70 гадоў мінула з дня нараджэння легенды


70 гадоў таму нарадзіўся легендарны дынамавец Аляксандр Пракапенка. Памёр адзін з самых яскравых гульцоў у гісторыі беларускага футболу 35 гадоў таму. Але шмат якія заўзятары дагэтуль згадваюць ягоную гульню.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Пачаў кар’еру ў Бабруйску, у футбольным клубе «Будаўнік». У 17 гадоў стаў найлепшым бамбардзірам чэмпіянату БССР. І адтуль зрабіў вялікі крок у Менскае «Дынама» – галоўную каманду рэспублікі, што выступала ў чэмпіянаце СССР. Праз год Пракапенка забіў свой першы гол у найвышэйшай лізе.

«Вядома, ён не быў наймацнейшым футбалістам Савецкага Саюзу, таму што ён не забіваў сотні мячоў, як Блахін ці Пратасаў, але гэта быў унікальны футбаліст і для Беларусі. Гэта быў самы моцны гулец за ўсю, напэўна, яе гісторыю. Толькі Малафееў і Мустыгін маглі параўнацца з ім», – распавядае экс-дырэктар Дэпартаменту судзейства і інспектвання АБФФ Андрэй Чэпа.

У залатым сезоне 1982 года, калі менскае «Дынама» стала чэмпіёнам СССР, Пракапенка правёў 30 матчаў і адзначыўся адзінаццаццю галамі. А ягоны гол-шэдэўр, забіты пяткай у гульні супраць галоўнага канкурэнта – кіеўскага «Дынама», – лічыцца самым яскравым эпізодам таго чэмпіянату.

«Гэтаму чалавеку кепска гуляць не дазваляла сумленне». Так пра Пракапенку казаў Эдуард Малафееў, яшчэ адна легенда беларускага футболу. Аляксандр, якога ласкава звалі Пракоп, быў адзіным з менскіх дынамаўцаў, які трапіў у алімпійскую зборную на гульні 1980 года. Там ён стаў уладальнікам бронзавай узнагароды.

Аляксандр Пракапенка.
Фота: Facebook “ФК Динамо Минск”

«На стадыён “Трактар” у Менску прыйшло, мусіць, тысяч восем чалавек, бо ведалі, што будзе Пракапенка. Ён выйшаў на замену ў матчы супраць маскоўскага “Тарпеда” і забіў гол. Я яшчэ тады падумаў: на дубль прыйшоў амаль поўны стадыён. Проста гэта чалавек, які менавіта збіраў трыбуны. Пракапенка той – гэта Мэсі цяперашні», – падкрэсліў экс-дырэктар Дэпартаменту судзейства і інспектавання АБФФ Андрэй Чэпа.

Крыж на карʼеры Пракапенкі паставіла цяга да алкаголю. У 1983-ім футбаліст згуляў толькі 12 матчаў за «Дынама». А на наступны год трапіў у Лячэбна-працоўны прафілакторый. Пазней спрабаваў вярнуцца ў футбол, але не атрымалася.

«У той час у Савецкім Саюзе шмат людзей пакутавалі ад гэтага. Гэта ж не адзінкавы выпадак быў. Мне здаецца, што, мусіць, толькі ён сам сабе мог дапамагчы», – дадаў экс-дырэктар Дэпартаменту судзейства і інспектавання АБФФ Андрэй Чэпа.

Памёр Аляксандр Пракапенка маладым. Яму было ўсяго 35. У родным Бабруйску футбольны стадыён назвалі ягоным імем.

Павел Алейнікаў, «Белсат»