Расейскі вайсковы хаб знішчылі


Выбухі на складах на палігоне ў акупаваным Крыме. Наступствы ўражваюць.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«На вайсковым палігоне ў Кіраўскім раёне ў рэспубліцы Крым адбылося ўзгаранне. Прычыны будуць устаноўленыя. На сёння мной прынята рашэнне аб эвакуацыі чатырох населеных пунктаў у раёне 2200 чалавек», – даводзіць кіраўнік калабаранцкага ўраду Крыму Сяргей Аксёнаў.

Мясцовасці, пра якія кажа Аксёнаў, – на ўсходзе паўвострава. Яны фактычна мяжуюць са Старакрымскім палігонам. Вайсковы аглядальнік Міхайла Жырохаў называе яго вялізным лагістычным хабам.

«Ён знаходзіцца недалёка ад чыгункі, недалёка ад асноўных аўтадарог Крыму, таму ён выкарыстоўваўся вельмі даўно і вельмі ўдала для расейцаў. Лічылася, што ён знаходзіцца па-за зонай дзеяння тых сродкаў, якія былі на ўзбраенні ўкраінскай арміі», – разважае вайсковы аглядальнік Міхайла Жырохаў.

Сёння выбухі на палігоне, два дні таму – падрыў Крымскага мосту. Аўтамабільны рух аднавілі, але ці надоўга? Між тым, сярод тых, хто наведаў паўвостраў у гэтак званы летні сезон, – і беларусы. 13-га ліпеня ў дзіцячы лагер «Артэк» выехалі 24 школьнікі з нашай краіны. Зарганізаваў паездку Расейскі дом у Менску. У «Артэку» запэўніваюць у бяспецы дзяцей.

«Вы навіны глядзіце? У “Артэку”, на ягонай тэрыторыі ўсё спакойна, дзеці адпачываюць. Усё ў штатным рэжыме. Калі нешта здарыцца, вывезуць дзяцей, не пераймайцеся», – запэўніваюць у адміністрацыі дзіцячага цэнтру.

А вось вайсковы аглядальнік Міхайла Жырохаў звяртае ўвагу на вялікую рызыку, якую зазнаюць беларускія школьнікі падчас гэткага «адпачынку» на Чорным моры:

«Размова не толькі пра акупаваны Крым, дзе прылятаюць беспілотнікі, адбываюцца аварыі, абстрэлы з гібеллю мірных жыхароў. Чорнае мора пасля падрыву Кахоўскай ГЭС небяспечнае, таму што ў моры змытыя дзясяткі тон хімікатаў».

Між тым Расея ўначы нанесла масаваны ракетны ўдар па гарадах Украіны. Асабліва моцна пацярпела Адэса, яе порт і зерневыя тэрміналы. Абышлося без ахвяраў, але, паводле міністра аграпалітыкі і харчавання Украіны Мікалая Сольскага, знішчаныя 60 тысяч тонаў зерня.

«Такія аперацыі не рыхтуюцца за тры гадзіны. Для камбінаваных ракетных удараў неабходны як мінімум тыдзень падрыхтоўкі: і аператыўнай, і тэхнічнай. Расея такім чынам дэманструе, што яна не дае гарантыі бяспекі ў рэгіёне і ў першую чаргу – па ўкраінскіх партах», – мяркуе кіраўнік праектаў дзеля бяспекі Цэнтру глабалістыкі «Стратэгія XXI» Паўло Лакійчук.

Пажар каля ваеннага палігона ў Крыму. Скрыншот з відэа: bbbreaking /Telegram

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі звярнуўся да ўдзельнікаў зерневай угоды:

«Трэба, каб нашыя партнёры – ААН і Турцыя – не баяліся, што нават без Расейскай Федэрацыі трэба зрабіць усё, каб мы маглі выкарыстоўваць гэты чарнаморскі калідор. Мы не баімся. Калі Украіна адпусціць, а Турцыя будзе прапускаць у Басфоры, то ўсе гатовыя працягваць. Працягваць дастаўляць зерне».

Мінабароны Расеі паведаміла, што ад заўтра ўсе караблі, якія праз Чорнае мора плывуць ва ўкраінскія парты будуць лічыцца патэнцыйнымі перавознікамі вайсковых грузаў. А значыць уцягнутымі ў вайну на баку Украіны.

Ян Федаровіч, «Белсат»