўскім


На судзе дае супярэчлівыя паказанні, выглядае нездаровым. Гістарычны для Беларусі працэс пачаўся за межамі краіны. Акруговы суд швейцарскага гораду Роршах пачаў разглядаць справу Юрыя Гараўскага. Былога байца спецыяльнага атраду хуткага рэагавання вінавацяць у датычнасці да знікнення беларускіх палітыкаў амаль чвэрць стагоддзя таму.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Яго супрацьлеглыя паказанні могуць сведчыць, што вырак будзе за гэтую справу, але за іншае злачынства будзе яму інкрымінавацца: стварэнне бачнасці злачынства, то бок стварэнне бачнасці таго, што ён зрабіў злачынства», – кажа прысутны на судзе намеснік кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Арцём Брухан.

Суд над Юрыем Гараўскім – не толькі першы працэс у справе зніклых беларускіх палітыкаў. Гэта першы выпадак, калі за злачынствы, здзейсненыя ў Беларусі, судзяць за яе межамі паводле Швейцарскага крымінальнага кодэксу – на гэтым і палягае прынцып універсальнай юрысдыкцыі. Таксама гэта першы працэс у справе аб гвалтоўным знікненні людзей, які разглядае Швейцарыя.

«Калі казаць пра Швейцарыю, там гэтая справа стала магчымай менавіта з-за таго, што злачынца якраз знаходзіцца на тэрыторыі краіны. Таму што, згодна са швейцарскім заканадаўствам, можна разглядаць такую справу толькі калі злачынца знаходзіцца на іх тэрыторыі», – тлумачыць дарадца Святланы Ціханоўскай у прававых пытаннях Крысціна Рыхтэр.

Чатыры гады таму, атрымаўшы прытулак у Швейцарыі, Юрый Гараўскі прызнаўся ў датычнасці ў складзе так званых «эскадронаў смерці» да выкрадання і забойства ў 1999-м годзе апазіцыйных палітыкаў. Тады цягам некалькіх месяцаў зніклі былы міністр унутраных справаў Юрый Захаранка, былы старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Віктар Ганчар і бізнесовец Анатоль Красоўскі.

Пасля прызнання Гараўскага сваякі зніклых падалі крымінальныя пазовы. Справу аб знікненні, што ў Беларусі некалькі разоў закрывалі, у Швейцарыі расследавалі ды давялі да суда. Калі мацнейшых доказаў, чым сведчанні Гараўскага, не агучаць, то значнасці для палітычных працэсаў у Беларусі гэты суд мець не будзе, лічыць дырэктар інстытуту «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч. Пасля знікнення апазіцыйных палітыкаў прайшло шмат часу, і адбылося шмат не менш трагічных падзеяў. І Лукашэнку дадатковымі абвінавачаннямі прызнанні Гараўскага не пагражаюць.

Юрый Гараўскі.
Фота: «Deutsche Welle»

«Ён можа толькі казаць, што яго непасрэднае кіраўніцтва такія загады аддавала. А прабудаваць увесь ланцуг прыняцця рашэнняў ці загадаў на гэты конт да вяршыняў беларускай улады будзе выглядаць хутчэй на спекуляцыю», – кажа Андрэй Казакевіч.

Але суд з выкарыстаннем механізму ўніверсальнай юрысдыкцыі – прэцэдэнт для праваабарончых ініцыятываў. Не ў кожнай з еўрапейскіх краінаў абавязковая прысутнасць падазраванага для распачынання крымінальнай справы паводле сур’ёзных абвінавачванняў. Ад дзеянняў жа беларускага рэжыму толькі цягам апошніх гадоў пацярпелі тысячы асобаў.

«Беларусам варта звярнуць увагу на гэтыя механізмы. І калі хтосьці стаў ахвярай злачынства супраць чалавечнасці і знаходзіцца па-за межамі, то можна спрабаваць такую працэдуру і такую справу ўзбуджаць», – раіць Крысціна Рыхтэр.

Крымінальныя справы, звязаныя са злачынствамі рэжыму Лукашэнкі, ужо расследуюцца ў Літве, Польшчы, Нямеччыне ды Чэхіі. Нават калі прыцягнуць вінаватых да адказнасці ўдасца не адразу, такія працэсы прафесійна фіксуюць доказы віны ды зʼяўляюцца моцнымі сігналамі пра непазбежнасць пакарання.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»