Лукашэнка ўспомніў пра суверэнітэт


Як абараніць і палепшыць беларускую эканоміку, абмяркоўвалі сёння на нарадзе ў Лукашэнкі. Казалі і пра маёмасць замежнікаў з так званых непрыязных да рэжыму краінаў, і пра супрацьдзеянне вываду капіталу з краіны, і нават пра стварэнне супольна з Расеяй касмічнага апарату.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Прэферэнцыі, ільготы, інфраструктура. Лукашэнка пахваліўся найлепшымі, паводле яго, умовамі для замежных інвестараў. Ды чарговы раз прыгразіў бізнесам з гэтак званых непрыязных краінаў:

«Мы дамовіліся: ніякай маёмасці мы нікому не прадаём, не перадаём, калі ў выніку санкцый або іншых нейкіх прычын іншаземцы, якія тут маюць уласнасць, прадпрыемствы, кампаніі, пакідаюць наш рынак. Як я казаў, дасвідос, мы разбярэмся самі».

Казаў Лукашэнка і пра саюзныя дачыненні з Расеяй, падобных якім «на планеце ніхто не ведае і не ведаў». Пры гэтым заявіў, што, нельга прыціскаць інтарэсы дзяржавы. Паводле Лукашэнкі, у Крамлі прапаноўвалі стварыць адзіны мытны орган. Аднак ён ад такой задумы адмовіўся, бо Беларусь, кажа ён, незалежная дзяржава:

«Усялякае там плявузганне і пісаніна (я толькі што агляд прачытаў, што “ўсё, Беларусь губляе суверэнітэт”)… Мы нічога не губляем».

Але рэжым захоўвае сваю самастойнасць толькі ва ўнутраных пытаннях, мяркуе гісторык і палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман. Бо наўрад ці ў Маскве ўказваюць Лукашэнку, колькі беларусаў мусяць арыштаваць сілавікі і колькі трэба распачаць крымінальных справаў. Але ёсць сферы, у якіх апошняе слова за Крамлём.

Аляксандр Лукашэнка, Уладзімір Пуцін
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін падчас саміту ЕАЭС. Санкт-Пецярбург, 25 снежня 2023 года.
Фота: president.gov.by

«Я думаю, што ў пытаннях бяспекі і вайны Лукашэнка цалкам знаходзіцца пад кантролем Расеі і мусіць рухацца менавіта ў фарватары Расеі. Што тычыцца знешняй палітыкі, магчымых кантактаў з Захадам і іншае, то тут ён павінен азірацца на Маскву і ўлічваць тыя з’явы, тыя падзеі, якія зараз адбываюцца ў РФ», – адзначыў Аляксандр Фрыдман.

Што ж да эканамічнай сітуацыі, Расея – галоўны рынак збыту для рэжыму Лукашэнкі. Летась экспарт беларускай прадукцыі ў краіну-суседку перавысіў 60%. Лагістычныя і таварныя плыні ва ўмовах санкцыяў таксама перыарыентаваныя на Расею. Да таго ж існуе залежнасць ад крэдытнага падтрымання Крамля ды 28 саюзных праграмаў.

«Пра суверэнітэт можна казаць, калі б міжнародныя эканамічныя сувязі былі б добрыя, збалансаваныя, дыверсіфікаваныя. Калі б Расея была б адным з вонкавых партнёраў. А так зараз Беларусь – гэта прыдатак Расеі і гэта зроблена рукамі Лукашэнкі», – кажа публіцыст, спецыяліст у міжнародных эканамічных стасунках Алесь Чайчыц.

На тэрыторыі нашай краіны на пачатку года заставаліся каля дзвюх тысячаў расейскіх вайскоўцаў, паводле падлікаў праекту «Беларускі гаюн». Плюс – некалькі соцень наймітаў групы Вагнэра і тактычная ядравая зброя. Апошнюю Лукашэнка толькі лічыць сваёй – аднак кантроль над ёй захоўвае Расея, пра што неаднаразова заяўлялі ў Крамлі. На гэтым фоне Лукашэнка і раней неаднаразова сам сябе пераконваў у суверэннасці Беларусі.

«Гэта, так бы мовіць, завочная дыскусія, якую Лукашэнка вядзе са сваімі апанентамі і заходнімі аналітыкамі, якія сцвярджаюць, што ніякай самастойнасці ў яго няма. Ён мусіць падкрэсліваць, што ён галоўны чалавек. Ён робіць усё, каб пераважна на Захадзе з ім лічыліся і ўспрымалі як сурʼёзную фігуру, а не як марыянетку РФ», – дадаў Аляксандр Фрыдман.

Летась журналісты-расследавальнікі апублікавалі сакрэтную стратэгію Расеі для акупацыі Беларусі да 2030 года. Лукашэнка тады дапусціў, што такі дакумент існуе, але запэўніў, што расейцы настроеныя выключна на «мір і сяброўства». Аднак нават пры такім станоўчым сцэнары Крэмль будзе толькі ўзмацняць уплыў на нашую краіну, у тым ліку прасоўваючы ідэі «русского мира».

Ірына Юрʼева, «Белсат»