38 гадоў таму нарадзіўся 10-мільённы жыхар Беларусі


Беларусаў робіцца ўсё менш. 38 гадоў таму, 15 снежня 1985-га года, у Беларусі нарадзіўся 10-мільённы жыхар. Сёлета ж на пачатак года, паводле Белстату, у Беларусі жыло 9,2 млн чалавек. Змяншэнне насельніцтва – праблема не толькі нашае краіны, гэта цывілізацыйны трэнд.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«З павелічэннем узроўню адукацыі, асабліва жанчын, урбанізацыі (а Беларусь – урбанізаваная краіна) яны менш нараджаюць – і так паўсюль, па ўсім свеце», – кажа кіраўніца даследчага цэнтру «BIPART» Наталля Рабава.

Нараджальнасць у Беларусі пачала зніжацца пасля распаду Савецкага Саюзу. Для параўнання, у 1990-м нарадзілася больш за 142 тысячы дзяцей, а праз дзесяць гадоў – менш за 94 тысячы. Калі лічбы зрабіліся асабліва нізкімі, у 2002 годзе ўрад прыняў закон «Аб дэмаграфічнай бяспецы». Гэта прывяло да паступовага выпраўлення сітуацыі. Найвышэйшы паказнік быў у 2015-м, калі нарадзілася 119 тысяч дзетак.

З 2019-га дэмаграфічную статыстыку Белстат засакрэціў, але звесткі ўсё адно дзе-нідзе з’яўляюцца.

«Прыкладна мы маем штогод падзенне нараджальнасці 10 адсоткаў. І ў 2019-м, і ў 2020-м, і ў 2021-м, і ў 2022-м», – такія лічбы назвала намесніца дырэктара РНПЦ «Маці і дзіця» Алена Гашкевіч у эфіры тэлеканалу СТВ.

Паводле падлікаў тэлеграм-каналу «Белыя халаты», у 2022 годзе ў Беларусі нарадзілася каля 68,5 тысяч дзяцей.

«Каб жанчыны больш нараджалі, трэба або вяртацца да дамастрою нейкага, або патрэбная вельмі складаная і дарагая палітыка для стымулявання менавіта сучаснай партнёрскай сямʼі, напрыклад, як у Скандынавіі робіцца», – кажа Наталля Рабава.

Лукашэнкаўскія ўлады праблему бачаць, але развязаць яе спрабуюць акурат вяртаннем да дамастрою: дэкларуюць традыцыйныя каштоўнасці, ладзяць імпрэзы разам з Праваслаўнаю царквой і ледзь не загадваюць нараджаць дзяцей.

Дзеля падвышэння нараджальнасці ў краіне дзее шэраг праграмаў. Гэта і штомесячная дапамога на дзяцей, і мацярынскі капітал, і льготныя іпатэкі. Але інвеставаць у дзяцей трэба не толькі грошы, падкрэслівае акадэмічны дырэктар «BEROC», эканаміст Леў Львоўскі:

«Калі вы сучасныя бацькі, якія клапоцяцца пра сваю карʼеру, вам складана будзе ў Менску знайсці яслі і аддаць сваё дзіця з аднаго года, як гэта робіцца ў большасці краінаў».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Школьнікі Беларусі. Горадня, Беларусь. 1 верасня 2021 года.
Фота: Белсат

Насельніцтва можа прырастаць не толькі коштам нараджальнасці, але і коштам міграцыі. Менавіта гэтым спосабам улады скарысталіся ў 2014-м, калі пачалася вайна ва Украіне, нагадвае рэдактар «Беларусского ежегодника» Вадзім Мажэйка:

«Тады сапраўды на хвалі вайны і міграцыі з Украіны вялікай колькасці людзей (што праўда, пераважна з усходняй Украіны, расейскамоўных), так, удалося прыцягнуць мігрантаў у Беларусь. І тады нават пазітыўныя дэмаграфічныя тэндэнцыі назіраліся. Упершыню за шмат гадоў у 2014-м ці 2015-м быў прырост насельніцтва ў Беларусі».

У сённяшніх рэаліях, калі рэжым выступае суагрэсарам у вайне супраць Украіны, гэтая схема не працуе. Няма ў краіне і праграмаў для прыцягвання замежнікаў. Больш за тое, тэрор уладаў у дачыненні ўласных грамадзянаў прыводзіць да таго, што ўсё больш беларусаў зʼязджае з краіны.

«Значная частка людзей мігруе з палітычных прычынаў, таму што баіцца сесці ў турму. Нейкая частка эмігруе, бо не хоча жыць пры гэтай палітычнай і эканамічнай сістэме. І калі не можа яе памяняць у Беларусі, то абірае мяняць сваю лакацыю», – кажа Вадзім Мажэйка.

Сёння дэмаграфічныя прагнозы для Беларусі несуцяшальныя. І пік пагаршэння чакаецца праз два дзясяткі гадоў.

«Да таго моманту нашае насельніцтва моцна пастарэе. Калі цяпер у нас сорак людзей пенсійнага ўзросту на сто працаздольнага ўзросту, то да сярэдзіны стагоддзя гэтая лічба павялічыцца больш як у паўтара разу», – кажа Леў Львоўскі.

Старэнне грамадства можа прывесці да дадатковых праблемаў у эканоміцы, кажа эксперт. Больш сродкаў будзе выдаткоўвацца на пенсіі, а рынак працаўнікоў не толькі паменшае, але зробіцца і менш гнуткім, бо з узростам людзям цяжэй перавучвацца.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»