Украіна, Малдова і Грузія ідуць у Еўразвяз


Гістарычныя падзеі вакол Беларусі. Украіне і Малдове застаўся ўсяго адзін крок ад таго, каб стаць паўнавартаснымі чальцамі Еўразвязу. А Грузія нарэшце стала краінай-кандыдатам. Крэмль і прапагандысты Лукашэнкі прадказваюць разбурэнне Аб‘яднанай Еўропы. Дэмакратычныя сілы Беларусі віншуюць суседзяў і вывучаюць досвед еўраінтэграцыі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Чаму грузіны спяваюць Еўрапейскі гімн у парламенце? Чаму кіраўнікі Грузіі, Малдовы і Украіны віншуюць сваіх грамадзянаў з перамогай? Бо адбываюцца тэктанічныя зрухі – іх краіны на адзін крок наблізіліся да Еўропы.

Вось што кажуць жыхары і госці Кіева:

«Я хацела б, каб Украіна была ў Еўразвязе, каб мае дзеці жылі ў Еўразвязе і не ведалі, што такое вайна. Без Еўразвязу вайна для нас можа паўтарыцца неаднойчы».

«Я вельмі пазітыўна ўражаны, бо гэта даказвае, што Украіна зрабіла цывілізаваны выбар, што нарэшце адарве нас ад Масквы. Украіна нарэшце далучыцца да сям‘і еўрапейскіх народаў».

Святлана Ціханоўская павіншавала суседзяў.

«Хачу павіншаваць Украіну і Малдову з пастановаю Еўразвязу пачаць перамовы пра далучэнне. Таксама віншую Грузію з атрыманнем статусу кандыдата. Мы вельмі чакаем таго дня, калі беларусы таксама змогуць вярнуцца ў еўрапейскую сям‘ю», – заявіла абраная прэзідэнтка Беларусі.

Крэмль асудзіў рашэнне, якое кіраўнікі дзяржаваў Еўразвязу прынялі на саміце ў Бруселі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Еўрапарламент. Крыніца: evo-news.ru

«Гэта абсалютна палітызаванае рашэнне, жаданне Еўразвязу дэманстраваць такім чынам сваю падтрымку гэтым краінам. Падобныя новыя чальцы фактычна могуць дэстабілізаваць Еўразвяз», – заявіў прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў.

Што ж адбылося насамрэч? У Еўразвяз уваходзяць 27 дзяржаваў. І ад сёння існуе не 8, а 9 краінаў-кандыдатаў, бо да іх далучылася Грузія. А з Украінай і Малдовай афіцыйна пачалі перамовы аб далучэнні.

«Снежаньскае рашэнне пазітыўнае, але ўсё пераходзіць яшчэ і ў сакавік. Там трэба будзе [яго] пацвердзіць. Бо Еўракамісія мусіць прадставіць сваю ацэнку, як гэтыя краіны выканалі свае 3-4 дадатковыя задачы, якія былі выдадзеныя кожнай краіне-кандыдату, і Украіне ў тым ліку», – патлумачыў у эфіры «Белсату» літоўскі еўрадэпутат з дэлегацыі ў сувязях з Беларуссю Пятрас Аўштравічус.

Кожная краіна, што хоча ўвайсці ў Еўразвяз, мусіць прайсці тры асноўныя этапы. Спачатку падаць заяўку на ўступленне і выканаць крытэры Еўракамісіі. Грузія цяпер тут. Потым ідуць перамовы аб сяброўстве: падрыхтоўка да выканання законаў і стандартаў Еўразвязу. Малдова і Украіна цяпер тут. І толькі потым далучэнне.

На кожным этапе еўраінтэграцыі сваё ўхваленне мусяць даць усе дзяржавы Еўразвязу.

«Гэтыя перамовы будуць трываць не адзін год. І будуць вымагаць ад нас сур‘ёзных крокаў і сур’ёзных зменаў, перадусім унутры Украіны. Я не адчуваю эйфарыі, але адчуваю радасць. Бо ў Еўразвязе ўсвядомілі, што без Украіны, ды, уласна, без Беларусі, Малдовы і краінаў Заходніх Балканаў завяршэнне еўрапейскага праекту будзе няпоўным», – падкрэслівае дырэктар Інстытуту сусветнай палітыкі Яўген Магда.

Усвядомілі, ды не ўсе. Далучэнне Украіны да перамоваў спрабаваў заблакаваць вугорскі прэм’ер Віктар Орбан, бо Кіеў нібыта не выканаў усіх патрэбных умоваў.

«Орбан, як вядома, сустрэўся з прэзідэнтам Еўракамісіі Урзуляй фон дэр Ляен, прэзідэнтам Францыі Эманюэлем Макронам і канцлерам Нямеччыны Олафам Шольцам, якія пераканалі вугорскага лідара змяніць сваю пазіцыю. І ў выніку Вугоршчына ўстрымалася ад галасавання», – распавядае кандыдат палітычных навук Станіслаў Жэліхоўскі.

Віктар Орбан – адзіны кіраўнік дзяржавы Еўразвязу, які асабіста сустрэўся з Пуціным пасля пачатку поўнамаштабнай расейска-украінскай вайны. Яго абвінавачваюць у захопе ўсіх галінаў улады ў Вугоршчыне і ў шэрых схемах бізнесу з Расеяй. За Орбанам Вугоршчына застаецца санкцыйным лабістам і пасярэднікам рэжыму Лукашэнкі ў Еўразвязе.

«Ён проста настроены супраць Украіны, бо ягоны сябар жыве ў Крамлі. Орбан яшчэ сябе пакажа, мы яго мусім успрымаць вельмі-вельмі сурʼёзна, як асноўную перашкоду на шляху да пашырэння Еўразвязу», – падкрэслівае Пятрас Аўштравічус.

Сёння Віктар Орбан наўпрост прыгразіў, што заблакуе новы пакет дапамогі Еўразвязу Украіне, пакуль Еўразвяз не выплаціць Вугоршчыне ўсе сродкі, заблакаваныя Еўракамісіяй. Орбан заявіў, што грошы на дапамогу пацярпелым ад вайны ўкраінскім гарадам – гэта грошы Вугоршчыны. Гаворка пра дзясяткі мільярдаў еўраў.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»