У свеце трымаецца надзвычайная спякота


Аранжавы ўзровень небяспекі праз спякоту сёння і такі ж прагноз, толькі ўжо праз грымоты, – на заўтра. Не толькі Беларусь пакутуе ад гарачыні. Тэмпературныя рэкорды ў Еўропе і ў Амерыцы. Як перажываць спякоту, каб не нашкодзіць здароўю?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

За выходныя ў Беларусі зліквідавалі 14 лясных пажараў агульнай плошчай тры гектары. У большасці выпадкаў іх прычынаю стала неасцярожнае абыходжанне з агнём. Спрыяе загаранню і сухое спякотнае надвор’е. Наведванне лясоў ва ўсёй краіне абмежаванае, а ў некаторых раёнах Берасцейшчыны, Гарадзеншчыны ды Віцебшчыны – увогуле забароненае.

Гараць лясы не толькі ў Беларусі. Цярпяць ад моцных лясных пажараў Кіпр, Турцыя і Харватыя, больш за чатыры тысячы асобаў эвакуяваныя праз маштабны пажар на канарскім востраве Ля-Пальма. Пажар там пачаўся ў суботу і да сёння яго не лакалізавалі канчаткова.

«Цяжка. Было складана праз пераменлівы вецер і праз спякоту апошніх дзён. Але мы трымаемся», – кажа прадстаўнік рэгіянальнай пажарнай службы выспы Ля-Пальма Хасэ Фэрнандэс.

Хваля спякоты абрынулася і на паўднёвую Еўропу. У Італіі, Грэцыі, Іспаніі тэмпература сягае рэкордных адзнак. Антыцыклон Харон уварваўся на кантынент з Паўночнай Афрыкі ў нядзелю і можа падняць тэмпературу ў некаторых частках Італіі вышэй за сорак пяць градусаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Andrea Piacquadio / pexels.com

«Больш горача ў параўнанні з мінулымі гадамі. Паранармальна. Мы гэта бачым, мы гэта адчуваем. Нават вада цяплейшая, чым у мінулыя гады».

«Вельмі горача, вельмі-вельмі горача. Мы адчуваем гэта штодня. Мы не ведаем, калі сыдзе спякота. Мы стараемся шукаць прахалоду і прыязджаем да мора», – дзеляцца адчуваннямі турысты ў Італіі.

Горача і ў Кітаі, і ў Амерыцы. Больш за сто мільёнаў жыхароў Злучаных Штатаў, што перавышае чвэрць насельніцтва краіны, сутыкнуцца гэтым тыднем з моцнаю спёкаю. У штаце Арызона тэмпература перавышае 43 градусы васямнаццаты дзень запар.

«Гэта падобна на вельмі сухі жар, напрыклад, нібыта вы стаіце побач з духоўкаю, у якой штосьці пячэцца. Але гэты жар ідзе з усіх бакоў», – кажа жыхар Арызоны.

У спякоту трэба асабліва дбаць пра сваё здароўе.

«У групе рызыкі – сталыя людзі з захворваннямі сардэчна-судзіннай сістэмы, цукровым дыябетам, людзі з празмернай масай цела. І дзеці», – пералічвае педыятарка Мая Церакулава.

Гарачыня небяспечная для чалавека, бо для падтрымання нармальнай тэмпературы цела трацяцца рэсурсы арганізму. Таму можа наступіць цеплавое знясіленне і нават цеплавы ўдар – стан, які патрабуе тэрміновай дапамогі лекараў.

«Пры цеплавым удары будзе страта свядомасці і блытанасць свядомасці, якая не аднаўляецца, магчымыя ваніты, дыярэя, такія прыкметы шокавага стану арганізму, частае сэрцабіцце, адсутнасць поту», – кажа Мая Церакулава.

Каб пазбегчы перагрэву, доктарка раіць шмат піць, найлепей – мінералку ці адмысловыя напоі для спартоўцаў. Знізіць фізічную актыўнасць і пры магчымасці заставацца ў прахалодным памяшканні або там, дзе ёсць добрая цыркуляцыя паветра.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»