Канаду ахапілі моцныя лясныя пажары, ідзе масавая эвакуацыя насельніцтва


З прычыны маштабных лясных пажараў у Канадзе, што гараць з 20 траўня, дым дабраўся да гарадоў на ўсходнім узбярэжжы ЗША. Ён зацягнуў Нью-Ёрк, Бостан, Філадэльфію, Вашынгтон і Караліну аранжавым туманам, паведамляе «Reuters». У самой Канадзе – больш за 400 агмянёў загарання, 239 з іх выйшлі з-пад кантролю.

Дым ад лясных пажараў на рацэ Заходняя Кіскэтына (West Kiskatinaw River), Канада.
Фота: BC Wildfire Service / AFP / East News

У Канадзе трываюць масавыя эвакуацыі насельніцтва, адселеныя ўжо больш за 120 тысячаў чалавек.

«Вельмі важна, каб амерыканцы, якія адчуваюць небяспечнае забруджванне паветра, асабліва людзі з хваробамі, прыслухоўваліся да мясцовых уладаў, каб абараніць сябе і свае сем’і», – напісаў прэзідэнт Джо Байдэн у Twitter.

У Нью-Ёрку і Вашынгтоне прыпынілі працу дзяржаўных школаў, а мэр Нью-Ёрку Эрык Эдамз папярэдзіў, што сітуацыя можа пагоршыцца, і заклікаў насельніцтва без неабходнасці не пакідаць дому. Мэр заявіў, што гараджане ніколі не перажывалі нічога падобнага і назваў сітуацыю беспрэцэдэнтнаю:

«Усім жыхарам Нью-Ёрку трэба абмежаваць перабыванне на адкрытым паветры ды, наколькі магчыма, заставацца ўдома. Людзі з праблемамі сэрца або дыхання, дзеці і асобы сталага веку могуць быць асабліва адчувальныя і мусяць пазбягаць перабывання на адкрытым паветры ў гэты час».

Цяпер Нью-Ёрк часова стаўся горадам з самым высокай забруджванасцю паветра, якасць якога ў ім стала горшаю з 1960-х гадоў. У горадзе адмянілі ўсе адпраўленні і прыбыцці самалётаў, паведамляе выданне «The New York Times».

У Белым доме заявілі, што адпраўляюць дапамогу Канадзе для барацьбы з ляснымі пажарамі. Паводле прэс-сакратаркі Карын Жан-П’ер, больш за 600 амерыканскіх пажарнікаў, абсталяваных спецыяльнай авіяцыяй, ужо дапамагаюць на месцах сваім канадскім калегам.

У Канадзе для гашэння маштабных пажараў прыцягнулі ўзброеныя сілы. Яны маюць кругладзённа падтрымліваць пажарнікаў, каб абараніць паселішчы правінцыі ад вогненнай стыхіі. У краіне сёлета выгаралі ўжо некалькі мільёнаў гектараў тэрыторыяў праз маштабныя лясныя пажары.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў