Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн прыбыў у Ізраіль


Ён сустрэўся з прэм’ер-міністрам гэтай краіны Бэньямінам Нэтаньягу. Бакі абмеркавалі магчымую наземную аперацыю Ізраілю ў сектары Газа ды вайсковую дапамогу з боку ЗША.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Тэрарыстычная групоўка ХАМАС забіла больш за 1300 чалавек. У тым ліку 31 амерыканца. Яны ўзялі мноства людзей у закладнікі, у тым ліку дзяцей. Мне здаецца, Ізраіль, калі ён адказвае на гэтыя атакі, мусіць быць пэўным, што мае ўсё патрэбнае для абароны. І мы зробім так, каб гэта адбылося», – паведаміў Байдэн.

А вось перамовы Байдэна з прэзідэнтам Палестыны, кіраўнікамі Іярданіі ды Егіпту не адбудуцца. Прычына – выбух у шпіталі «Аль-Аглі» у сектары Газа. Байдэн упэўнены ў невінаватасці Ізраілю:

«Я глыбока засмучаны і абураны ўчорашнім выбухам у больніцы ў Газе, і зыходзячы з таго, што я бачыў, здаецца, гэта было зроблена іншаю камандай, а не вамі».

Сустрэча прэзідэнта ЗША Джо Байдэна і прэм’ер-міністра Ізраілю Бэньяміна Нэтаньягу ў Тэль-Авіве. 18 кастрычніка 2023 года.
Фота: President Biden / X.com

Выбух адбыўся ўвечары ў аўторак. У выніку будынак шпіталю на поўначы сектару Газа фактычна разбураны. Саудаўскі тэлеканал «Аль-Арабія» паведамляе пра вялікую колькасць ахвяраў – блізу 800 загінулых.

«Лічба 500 зʼявілася хутка, напэўна гадзіны не прайшло пасля выбуху. Гэта дзіўна, – мяркуе аглядальніца газеты «Коммерсантъ» на Блізкім Усходзе, аўтарка ТГ-каналу «Фалафельная» Марыяна Беленькая. – Ізраіль дагэтуль робіць падлікі сваіх загінулых яшчэ 12 дзён таму. Да таго ж ніхто не бачыў велізарнай колькасці трупаў. Гэта таксама выклікае сумневы, таму што палестынцы ніколі не скупяцца на дэманстрацыю ахвяраў».

Ізраіль раней заклікаў да эвакуацыі мірнае насельніцтва з паўночнай часткі сектару Газа. Тэрарыстычная групоўка ХАМАС была супраць. Цяпер яна абвінаваціла ў трагедыі Тэль-Авіў. Гэта ўжо выклікала хваляванні ў ісламскім свеце ды тых краінах Захаду, якія маюць вялікія дыяспары з Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі.

«З пачатку вайны ў многіх еўрапейскіх краінах узмацнілі ахову ізраільскіх пасольстваў, культурных цэнтраў. Так, ёсць пагроза таксама тэрактаў супраць габрэяў і ізраільцянаў, ёсць пагрозы вялікіх дэманстрацыяў. З пачаткам ізраільскай наземнай аперацыі іх можа быць яшчэ больш», – кажа Марыяна Беленькая.

Ізраіль жа кажа пра віну тэрарыстаў з арганізацыі «Ісламскі джыхад». Імаверна, выпушчаная яе баевікамі ракета выпадкова трапіла ў шпіталь. Акрамя таго, на спадарожнікавых здымках няма варонкі ад авіябомбаў, якія выкарыстоўвае Ізраіль. Ізраіль жа дэманструе перахопленыя перамовы баевікоў ХАМАС:

– Я кажу вам, што мы ўпершыню бачым падзенне такой ракеты.

– Вось чаму мы гаворым, што гэта належыць «Палестынскаму ісламскаму джыхаду».

– Што?

– Яны кажуць, што гэта належыць «Палестынскаму ісламскаму джыхаду».

– Гэта ад нас?

– Падобна на тое!

– Хто гэта кажа?

– Яны кажуць, што аскепкі ракеты – гэта мясцовыя аскепкі, а не падобныя да ізраільскіх.

Палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман не адкідвае і версіі свядомага знішчэння ХАМАС уласнага мірнага насельніцтва. Але, мяркуе эксперт, калі ХАМАС або «Ісламскі джыхад» нават і недатычныя да падрыву шпіталю ў Газе, яны б хацелі скарыстацца наступствамі гэтага. А значыць, адмяніць або прынамсі адкласці наземную аперацыю ў сектары Газа.

«Бамбаванні, якія вядзе Ізраіль па ХАМАС, знішчаюць тэрарыстычны патэнцыял гэтай арганізацыі. ХАМАС знаходзіцца ў вельмі кепскім стане і хоча перадухіліць наземную аперацыю любым чынам. Будуць вялізныя ахвяры з абодвух бакоў але ХАМАС не мае шанцаў у супрацьстаянні з Ізраілем», – упэўнены палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман.

Зрэшты, лічыць Аляксандр Фрыдман, аперацыя ўсё ж адбудзецца. Пытанне толькі ў часе. А пакуль спецслужбы, у тым ліку краінаў Захаду, праводзяць уласнае расследаванне атакі на шпіталь у Газе.

Ян Федаровіч, «Белсат»