Скандалы ды інтрыгі: Каардынацыйная Рада самараспусціцца?


Мусілі замясціць выбары ў лукашэнкаўскі парламент, але ў выніку пачалі спрэчкі аб самароспуску. У Каардынацыйнай Радзе новы скандал: адныя дэлегаты патрабуюць распусціць другі склад і зрабіць наўпроставыя выбары, другія – у прыватнасці Віталь Рымашэўскі – кажуць пра паклёп. 

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Каардынацыйная Рада мусіла стаць альтэрнатывай Палаты прадстаўнікоў Лукашэнкі – і ў пэўным сэнсе стала. Там, дзе чырвона-зялёныя дэпутаты ў парыве еднасці адзінагалосна прымаюць спушчаныя зверху законапраекты, прадстаўнікі дэмакратычных сілаў гатовыя ахвяраваць сваімі пазіцыямі, каб дайсці да праўды. На старонцы Change.org з‘явілася петыцыя аб самароспуску Каардынацыйнай Рады. На гэты момант яна сабрала больш за сто галасоў.

«Нашая петыцыя і, калі патрэбна, датэрміновы выхад з складу КР – гэта хутчэй крок, каб прыцягнуць увагу медыяў, грамадскасці, беларусаў да вялізнай праблемы, якая пераследуе КР Другога склікання», – тлумачыць чалец Каардынацыйнай рады, падпісант петыцыі пра роспуск Міхаіл Рубін.

У петыцыі аўтарства Арцёма Лядоўскага з подпісамі некалькіх дэлегатаў Каардынацыйнай Рады ўтрымліваецца крытыка сённяшняй сістэмы протапарламенту. Аўтар і падпісанты звяртаюць увагу на неадпаведнасць выбарчай сістэмы – а хутка ў КР выбары Трэцяга складу, – на тое, што частка дэлегатаў гатовая ісці на гандаль палітвязнямі і патрабуюць ад сённяшніх дэлегатаў скласці свае паўнамоцтвы і правесці непасрэдныя бяспечныя выбары. Віталь Рымашэўскі заявіў «Белсату», што петыцыя – гэта паклёп, за які трэба ісці ў суд.

«Усе гэтыя пункты, што структура карупцыйная, што непразрыстыя механізмы і гэтак далей, – далей не прыведзена ніводнага факту, які б пацвярджаў гэтыя тэзісы», – кажа чалец Каардынацыйнай Рады лідар фракцыі «Наша справа» Віталь Рымашэўскі.

Асноўная прэтэнзія – да выбараў наступнага складу КР.

стратэгія пераходу да Новай Беларусі
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Офіс Святланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінет і Каардынацыйная рада выносяць на грамадскае абмеркаванне стратэгію пераходу да Новай Беларусі. Вільня, Літва. 13 снежня 2023 года.
Фота: Белсат

«Калі структура сфармаваная шляхам дэлегавання, то яны разумеюць, што, магчыма, яны на выбарах не трапяць у новы склад КР. То яны і будуць выступаць за тое, каб нейкую частку гэтай сістэмы дэлегавання захаваць», – патлумачыў у праграме «Тыдзень на Белсаце» намеснік кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Арцём Брухан.

Напрыклад, прадугледжаныя квоты для дэлегатаў. 15 адсоткаў мусяць быць прадстаўнікамі грамадскіх арганізацыяў, але пакуль няясна якіх. Ёсць нават гендарная квота на кандыдатаў.

Віталь Рымашэўскі кажа, што гэта толькі праект выбарчай сістэмы, які яшчэ мусяць абмеркаваць розныя палітычныя сілы.

«Надалей мы ствараем шырокі арганізацыйны камітэт, куды запрошаныя Полк Кастуся Каліноўскага і ягоныя прадстаўнікі, Офіс Святланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінет, прадстаўнікі палітычных партыяў: “Еўрабеларусь” Андрэй Саннікаў, спадар Цапкала, Зянон Пазняк і Вольная Беларусь», – абяцае Віталь Рымашэўскі.

Цяперашні склад Каардынацыйнай Рады дэмакратычных сілаў страчвае паўнамоцтвы ўжо 8 лютага.

«Я таксама як чалец КР і ўсе мае калегі мусім прайсці праз вось такі этап легітымізацыі, калі нас мусяць абраць беларусы. Таму што такім чынам сёння можа так выглядаць, што і прапаганда можа скарыстацца тым, што нібыта другі склад КР вызначае, якім чынам будзе сфармаваны трэці», – тлумачыць чалец Каардынацыйнай рады Валер Мацкевіч, па сумяшчальніцтву кіраўнік апарату АПК.

Выбары ў трэці склад Каардынацыйнай Рады мусяць адбыцца ў сакавіку праз электроннае галасаванне.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»