Пайшоў з жыцця Канстанцін Кальцоў


Не стала вядомага беларускага хакеіста Канстанціна Кальцова. Яму было 42 гады. Сумная навіна прыйшла з амерыканскага Маямі. Паводле мясцовавай паліцыі, Канстанцін скончыў жыццё самагубствам. Менавіта туды ён прыляцеў, каб падтрымаць на тэнісным турніры сваю дзяўчыну, другую ракетку свету Арыну Сабаленку.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Апошнія гады Канстанцін Кальцоў працаваў асістэнтам галоўнага трэнера ва ўфімскім клубе «Салават Юлаеў». Тут у 2011-ым ён дабіўся самага вялікага поспеху ў кар’еры гульца: стаў уладальнікам Кубка Гагарына. На афіцыйным сайце каманды – смутак і спачуванні. Заўзятары «Салавата Юлаева» прыносяць кветкі да «Уфа-Арэны» на знак ушанавання памяці беларускага адмыслоўца.

«Самаадданы гулец, перспектыўны трэнер. Зусім нядаўна мы сустракаліся з ім на Кубку Першага каналу, дзе ён ачольваў зборную Беларусі. Пад кіраўніцтвам Кальцова беларусы паказалі яскравы, цікавы хакей, гуляць з імі было не проста і вельмі цікава. Мае найглыбачэйшыя спачуванні», – распавядае галоўны трэнер ХК СКА (Санкт-Пецярбург, Расея) Раман Ратэнберг.

Сваю прафесійную кар’еру Канстанцін пачаў у 1998 годзе ў складзе менскага «Юнацтва». Затым былі расейскія «Северсталь», «Металург», «Спартак». У заакіянскай кар’еры ён выступаў за клуб НХЛ «Пітсбурґ Пэнґўінз».

«Мяне сёння з раніцы як ашаламілі гэтым. Я яго нядаўна бачыў, толькі што гуляў “Салават” з “Трактарам”, я глядзеў гульню. Косця там на лавачцы ходзіць, я ўвогуле ў шоку. Ніяк не думаў, што так будзе», – узгадвае былы трэнер зборнай Беларусі і ХК «Дынама» (Менск) Уладзімір Крыкуноў.

З 2006-га да 2016-га Кальцоў выступаў у Кантынентальнай хакейнай лізе за «Салават Юлаеў», «Атлант», «Ак Барс» і менскае «Дынама». Таксама ён удзельнічаў у 10-ці дарослых чэмпіянатах свету ў дзвюх Алімпіядах, быў капітанам зборнай Беларусі.

Канстанцін Кальцоў
Канстанцін Кальцоў (у чорным злева) ў складзе «Пітсбург Пэнгўінз». 7 чэрвеня 2004 года.
Фота: John Kasko / AHL / Flickr, CC BY 2.0

«Да гэтага часу не магу гэтага зразумець: Салей, Цыпа (Уладзімір Цыплакоў), цяпер і Косця. Гэта нейкае варʼяцтва. Кальцоў быў вельмі добры і вясёлы чалавек. Гэта сто адсоткаў. Вялікі гулец – не шмат каму з беларусаў давялося пагуляць на такім узроўні», – кажа былы гулец нацыянальнай зборнай Беларусі, трэнер Андрэй Кавалёў.

Трэнерскую кар’еру Кальцоў распачаў у 2017-ым, калі стаў працаваць асістэнтам галоўнага коўча ў менскім «Дынама». Затым ужо была самастойная работа настаўнікам у «Берасці» і «Дынама» з Маладзечна. А ў 2021-ым Канстанцін зноў адправіўся ў расейскі ваяж, дзе месцам прыпынку сталі «Спартак» і да апошняга – «Салават Юлаеў».

«Косця – такі хлопец яшчэ, ён добрасумленны, што думаў тое і казаў, не круціў, не круціў. Працаваў заўсёды добра, без усялякіх прэтэнзій», – узгадвае Уладзімір Крыкуноў.

Апошнія гады Канстанцін быў у дачыненнях з беларускай тэнісісткай Арынай Сабаленкай. Іхны раман актыўна абмяркоўваўся ў прэсе і фанацкім асяроддзі. Былі і тыя, хто рабіў акцэнт на вялікай розніцы ва ўзросце, кагосьці бянтэжыла расстанне мужчыны з былой жонкай Юліяй, якая засталася з трыма сынамі.

«Не магу падабраць словаў, каб апісаць страту. Канстанцін Яўгенавіч – легенда ўсяго беларускага хакею і цудоўны чалавек. Спачуванні ўсім родным і блізкім. Зямля пухам», – распавядае гулец клубу НХЛ «Washington Capitals»

Аляксей Протас.

Кальцоў збіраўся падтрымаць сваю сяброўку на тэнісным турніры ў Маямі, які павінен стартаваць у сераду, 20-га сакавіка. Паводле арганізатараў, Арына Сабаленка ўжо знялася з гэтых спаборніцтваў. Незадоўга да ягонай смерці паведамлялася, што Кальцоў мае ўзначаліць менскае «Дынама» і зборную Беларусі.

«Найважнейшае – была дапамога партнёрам, мы сёння гулялі сапраўднай камандай, біліся, клаліся пад шайбу, дапамагалі адзін аднаму…» – кажа былы хакеіст, трэнер Канстанцін Кальцоў.

Павел Алейнікаў, «Белсат»