Расея не хоча будаваць другой АЭС у Беларусі


З захадам сонца беларускія гарады пагружаюцца ў цемру. І гэта пры тым, што ў краіне працуе атамная станцыя, са з’яўленнем якой улады абяцалі танную і даступную электраэнергію.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Я вас падштурхоўваю да таго, каб вы ў сваіх кватэрах не прыродны газ падводзілі, а электрычнасць», – казаў у жніўні Аляксандр Лукашэнка.

Апроч гэтага Лукашэнка неаднойчы трызніў і пра другую станцыю.

Паводле віцэ-прэзідэнткі даследчага цэнтру «Globsec» Алены Кудзько, планы будаваць другую АЭС у краіне могуць быць выкліканыя жаданнем дыверсіфікаваць залежнасць ад Расеі ў сферы энергетыкі:

«Былі заявы, што гэты праект будзе распрацоўвацца ў супрацы з некалькімі краінамі. То бок Расея неабавязкова будзе галоўным кантрактарам у гэтым праекце. Вядома, гэта дае Лукашэнку і яго рэжыму дадатковыя спробы патаргавацца з Расеяй. Ці знізіць цану на існых праектах. У тым ліку, напрыклад, знізіць цану на газ і электрычнасць».

Але выглядае на тое, што Расея таргавацца з Лукашэнкам не збіраецца. І нягледзячы на ранейшыя абяцанні дапамагчы, пачала стрымліваць беларускі бок.

«Будуючы генерацыю, вы павінныя разумець, хто будзе спажываць гэтую электраэнергію. Задачы проста нешта пабудаваць, каб яно стаяла, няма», – заявіў намеснік міністра энергетыкі РФ Павел Снікарс.

Тым часам другі энергаблок БелАЭС плануюць увесці ў прамысловую эксплуатацыю да канца года. На мінулым тыдні завяршылася комплекснае апрабаванне яго абсталявання.

«Усяго было праведзена больш за 400 розных выпрабаванняў. То бок, гэта адбываецца спектр выпрабаванняў у рамках правядзення працы абсталявання на этапе даследча-прамысловай эксплуатацыі», – заявіў міністр энергетыкі Беларусі Віктар Каранкевіч.

Паводле разлікаў «Росатаму» і Мінэнерга Беларусі, АЭС у Астраўцы з двума працоўнымі энергаблокамі будзе вырабляць каля 25 адсоткаў электрычнасці ў нашай краіне. Пры гэтым, паводле звестак «Белэнерга», у 2021 годзе першы энергаблок у дзень вырабляў 27 з паловаю мільёнаў кілават-гадзінаў (кВт⋅г) электрычнасці. Гэта складала амаль 29 адсоткаў ад штодзённага абʼёму вытворчасці электраэнергіі ў Беларусі. Калі паглядзець на агульныя абʼёмы вытворчасці электрычнай энергіі за ўвесь 2021 год, то яны склалі 36 мільярдаў 756,7 мільёна кілават-гадзінаў (кВт⋅г). Выпрацоўка першага энергаблоку БелАЭС склала амаль 16 адсоткаў ад агульнай вырабленай электрычнай энергіі ў краіне. Дык чаму тады цяпер два энергаблокі будуць даваць электрычнасці меней за адзін энергаблок?

БелАЭС. Крыніца: Minenergo_by / Telegram

«Мы ведаем, што першы блок працаваў вельмі ненадзейна і ён якраз і паказаў тое, што ён быў непрацаздольны прыкладна напалову ад абяцанага часу. Магчыма, вось гэтая розніца ў прагнозе і ў рэальнай выпрацоўцы звязана менавіта з тым, што першы энергаблок атрымаўся крывенькі і працаваў не так доўга, не так надзейна, як “Росатам” абяцаў», – патлумачыў расейскі фізік-ядравік Андрэй Ажароўскі.

Другім фактарам такой розніцы ў лічбах Андрэй Ажароўскі называе беларускую эканоміку. Калі БелАЭС будавалася, чыноўнікі абяцалі, што ў нашай краіне будзе расці прамысловасць, а разам з ёй – і энергаспажыванне. Аднак гэтага не адбылося. А вырабіць электрычнасці больш, чым яе можна спажыць, немагчыма. Пры гэтым прагназаваны цяпер адсотак выпрацоўкі электраэнергіі двума энергаблокамі станцыі – вышэйшы, чым у многіх краінах, якія развіваюць сваю ядравую прамысловасць.

«Кітай – каля 5 працэнтаў. Не 20, не 25, не 50 працэнтаў! Расея – каля 30 працэнтаў. Ва Украіне да вайны было каля 50 працэнтаў. У Францыі каля 70 працэнтаў. Але ў той жа час у Італіі 0 працэнтаў. У Літоўскай рэспублікі 0 працэнтаў. У Нямеччыне 0 працэнтаў», – распавядае Андрэй Ажароўскі.

Таксама эксперт нагадвае, што шмат краінаў у свеце выдаткоўвае сродкі, каб адмовіцца ад ядравай энергетыкі. Беларусі ж яшчэ трэба развязаць пытанне з захаваннем адкідаў адпрацаванага паліва ды вяртаннем расейскага крэдыту на пабудову самой станцыі.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»