Рэпрэсіі супраць беларускае літаратуры працягваюцца


Двухтомнік беларускага паэта, драматурга і тэатральнага дзеяча Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча прызнаны рэжымам «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Раней такі статус атрымалі два вершы аўтара. Цяпер пад забаронаю фактычна ўся ягоная творчасць. Чаму рэжым не дае спакою не толькі сучасным пісьменнікам, але і класікам беларускае літаратуры?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Не менш за сто сорак дзевяць дзеячаў культуры – за кратамі, сто шэсць з іх прызнаныя палітычнымі зняволенымі. З пачатку гэтага года ў краіне зафіксавана больш як тысяча сто пяцьдзясят парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні працаўнікоў сферы культуры. Такія дадзеныя падае Беларускі ПЭН-цэнтр. Сярод найчасцейшых парушэнняў – права на справядлівы суд, доступ да правасуддзя і цэнзура.

Паводле словаў старшыні Беларускага ПЭН-цэнтру Таццяны Нядбай, найбольш часта цяпер выклікаюць за данаты, зробленыя яшчэ ў 2020-2021 гадах у фонды дапамогі ахвярам рэпрэсіяў.

Адзін з нядаўніх выпадкаў пераследу дзеячаў культуры – затрыманне бацькі беларускага пісьменніка Сашы Філіпенкі. Яго пакаралі трынаццаццю соднямі.

«Відавочна, што бяруць у закладнікі бацьку, каб я змоўкнуў, бо раней ужо былі сігналы, з ім размаўлялі і казалі, што я павінен замаўчаць», – кажа Саша Філіпенка.

Але не толькі сучасных дзеячаў культуры пераследуюць з палітычных матываў. Рэжым атакуе творчасць класікаў беларускае літаратуры, якія жылі стагоддзі таму. Гэтак, амаль уся творчая спадчына Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча літаральна пад забаронаю. 215-годдзе драматурга ва ўсёй краіне адзначалі на пачатку года. У ягоны гонар у Беларусі названыя вуліцы, тэатр, фестываль.

Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. 1863 год.
Фота: Антон Прушынскі

Як кажа Таццяна Нядбай, выпадак з Дунін-Марцінкевічам – адзін з найбольш кур‘ёзных выпадкаў, таму што гэта творы дзевятнаццатага стагоддзя. Двухтомнік, выдадзены дзяржаўным выдавецтвам, прызнаецца экстрэмісцкімі матэрыяламі – гэта фактычна дзяржава адмаўляе самую сябе.

Сёлета ў жніўні Генпракуратура прызнавала «экстрэмісцкімі матэрыяламі» два вершы Дунін-Марцінкевіча, а таксама прадмову да зборніку ягоных твораў аўтарства Язэпа Янушкевіча. А ў свежым спісе ведамства «экстрэмісцкімі матэрыяламі» назвалі адразу два тамы твораў класіка. А таму пад забарону трапляюць, у прыватнасці, класічныя «Пінская шляха», «Залёты», «Сялянка».

Паводле меркавання культуролага, даследніка літаратуры, рэжысёра Васіля ДранькоМайсюка, ідзе вялікае змаганне менавіта з польскімі дзеячамі, беларуска-польскімі, цалкам беларускімі. Якія жылі ў той перыяд, якія змагаліся супраць імперыі, за адрыў ад імперыі. А сёння Беларусь проста выконвае тое, што ёй загадае Усход.

Не толькі Дунін-Марцінкевіч, які пісаў свае творы ў дзевятнаццатым стагоддзі, стаў аб’ектам ідэалагічнага нападу. Днямі паступіла чарговая прапанова прарасейскай актывісткі Вольгі Бондаравай. Цяпер яна атакавала яшчэ аднаго класіка беларускай літаратуры, Уладзіслава Сыракомлю. Яе занепакоіў верш «Добрыя весці». Бо там – слова «маскалі».

Дамінка Кунцэвіч, «Белсат»