Кінафестываль «Лістапад» распачаўся ў Менску


Міжнародны кінафестываль «Лістапад» ужо 29-ы раз распачаўся ў Менску. Цырымонія адкрыцця адбылася ў Доме кіно, а конкурсныя паказы пройдуць у сталічных кінатэатрах «Піянер», «Цэнтральны» і «Беларусь». Колькасць заявак на ўдзел у фестывалі, што чвэрць стагоддзя быў сапраўднаю падзеяй для кінаманаў, рэкордная.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Пададзена 2087 заявак са 107 краін свету. Хацелася б сказаць, што гэта сведчыць пра аўтарытэт нашага кінафестывалю», – заявіў першы намеснік міністра культуры Валерый Грамада.

Як праглядзець 2087 стужак за адведзеныя на гэта 22 дні?

«Я не давяраю адбору сённяшняга “Лістапада”, бо кампетэнцыя людзей, якія займаюцца гэтым сёння, значна ніжэй, чым у папярэдняй дырэкцыі», – лічыць кінакрытык Ірэна Кацяловіч.

Думкі пра аўтарытэтнасць фестывалю Ірэна Кацяловіч таксама не падзяляе.

«Фестываль “Лістапад” быў такім арыентырам і маяком, па якім Беларусь станавілася больш бачнай, распазнавальнай і прыцягальнай краінай. Я думаю, што сённяшні “Лістапад” такую функцыю не выконвае», – дадае Ірэна Кацяловіч.

Паводле арганізатараў, абраныя работы мусяць папулярызаваць традыцыйныя духоўныя каштоўнасці і грунтавацца на прынцыпах гуманізму і маралі, закладзеных яшчэ ў савецкі час. Кінааглядальнік Тарас Тарналіцкі называе «Лістапад» «апендыксам» савецка-расейскай кінематаграфіі.

«”Лістапад” – гэта фактычна інструмент дзяржаўнай ідэалогіі рэжыму Лукашэнкі. Ён выконвае тую ж самую ролю, што і “Славянскі базар”. Гэта такая “мяккая дыпламатыя”. Нават калі не глядзець, якія стужкі нам паказваюць, можна паглядзець якія краіны ўдзельнічаюць у фестывалі», – лічыць кінааглядальнік Тарас Тарналіцкі.

Кінафестываль Лістапад
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Кінафестываль «Лістапад».
Фота: sputnik.by

Найбольш заявак паступіла з так званых сяброўскіх для Лукашэнкі дзяржаваў: Расеі ды іншых краінаў СНД, Ірану, Індыі, Бразіліі ды Кітаю. Агулам жа конкурсную палітру складаюць 80 кінакарцінаў, падзеленых на 5 праграмаў: анімацыйнае, ігравое і неігравое кіно, «Лістападзiк» і «Кіно маладых». Адкрые фестываль дэбютная праца рэжысёра Кірыла Халецкага – фільм «Кіношнікі». Па-за конкурсам пройдуць дні казахскага, расейскага і пакістанскага кіно. Пра мастацкую вартасць стужак спыталі ў кінааглядальніка.

»Гэта кіно, якое пазбаўленае праблемных пытанняў, пазбаўленае вострых вуглоў, сур’ёзнасці. Гэта рахманыя фільмы па змесце, каб у гледачоў не ўзнікала нейкай рэфлексіі. На гэта накіравана ўся селекцыя фестывалю», – дадае Тарас Тарналіцкі.

Таксама ў межах фестывалю гледачу пакажуць старыя савецкія фільмы: «Кін-дза-дза», «Міміно», «Староннім уваход забаронены». Пры гэтым сёлетні слоган фестывалю – «Ствараем будучыню».

Андрэй Сульжыц, «Белсат»