Аб'ектыў 21.03.2018 $ 150 – добры заробак. Маленькім гарадам – канец?


Некалі буйны населены пункт Падсвілле ў Глыбоцкім раёне на Віцебшчыне цяпер не налічвае і двух тысячаў жыхароў. Сярод мясцовага насельніцтва тут засталіся пераважна пенсіянеры. Моладзь з мястэчка з’язджае праз адсутнасць працы.

Заробак Br 300 у Падсвіллі лічыцца добрым

Але нават за меншыя грошы ўладкавацца на працу амаль немагчыма. З шасці прадпрыемстваў наплыву засталіся толькі Дзвінская лясная база і Глыбоцкая ПМК. Мясцовы ільнозавод, на якім у добрыя часы працавала каля 200 чалавек, цяпер закрылі. Вялікія страты ды скарачэнні зазнае і вінзавод.

«У каго кантракт сканчаецца, у каго – падыходзіць да пенсіі, усіх звальняюць: свабодны, не трэба. Такая ж самая амаль сітуацыя і на будаўнічай арганізацыі», – сведчыць былы прадпрымальнік з Падсвілля Мар’ян Місевіч.

Праз нястачу грошай у мясцовых закрываюцца крамы

Скарачэнне аб’ёмаў гандлю зазнаюць і прадпрымальнікі.

«Вось я быў прадпрымальнікам. Быў час, калі народ меў пэўную зарплату, і мог купляць у мяне запчасткі, інструменты прасцейшыя. А цяпер, хто будзе?», – даводзіць Марʼян.

У той жа час прыбыткі сёлета ў студзені паказалі толькі прадпрыемствы ў Менску і на Берасцейшчыне. Дык чаму пры нібыта агульным эканамічным росце ў краіне вытворчасць перабывае ў заняпадзе? Раптоўнага пагаршэння сітуацыі эканамісты не бачаць. Папросту страты сталі больш відавочныя праз новаўведзеную магчымасць спісваць у затраты амартызацыю і курсавыя розніцы.

Прычына для хвалявання – інвестыцыі ў нерэнтабельныя прадпрыемствы

«Старыя прадпрыемствы бяруць новыя грошы, укладваюць у тое, што яны дагэтуль рабілі, гэта можа даць эфект як анабалічны рост, але напрыканцы канцоў мы зноў сутыкнёмся з сітуацыяй, якая была 2010-11 гадах, калі і складскія запасы павялічваліся, і даўгі па заробках, і па падатках павялічваліся, мы будзем канстатаваць інвестыцыйную пастку, тое, пад што спатрэбяцца новыя вонкавыя крэдыты», – упэўнены эканаміст Яраслаў Раманчук.

Аднак нягледзячы на тое, што сітуацыя з прадпрыемствамі не выглядае лепш па ўсёй краіне, маленькія гарады ды вёскі застаюцца ў больш рызыкоўным стане, як тое ж Падсвілле, дзе жыхары выжываюць толькі за кошт натуральнай гаспадаркі.

Юлія Лабанава, «Белсат», фота: Viktor Drachev / TASS / Forum

Глядзі таксама
Каментары