У Наваполацку ўжо тыдзень не спыняюцца затрыманні


Лукашэнкаўскія сілавікі затрымалі ў Менску дацэнта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту Аляксея Семянцова. Губазікаўцы прымусілі мужчыну прызнацца на відэа ва ўдзеле ў пратэстах 2020 года. Таксама Семянцова вінавацяць у «распаўсюджванні фэйкаў» за тое, што ён распавядаў сваім сябрам з Расеі пра сітуацыю ў Беларусі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

А ў Наваполацку ўжо тыдзень сілавікі не спыняюць масавых затрыманняў. Пад хапун трапляюць усе, хто мог быць знаёмы з былым працаўніком «Нафтану» Сяргеем Ерамеевым.

Масавыя затрыманні ў Наваполацку. Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтру «Вясна», сілавікі палююць на людзей, якія маглі б ведаць былога працаўніка «Нафтану» Сяргея Ерамеева. Раней яго затрымалі супрацоўнікі расейскага ФСБ. Затрыманых дапытваюць на паліграфе, некаторых пасля шматгадзінных гутарак дастаўляюць у суд, дзе выпісваюць адміністратыўныя арышты за быццам бы распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. У «Вясне» зазначаюць, што сілавікі пачалі «адпрацоўваць» магчымыя кантакты Сяргея Ерамеева яшчэ 8 снежня. Інфармацыі пра дакладную колькасць затрыманых і пра тое, ці адкрытыя супраць некага з іх крымінальныя справы, праваабаронцы пакуль не маюць.

29 лістапада на перагоне Ітыкіт-Акусікан падчас руху праз тунэль на Байкала-Амурскай магістралі загарэўся вагон грузавога цягніка, у склад якога ўваходзіла сорак адна цыстэрна з палівам, тры з авіяцыйным палівам і шэсць вагонаў з чорным металам.

Праз дзень на гэтым жа ўчастку Паўночнамуйскага тунэлю адбыўся другі падрыў грузавога цягніка, які рухаўся па аб’язным пуці. У выніку згарэлі чатыры цыстэрны з палівам.

Расейскія спецслужбы кваліфікавалі выбухі ў Паўночнамуйскім тунэлі БАМу як тэракт.

7 снежня ФСБ Расеі паведаміла пра затрыманне ў Омску падазраванага ў тэракце грамадзяніна Беларусі, былога працаўніка «Нафтану» Сяргея Ерамеева, які «даў прызнальныя паказанні аб працы пад кантролем украінскіх спецслужбаў».

Гомельскі абласны суд не задаволіў апеляцыйнай скаргі палітычнай зняволенай Паліны ШарэндыПанасюк, пакінуўшы ў сіле вырак першай інстанцыі – адзін год пазбаўлення волі нібыта за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі» зарэчанскай калоніі нумар 24. За незашпілены гузік робы ці сон у дзённы час палітзняволеная правяла сёлета больш за 200 дзён у штрафным ізалятары.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: pixabay.com

Гэта ўжо другі прысуд у дачыненні Паліны Шарэнды-Панасюк паводле артыкулу 411 Крымінальнага кодэксу, які падаўжае ейны час за кратамі. Цяпер тэрмін пазбаўлення волі для палітзняволенай складае агулам 4 гады.

«Пасля суду, у той жа дзень, прысуд уступае ў сілу. Гэта значыць, што ў той жа дзень (ці на наступны дзень) Паліну этапуюць у калонію. Гэтае рашэнне, гэты другі суд па 411-м артыкуле фактычна азначае, што тэрмін знаходжання Паліны пад вартаю стаў фактычна бясконцым. Дакладней ён скончыцца, толькі калі скончыцца рэжым Лукашэнкі», – распавядае муж палітзняволенай Андрэй Шарэнда.

Палітвязня Мікалая Казлова змясцілі ў памяшканне камернага тыпу – ПКТ. Палітыка, старшыню ліквідаванай Абʼяднанай грамадзянскай партыі асудзілі летась у лістападзе на два з паловаю гады пазбаўлення волі за ўдзел у Маршы новай Беларусі. Як паведамляе тэлеграм-канал «Рэальная Беларусь», у лістападзе адміністрацыя магілёўскай калоніі змясціла Мікалая Казлова ў ПКТ на 2 месяцы. Меркавана, палітзняволенага плануюць перавесці на больш строгі, турэмны рэжым.

МУС павялічыў гэтак званы спіс экстрэмістаў на 33 асобы. У пералік, у прыватнасці, дадалі грамадзянку Украіны Кацярыну Бруханаву, асуджанага за ахвяраванне беларускім добраахвотнікам праграміста Леаніда Райчонка і прадпрымальніка Валянціна Штэрмера. Цяпер у экстрэмісцкім спісе лукашэнкаўскіх сілавікоў – 3628 прозвішчаў.

Аляксандр Баразенка, «Белсат»